- Шэф яшчэ тут?
Камiсара на месцы ўжо не аказалася, i Бесан сеў за стол, каб скласцi пiсьмовы рапарт.
- Няшчасны чалавек! - уздыхнуў ён.
- Хто?
- Музыкант.
I Бесан, свежы, ружовашчокi здаравячок, працягваў:
- Па-першае, ён сухотнiк. Аднаго гэтага аж занадта. Вось ужо два гады, як яго намагаюцца адправiць у горы, але ён i слухаць не хоча.
У бок плошчы Сэн-Жорж галопам праскакалi конi. Ранiцай на плошчы Iнвалiдаў адбыўся парад, i цяпер вайсковыя часцi вярталiся ў казармы. У горадзе ўсё яшчэ панавала ўзбуджанасць, усюды, куды нi глянь, калыхалiся сцягi, разгульвалi ваенныя ў параднай форме, грымелi аркестры, стракаты натоўп спяшаўся да Елiсейскага палаца, дзе давалася афiцыйнае снеданне.
- Жывуць яны ў двухпакаёвай кватэры, вокнамi ў двор. Шосты паверх без лiфта.
- Вы хадзiлi да iх?
- Я перакiнуўся словам спярша з вугальшчыкам, якi жыве ў тым жа доме, пасля з канс'ержкай, яна аказалася маёй зямлячкай. I зiмой i летам кватаранты скардзяцца ёй на флейтыста, што ён дзень пры днi грае ля насцеж расчыненага акна. Канс'ержка вельмi добра адносiцца да яго. Вугальшчык таксама, хоць флейтыст i завiнавацiўся яму за вугаль. Што да ягонай кабеты...
- Вы бачылi яе?..
- Яна якраз выйшла з дому, калi я сядзеў у канс'ержкi. Мажная пышная брунетка, а вочы так i сыплюць зоркi! Кармен, дый годзе! Вечна ў халаце i ў шлёпанцах шпацыруе па навакольных крамах. Толькi i занятку ў яе, што ходзiць па гадалках. Мужа грызе без адхлання. Канс'ержка божыцца, што яна нават б'е яго. Няшчасны чалавек!..
Бесан вымучыў некалькi радкоў: складаць рапарты было яму цяжка.
- Я сеў у метро i адправiўся ў рэстарацыю "Клiшы", каб пагаварыць з начальствам флейтыста. Нiчога благога мне пра яго не сказалi. Не п'е. На работу прыходзiць заўсёды на пяць хвiлiн раней. З усiмi ветлiвы, а касiрка проста ў захапленнi ад яго.
- А дзе ён сам?
- Не ведаю. Але дома не было. Канс'ержка сказала б.
Мэгрэ выйшаў з камiсарыята i рушыў у невялiчкi бар на плошчы Сэн-Жорж з'есцi пару крутых яек ды выпiць куфаль пiва. А калi вярнуўся, на яго стале ляжала запiска ад брыгадзiра.
"Паставы Жульян заўважыў, што а палове другой ночы ля дома No 23 на вулiцы Мансар спыняўся аўтамабiль маркi "дыён-бутон". Акрамя шафёра, прыкметы якога супадаюць з вашымi, у iм нiкога не было. Машына хвiлiн дзесяць стаяла на вулiцы Мансар, потым рушыла ў напрамку вулiцы Бланш".
Пад насценным гадзiннiкам зазвiнеў званок, i Мэгрэ паспешлiва падхапiўся, расчынiў абабiтыя дзверы. Камiсар ужо вярнуўся, i Мэгрэ ўбачыў на стале раскладзеныя лiсткi свайго рапарта, спярэшчаныя чырвоным алоўкам.
- Заходзьце, калега. Сядайце.
Даволi рэдкая ласка: звычайна камiсар ахвотней дазваляў сваiм падначаленым стаяць перад iм навыцяжку.
- Вы, напэўна, увесь ранак праклiналi мяне?
Ён таксама быў у мундзiры, але яго мундзiр быў пашыты ў найлепшага краўца з Вандомскай плошчы, а жылет, як заўсёды, быў самага моднага колеру.
- Я ўважлiва перачытаў ваш рапарт. Цудоўны рапарт, дарэчы, - здаецца, я ўжо казаў вам гэта. Пагаварыў я i з Бесанам наконт вашага прыяцеля флейтыста.
Мэгрэ вырашыў дзейнiчаць напралом.
- Жандро-Бальтазары не званiлi вам?
- Званiлi, але размова адбылася зусiм не ў тым тоне, у якiм вам здаецца. Рышар Жандро трымаўся цудоўна, хоць ён злёгку i кпiў з вас i з вашай заўзятасцi! Вы, безумоўна, чакалi, што ён будзе скардзiцца? Аднак рэакцыя аказалася якраз адваротнай. Тое, што ён палiчыў вас нявопытным i гарачым, гэта, спадзяюся, не крыўдзiць вас. Менавiта пагэтаму ён i не вытрымаў, дазволiўшы сабе мiлы жарт - расчынiў перад вамi дзверы свайго дома.
Мэгрэ насупiўся. А начальнiк глядзеў на яго з хiтраватай усмешкай - з той усмешкай, якая так адметна аддзяляе ўсiх "сытых", цi, як цяпер можна сказаць, усiх "марнатраўцаў жыцця" ад рэшты шэрага люду.
- А цяпер скажыце, дарагi, што б на маiм месцы зрабiлi вы сёння ранiцай.
Мэгрэ прамаўчаў. I ён прадоўжыў:
- Запатрабавалi б ордэр на вобыск? Па-першае, на якой падставе? Хiба нам падалi скаргу? Ва ўсякiм выпадку, не на Жандро. Хiба перад намi сур'ёзнае правапарушэнне? Анiякага. Хiба маюцца параненыя цi забiтыя? Наколькi нам вядома, няма. Сёння ноччу вы самi праверылi дом ад кутка да кутка, бачылi ўсiх яго насельнiкаў, сяго-таго нават у неглiжэ. Зразумейце мяне правiльна. Можна толькi здагадвацца, што вы перадумалi за сённяшнi ранак. Я прыяцель Жандро. Часта бываю ў iх. Належу да таго ж асяроддзя, што i яны. Прызнайцеся, што вы праклiналi мяне.
- Але ёсць сведкавае паказанне i скарга Мiнара.
- Таго самага флейтыста, я помню. А палове другой гадзiны ночы ён спрабуе сiлай уварвацца ў асабняк толькi таму, што яму памроiлiся крыкi аб ратунку.
Читать дальше