«Марыначка, цётачка! Ты ж у мяне ведаеш, як мне цяжанька пісаць, які я лайдак. Іншая справа званіць, але званіў я і не дазваніўся. Пасля толькі зведаў аб Койданаўскім вяселлі і што вы там былі. Засумаваў я па табе і тату. Калі ён забыў усе словы, акрамя «запселі яны, седзячы ў горадзе» і «прыязджай, паловім рыбу», то хаця ты бяры лахі пад пахі і прыязджай на мяне. Як атрымаеш ліст, то каб назаўтра я цябе ўбачыў. Пагаворым, у тэатр на новую п'есу сходзім. Страшэнна цікава! А то баюся, раптам здарыцца нешта, пашлюць некуды, і тады да лета не чакай. Праўда, вазьмі і прыкаці. Ты ж зараз маеш час. Заадно я дадумаўся купіць вам сёе-тое Прыязджай, скажам, 12-га, у 11 гадзін цягніком. І не чакай доўга. Пад'еду з машынай. Праўда, у чам справа? Давай тэлеграму, калі прыедзеш крыху пазней. А то ў вас з раніцы работа, і ўдзень, і ўвечары работа. Я вас ведаю.
Справы мае з новай кнігаю пайшлі на лад. І так раптам здарылася ўсё! Памаглі рэцэнзіі, дай бог здароўя Пятроўскаму і Клецкіну. Так што, дазвольце далажыць, цалую цябе пяшчотна і застаюся твой пачцівы пляменнік
Антон»
Ф-фу-у! Вось жа і люблю я цётку, і гаварыць з ёю адна асалода, а пісаць гэтыя словы, што сказаў бы вусна, — зарэз.
Я адклаў ліст, згасіў настольную лямпу. Зноў перагартаў «Кнігу» Пташынскага і надумаўся раптам, што не трэба яе пакідаць на вачах.
Нібы Мар'янава падазронасць заразіла і мяне. Таму я ўзяў цяжкі том і панёс да сакрэтэра.
У мяне мала старых рэчаў, не тое што ў Мар'яна, але нават Мар'ян зайздросціць майму сакрэтэру. А я ганаруся ім. Самы пачатак XIX стагоддзя. Вар'іраваны мясцовым прыгонным майстрам да непазнавальнасці ампір. І варыяцыі тыя зрабілі ампір, калі гэта толькі магчыма, яшчэ больш высакародным. Строгія формы, прадуманасць кожнай дэталі, разлічаная зручнасць і прыгажосць. Чорнае дрэва і самшыт, вельмі скупа інкруставаныя маціцай. І толькі адкінеш дошку — устае перад вачыма вясёлка: матылі над стылізаванымі палявымі кветкамі. Колькі я памучыўся, пакуль, ледзь не з груды ламачча, аднавіў яго.
Але галоўнае не гэта. Галоўнае — тайнік, які я сам выпадкова знайшоў толькі з год назад. Вось націскаеш на пласцінку ля замка, падаеш яе наперад, а пасля налева, і папаўзла ўбок задняя сценка аддзялення для папер. А калі пры гэтым націснуць на сярэдняга матыля — адкрыюцца бакавыя тайнікі, дужа ёмістыя.
Там можна хаваць лісты, дакументы і ўсё такое. Туды я зараз паклаў Мар'янаву кнігу. Не трэба, каб яе бачыла болыпая колькасць людзей, чым тое неабходна. Ну і потым у мяне «павялі» досыць многа кніг. Ад «Сатыра» Каханоўскага да «Віна з абудванчыкаў» Брэдберы. «Павялі» нават беларускі том «Жывапіснай Расеі», нягледзячы на гіганцкія памеры. Калі нехта «пазычыць» і гэта — будзе кепска. Як тады глядзець Пташынскаму ў вочы і ў каго свае вочы пазычыць. А такіх ахвотнікаў на «позаимствование без срока» ў нас усё болей і болей. І нават суда на іх няма, гадаў.
Я схаваў кнігу, зачыніў тайнік. І добра зрабіў. Бо адразу заліўся дзвярны званок, і з'явілася «мая былая любоў» Зоя Пярэрвенка ўласнай персонай. З'явілася, пасля таго як два месяцы носа не казала, і я ўжо думаў, што не зойдзе ніколі.
Пакуль я ставіў — на столік бутэльку «Немеш кадара», яблыкі і яшчэ сёе-тое, пакуль уключаў ніжняе святло і гасіў верхняе, мы абмяняліся не больш чым дзесяткам стандартных сказаў: як жыццё, што там да чаго, як са здароўем (гэта ў яе дваццаць восем!). І толькі пасля першага келіха я сказаў:
— А я думаў — усё.
— Яно і ёсць усё. Няма чаго цягнуць далей, калі ты такі ўжо сумленны.
Сумленны не сумленны, але я, калі ў першы наш вечар уся кампанія пайшла ад мяне, а яна засталася, і не пайшла да раніцы, і пасля заставалася амаль кожны вечар на працягу чатырох месяцаў, я тады, дальбог, не ведаў і нават падумаць не мог, што яна замужам. Наадварот, з гэтых яе паводзін несумненна вынікала, што яна адна. Чорт бы пабраў гэтых мужоў, што ездзяць на сем месяцаў у экспедыцыі, ды яшчэ туды, куды нават няшчасны Макар не ганяў сваіх не менш няшчасных цялят.
Выплыла ўсё толькі тады, калі я прапанаваў ёй паехаць на поўдзень, а пасля падумаць і аб нечым больш «сур'ёзным». Тут яна мне пра ўсё і расказала і як гэтае найлепшае, сур'ёзнае прапанавала часам заходзіць нават тады, калі вернецца муж. Я толькі крэкнуў. І, можа б, нават і згадзіўся, таму што паспеў дужа прывязацца да яе. Але было нельга. Бо самым найвялікшым маім свінствам ва ўсёй гэтай гісторыі было тое, што я цудоўна ведаў яе мужа, Косціка Красоўскага. Цудоўнага хлопца, вернага сябра сваім сябрам, шырокага, незалежнага, душу ўсякай кампаніі, аматара пагуляць, сумленнейшага палеантолага і дабрэннага чалавека. Такога пакрыўдзіць — гэта павесіцца пасля трэба.
Читать дальше