— Ведай нашых, — засмяяўся Высоцкі. — Падманулі мы ўсё ж яго.
— Совы — сімвал мудрасці.
— Значыць, і мудрасць падманулі.
— Не заўсёды гэта канчаецца дабром.
— У жыцці вельмі многае не канчаецца дабром. — паціснуў плячыма. — І скажыце вы. Усе гэтую няпэўную гісторыю памінаюць. А я яго толькі раз бачыў на дні нараджэння брата (заскочыў Крыштоф на гадзінку), а вось брата гэтага, Уладка, якога немцы за падполле расстралялі, ніхто і не ўспомніць.
— Людская ўдзячнасць.
— Ну людскую ўдзячнасць і ўзаемадапамогу мы ведаем: «Як п'юць ды ядуць, дык нас не завуць. А як с…ць і д…ць, дык нас ішчуць».
— Гэ-э, браце, плюнь. З часам усё-ўсё ўсплыве наверх. — Вознік пакасіўся на мяне, але нічога не сказаў.
РАЗДЗЕЛ III ПЕРАД ВАЧЫМА КАХАННЯ, ВАЧЫМА ВАР'ЯЦТВА І СМЕРЦІ
У тыя наступныя дні зачасцілі да мяне ў маю «плябанію» госці. Часцей за ўсё Шаблыка са Змагіцелем, часам археолагі ў поўным ці частковым складзе. Бывала, што на культурную бяседу з'яўляўся дзед Мультан (адзін або са Стасікам і Васількам). Разы два ці тры наведваўся наш ксёндз.
У той вечар кампанія сабралася ў поўным складзе. На бервяне, што замест прызбы ляжала ля «нашых» дзвярэй у «плябанію», размясціўся худзенькі «Волат» («Наша таўстуха Валянціна»), «бяляначка і замазурачка». Таня Салей з Тарэсай Гайдучык, сама Сташка Рэчыц ды Шаблыка са Змагіцелем. Дзеду Мультану і ксяндзу я вынес крэслы, а мы з Генкам Седуном не без выгоды размясціліся проста на траве. Я паспеў ужо расказаць ім аб такіх-сякіх рэзультатах пошукаў, абмінуўшы, вядома, самае важнае. У прыватнасці, чамусьці пра Лапатуху, пра братоў Высоцкага і, вядома ж, пра цень, які падаў на айца Леанарда Жыховіча, прысутнага тут.
Гамарня была як на кірмашы. Атрымалася нешта накшталт сярэдневяковага дыспуту: кожны высоўваў свой тэзіс, а ўсе накідваліся на яго са сваімі антытэзамі, кожны быў як бы «адвакатам д'ябла», асобай, неабходнай на кожным сярэдневяковым дыспуце (не выключаючы і Беларусі), асобай, якая павінна была абвяргаць кандыдата, скажам, у бакалаўры, рознымі падступнымі і нават недазволенымі, ерэтычнымі пытаннямі. Дапусцім, кандыдат высоўваў тэзу аб тым, што зачатак Марыяй Хрыста быў незаганны і нявінны і што ў дзень успення (15-га, значыць, а па-новаму 28 жніўня) яе, яна адышла цнатлівай. На гэта «адвакат д'ябла» ставіў яму недазволеную падножку, за якую, каб гэта не на дыспуце, — гарэць бы «адвакату» на вогнішчы або сядзець у каменным мяху год і шэсць тыдняў* (вядома, калі ў месцы суда быў каменны мех, а то пайшоў бы бяскарна).
* За рэдкім выключэннем (чалавек быў «сцягам» нейкай апазіцыйнай групы ці руху) чалавека нельга было ў сярэднявечнай Беларусі замкнуць больш як на год і шэсць тыдняў. Езуітызм суддзяў часам выяўляўся ў тым, што пакараць смерцю па тых ці іншых прычынах нельга было, а год і паўтара месяца так званай горнай вязніцы было замала. Калі злосць была асабліва вялікай — садзілі ў вязніцу — яму ў дванаццаць локцяў ад акна, праз якое спускалі вязня, а пасля — скупую ежу. Голад, вільгаць, вечная цемра рабілі тое, что чалавек выходзіў адтуль праз год і шэсць тыдняў часцей за ўсё зламаны здароўем, часам звар'яцелы, а бывала — сляпы.
Дыялог між іх мог бы адбыцца такі:
Дыспутант:«…і ва ўспенні была цнатлівай».
Адвакат д'ябла:Не, былі ў яе пасля браты Хрысту. «Маці і браты яго стаялі вонкі ля лома, жадаючы гаварыць з ім»… (Мацея 12,46).
Дыспутант:Тут маюцца на ўвазе аднадумцы, браты па ідэі.
Адвакат:Не, ілюстрысіме. Крыху далей «І паказаўшы рукою… на вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае» (Мацея 12,49).
Дыспутант:Магчыма, і тыя былі «браты па ідэі» (пачынае запінацца), але менш пасвечанымі, другога гатунку перад вучнямі.
Адвакат(поўны трыумфу): А як тады зразумець крыху далей у таго ж Мацея (13, 54-57), што, калі Хрыстос прапаведаваў у сінагозе ў Бетлеме Юдэйскім, усе здзіўляліся і казалі: «…адкуль у яго такія прамудрасць і сілы? Ці не цесляў ён сын? Ці не яго маці завецца Марыя, і браты яго Іякаў і Іёсі і Сымон і Іюда? І сёстры яго ці не ўсе паміж нас? Адкуль жа ў яго ўсё гэта? І спакусіліся аб ім». І ў пакаранне за іхняе бязвер'е Ён не стварыў там шматлікіх цудаў. «Не бывае прарока ў сваёй айчыне».
Дыспутант(прыперты да мура, але пагрозліва): Дык ты ў догмат непарочнасці Дзевы Марыі не верыш?
Адвакат д'ябла(спалохана): Не, не. Лічу, што варты ступені бакалаўра, а пытанне хай вырашаюць на вышэйшым узроўні.
Читать дальше