— Паршывы беларускі рамантызм і гафманізм мы ў іх насадзілі, — сказаў я. — Але ў чым справа? І чаго ты той кантычкай у мяне пад носам махаеш?
— Адчуванне ад Альшан, — нібы асекшыся, сказаў ён і пачаў чытаць.
Сто разоў з таго часу перачытваў я гэтую легенду, напісаную наіўным і ўзнёслым стылем рамантыка (харошыя яны былі людзі, сумленныя аж да святасці, чыстыя да апошняга, не даносчыкі, не паршыўцы!). Сто разоў учытваўся ў радкі, то няладныя, а то й зусім някепскія. Нават, для зручнасці, пераклаў усё гэта на сваю мову, дарма што з юнацтва не пэцкаў рыфмамі паперу. Я і зараз падам яе вам у гэтым каструбаватым перакладзе. А тады я слухаў яе ўпершыню.
Чорны замак Альшанскі. Месяц нырае ў хмарах.
Вежы туманныя ў змроку сны аб мінулым мараць.
Слухаюць вецер золкі, вой далекі ваўчыны,
Слухаюць, як на мурах са страху трасуцца асіны…
У, як ціха і мёртва! У, які змрок глыбокі!
Ціха! Ты чуеш здалёку ў аркадах бязгучныя крокі!
Кожную поўнач такую ў замку, што стыне ад жаху,
Па галерэях праходзяць дама з чорным манахам.
Далей быў звычайны рамантычны сюжэт, для нас ужо ў чымсьці дзяціны. Высакародны разбойнік з багатага, даведзенага да галечы роду зрабіў замах на жонку альшанскага князя. Тая таксама кахала яго. Князь быў скупы і жорсткі стары звер — па ўсіх канонах гэтага жанру.
Каханкі, забраўшы казну, уцяклі з замка. Князь пагнаўся за імі і забіў. І вось іхнія прывіды ходзяць пад аркадамі замка, чула і цяжка ўздыхаючы і палохаючы стогнамі добрых людзей.
— І што, праўда гэта? — спытаў ён, скончыўшы.
— А чорт іх ведае, — сказаў я, — гэтых рамантыкаў. Што, была на свеце Гражына? Ці горад на месцы Свіцязі?
— І цябе нічога не насцярожыла? — ён дапытліва глядзеў мне ў вочы.
— Насцярожыла, — сказаў я.
— Што?
— Адзіная рэальная дэталь. Тое, што княскую казну пабралі. Неяк такі ўчынак з рамантычнай паэтыкай не вяжацца. А ўжо да іхняга маральнага кодэкса — ані божа мой!
— Пр-равільна! — ляснуў ён мяне па плячы. — Разумнік! Сапраўды, як на рамантыка, то гэта хаця й пачварная, а рэалія. А калі так, то чаму б не быць праўдаю і ўсёй легендзе?
— І прывідам? — паддзеў я.
— Прывіды таксама ёсць на свеце, — пазмрачнеў ён. — Іх болей, чым мы думаем, дружа.
Ён закурыў. На гэты раз па-сапраўднаму, зацягваючыся. Я таксама выцягнуў з надрэзанай пачкі цыгарэту.
— Дык вось, — сказаў ён. — Я пачаў правяраць. І, самае дзіўнае, падобна тое, што наш паэт, як на легенду, не дужа і нахлусіў. Пастарайся слухаць мяне ўважна.
За акном ляжала шэрая пустка з рэдкімі бадыллямі бур'яну на ёй.
— Ты, мабыць, не ведаеш, што Альшанскія былі ледзь не самым багатым родам у Беларусі. Але толькі пэўны перыяд. Прыблізна сто год. Да гэтага часу і пасля яго — ну звычайная магнацкая фамілія, як усе. Але ў гэтае стагоддзе — крэзы, якія пабівалі багаццем самога караля.
— З чаго тое стагоддзе пачалося?
— З 1481 года. Ану, што за год?
Была ў нас такая гульня, ад якой іншы чалавек пасінеў бы. Так проста, бы з яра ў ваду, задаваць адзін аднаму пытанні накшталт таго, на якіх мовах быў напісаны бехістунскі надпіс (старажытнаперсідскай, эламскай і вавілонскай) або якога колеру былі выпушкі ў інжынерных войсках пры Мікалаі Першым (чырвоныя).
— Кішкі ў вас слабыя, дзядзька Мар'ян, — сказаў я. — Гэта год змовы Міхайлы Алелькавіча, князя Слуцкага і яго стрыечніка Хвёдара Бельскага.
— Правільна. І іншых, сярод якіх Пятро Давыдавіч, князь Альшанскі. Што далей?
— Ну-ну, хацелі яны вялікага князя Казіміра на смерць прыправіць і самім правіць краінай. А як ужо не пашанцуе, то ўзняць край і трымацца да апошняга. А як і гэтага не атрымаецца, то з усімі сваімі ўладаннямі ад княства адсесці і шукаць падмогі ў Масквы.
— Так. І чым гэта скончылася?
— Змову раскрылі. Паляцелі галовы. Каго ў цямніцы прыдушылі, каго на плаху пры паходнях, каго, прасцейшага, на палю. Сотні ахвяр з тых людзей, што хацелі самастойнасці. Бельскі Хвёдар Іванавіч, кінуўшы ўсё, уцёк у Маскоўшчыну да Івана Трэцяга і прынёс яму ў «пасаг» «северскія землі».
— А іншыя землі куды падзеў? — іранічна спытаў Мар'ян.
— Ну не ў кішэні ж панёс. Кінуў.
— Вось яно як, — сказаў Мар'ян. — Палі, плахі, прэнг. А хто з галоўных змоўшчыкаў застаўся?
— Валі.
— Альшанскі застаўся. Адзін з усіх. Адзін з усіх, якому нічога не было. Наадварот, сеў у маёнтак моцна, як ніколі. Чаму?
— Моцны быў. Баяліся. Род княскай крыві і з каралямі павязаны не раз.
— Глупства. Не паглядзелі б.
Читать дальше