— Ну вось, паны рада, — звяртаецца ён да воінаў, — вось паны райцы. Абыдземся без ражэння, без суддзі і падсудка*, без проўста**, без падскарбія, каб той вернуты скарб лічыць. Урэшце няхай паляжыць з імі, пакуль тут з праверкай, гэты Груган, крук гэты Станкевіч будзе тырчэць.
* Чыноўнік або пісар земскага павятовага суда. ** Ксёндз.
Ён паказвае воінам на нас:
— Саўлачыце з іх рызы*.
* У той час не толькі «рызы», але і «адзенне».
Адзенне падае да нашых ног, у траву.
— Што, умёт*. Сустрэліся-такі ўсё ж. Нічога, абаронца ваш спіць. Ой, моцна соннае віно. А вас? Вас я такім напаю, што ў свой час давеку заснеце. Зладзеі.
* Гразь, гной.
— Змоўч ты, крадла, — адказвае Валюжыніч маімі вуснамі. — Здрадзіў твой прашчур Слуцкага, абрабаваў і князёў тых і караля. Дый ты ў яго. Мяне і сяброў маіх прадаў, абабраў караля. Так што не хайлаў бы так. Занадта ты ўшчыплівы*. Вось за тую ўшчыплівасць з нас, за зладзеяватасць так цябе шчыкаць будуць шчыпцамі, абцугамі ды клешнямі, што мяса з костак паляціць. Зладзейству твайму сведкаў многа, а галоўны — бог.
* З'едлівы, калючы, кплівы.
Ён усміхаецца страшнавата:
— Ты не думай так мяне раздражніць, каб цябе хутка ды лёгка на смерць прыправіў, ды яшчэ і столмаха* пазваў, каб ён вам хаўтурную калясніцу да труны адразу зрабіў. Таго не будзе. Прыпомніце вы ў мяне яшчэ паталетнюю** мякіну.
* Сталяр, карэтнік, каляснік.
** Мінулагоднюю.
— Пішы строчне. — пасля паўзы звяртаецца ён да конніка з дзіўным цыліндрычным прадметам у руцэ, — у радок.
Спачатку жанчыну, а пасля мяне абвязваюць пад пахамі пятлёй з нейкім хітравумным вузлом і спускаюць па нахіленай плоскасці, а пасля, з нейкай навісі, проста ўніз, у чорны атвор.
Камень пад ступакамі. І тут жа нешта шморгае пад пахамі. Ага, бортны вузел. Таргануўшы, здымаеш пятлю з самага высокага сука. На імгненне яшчэ я заўважаю, як дзвюма змеямі мільганулі ўверсе, у пляме, адкуль ледзь-ледзь сочыцца святло, дзве вяроўкі.
— Вось так, — далятае зверху голас, — тут вам і ложніца, тут вам і жыць, і скончыцца. Вада там, у куце, капае са столі, там цэбар стаіць. Бачыце, я вас акрутне — жорстка ды люта — не замардаваў. І скарб вы ў ніжняй каморы адзедзічавалі*. І хата раскошная, акругле** сем сажэняў. Ну вось, будзеце вы там вартаўнікамі, і жывым вас не даклікацца.
* Атрымалі ў спадчыну.
** У акружнасці.
Пачынае звужацца больш светлая пляма над галовамі. Чуваць глухі звон апаленай плінфы аб другую, шорганне кельмы аб камень.
І цемра. І нічога болей. Толькі густая і тлустая, як сажа, цемра.
— Ты памрэш не даўжэй як праз год, — гукаю я, без надзеі, што той яшчэ мяне пачуе.
…Я нічога не бачу. І, адначасова, чамусьці бачу, як чорны коннік на чале коннага аршака выязджае з лясной сцежкі на паляну (трох муляраў цягнуцца ззаду).
Чорны раптам пускае каня рыссю, махае рукой.
І тут з нетраў адусюль выязджаюць, выломліваюцца з гушчару коннікі. У руках іхніх няма пішчаляў. Дзівіцца няма чаго, унь, наводдаль, відаць верхавіна касцельнай званіцы. У руках іхніх доўгія лукі з белавежскага цісу. Гучна ляскаюць нацягнутыя, а пасля адпушчаныя цецівы аб скураныя пальчаткі на левай руцэ. І роем лятуць доўгія стрэлы з наканечнікамі, вываранымі ў адвары з ігліцы, кары і драўніны таго ж цісу. Смертаносныя доўгія стрэлы — «паратунку ж ад іх няма».
Муляры падаюць адразу. Воіны яшчэ круцяцца, спрабуюць прарвацца, але паступова спаўзаюць з коней на траву. Так уторканыя стрэламі, што хутчэй падобныя на вожыкаў, чым на трупы.
Бачу твар гаспадара. Вусны ягоныя ўшчыпліва варушацца. Ён абводзіць вачыма мёртвых.
— Так, праўду ты мовіў. Зладзейству майму сведкаў многа. — Ён узводзіць вочы: — А галоўны — бог.
…І зноў цемра, як сажа. І зноў раптоўнае святло. Замкавы двор, заліты сонцам. Вялізны спачатку абшчынны, пасля фамільны дуб. Кіпіць пад ім і вакол стракаты натоўп. Магнацкая, шляхецкая вопратка, латы воінаў, адзенні вольных сялян. Далей, у браме і за брамай, белая хмара тых, зусім простых. З агульнага гулу вырываюцца паасобныя сказы.
— А ўсіх сведкаў з тых латных людзей, — гэта падсудак, — паставіць перад вочы высокага суда нельга. Бо той жа ноччу іх нейкія ліхія, лёзныя, вандроўныя іначай, людзі да смерці выбілі. І тыя ліхія людзі не з воінаў, а з простых разбойнікаў былі, бо не мелі гакаўніц, а мелі лукі са стрэламі атручанымі.
Зноў вэрхал. Усплывае разумны твар Станкевіча. Рука на Евангеллі.
— Клянуся, што калі князь уцекінёраў наздагнаў, то і адпусціў адразу па просьбе і парадзе маёй. А што яны грошы тых бунтоўных везлі і грошы яго каралеўскае мосці — таго я не ведаў.
Читать дальше