— Алібі, — сказаў Альшанскі.
— Во-во. Яны ж зноў у Езна ездзілі.
— Правільна, — сказаў старшыня. — Нарад быў.
Мы выйшлі праз браму, і адразу стала нібы лягчэй дыхаць. Я сказаў пра гэта.
— А вы падзякуйце ўсім, хто тут стагоддзямі гной капіў, — кінуў Шаблыка. — І панскаму, і чатырохногаму калгаснаму.
— Ён не пра тое, — сказаў «каўбой». — Маральна, як кажуць, тут стала лягчэй дыхаць. Жывыя людзі. Жывуць, смяюцца, працуюць. А нехта калі, часам, і ў вуха дасць, то й тое лягчэй.
Зноў трэ было пераводзіць размову на іншае. І я, як заўсёды, зрабіў гэта няспрытна:
— Чаму гэта, Нічыпар Сяргеевіч, у вас прозвішча такое? Вы што, з тых Альшанскіх?
— Гэ-э, не абражайце, — сказаў здаравенны, як конь, старшыня. — Што, я падобен?
— Ды звонку не.
— Па-вулічнаму яны «Шаўцы», — умяшаўся прыгорблены дзед Мультан.
— Так, — сказаў той. — Але, самі ведаеце, паны часам свае прозвішчы прыгонным давалі, каб адрозніць. Ну і дзеля смеху давалі. Дакументаў не было. Ну й вёска з часам звыкнула.
Археолагі на чале са Сташкай накіраваліся на сваю Белую Гару (дай ім бог, каб ім там болей пашанцавала, чым гусітам на Белай Гары і сербам на Косавым полі), а мы пайшлі міма млына да вёскі. І тут зноў нарваліся на сцэну з «Барыса Гадунова». Ля грэблі сядзеў у атачэнні сваіх псоў увесь белы, напудраны мукою, як П'еро, Людзвік Лапатуха ў славутай сваёй кепцы і, заўважыўшы нас, пачаў, невядома ў каго, торкаць пальцам:
— Жывы? — Мяне аж прамарозіла, калі я ўспомніў начную брылу каменя. — У цябе ж кроў з грудзей. Як у Ганчаронка. Як у фурмана. Сам бачыў у іх, сам… Уваскрос? Пярэварацень. Ваўкалака.
— Што гэта з ім? Нашто на нас?
Мы ўжо мінулі яго, і тады Альшанскі крэкнуў і паклікаў да сябе мажную румяную кабетку.
— Наш загадчык медпункта. Ану, растлумачце, Агатка, што то такое Лапатуха. А то ён, Косміч, нешта на ўсіх касавурыцца пачынае.
— Сапраўды, на жаль, вар'ят, — з харошай сумленнай усмешкай сказала яна. — Камісія пасля вайны была. І два гады назад. Няшкодны толькі вар'ят.
Я падумаў, што калі тая брыла «няшкодная», то які чэрап павінен мець чалавек, каб гаварыць аб «шкоднасці». І яшчэ падумаў, што я не веру ў яго вар'яцтва. Бо адкуль ведаў пра кроў? І яшчэ, калі ён і сапраўды вар'ят, то ведае аб нечым болей, чым мы, нармальныя. І маўчыць. Ці не можа сказаць.
Ішлі далей. І тут Альшанскі мяне здзівіў: рэдка калі мне даводзілася чуць у чалавечым голасе такую шкадобу і такое спачуванне:
— На жаль, сапраўды не ў сабе чалавек. І, на жаль, сапраўды пасля нечага страшнага… І адкуль такая жорсткасць у некаторых дзяцей? Гульня ў вайну. І адзін на гэтага няшчаснага «стрэльбу» навёў. Дык той заплакаў: «Хлопчык, не трэба».
— Ну і што?
— Лупцоўку вісусу даць давялося, хаця і апошняя гэта справа.
Праз некалькі хвілін мы разышліся. Я пастаяў, пачухаў макітру і нічога разумнейшага не прыдумаў, як накіравацца да чарговага «сумніцельнага» ксяндза. Ну ясна, каго ж падазраваць, як не ксяндза? І, ясна ж, прыйшоў якраз у час. Айцец Леанард Жыховіч вёў бяседу, амаль хатнюю і душакарысную, з дружкамі і будучымі маладажонамі («Хай жэняцца, больш старцоў будзе», — сказаў бы мой гаспадар Вячорка), тлумачыў ім нешта накшталт таго, што яны павінны ўсур'ёз падумаць, пакуль не позна, бо касцёл разводу не прызнае і, значыць, гэта на ўсё жыццё. Тут я згадзіўся з ім. Сапраўды, няма чаго заводзіць валынку наконт вяселля, калі гэта на адзін месяц. На адзін месяц — можна не турбаваць ні загс, ні свяшчэнніка. Бывае і так, але лепей не варта.
Я паплёнтаўся да выхаду, прочкі, і тут зноў задумаўся, каго мне нагадвае статуя з зялёнага мармуру, падобнага на нефрыт.
Так і не дадумаўся. А на мяне, на надгроб'е, на ксяндза і іншых глядзеў драўляны старадаўні свенты пакутнік Себастыян, працяты шматлікімі стрэламі, які, здаецца, не канаў, а знаходзіўся ў стане найвышэйшага, з усіх вядомых, чалавечага экстазу.
Рабіць мне, пакуль тое, не было чаго, і я пачаў блукаць па вёсцы, як Марка па пекле, тым болей што было цёпла і раскошнае, яшчэ не запыленае, першае лістоцце аж свяцілася, нібы ў сярэдзіне кожнага дрэва быў схаваны моцны тэатральны ліхтар.
Але я і так зацягнуў «казань». Таму дазвольце — пункцірам. Убачыў я «каўбоя» Змагіцеля, які спускаўся з Белай Гары са Сташкай і — гэта мяне чамусьці прыемна ўразіла — чародкай дзяцей. І ўсё ж я змрочна сказаў:
— Дзень школьны. Час школьны. Чаго вы адтуль?
— Вольных было чатыры гадзіны, — усміхнуўся «каўбой». — «Вокан» нарабіў завуч, чорт такі. Пайшлі на раскоп. Вершы чыталі.
Читать дальше