- Ну, ну!.. Але ж, здаецца, вы не нарвежац?..
Незнаёмы гаварыў без акцэнту ды i з твару не быў падобны на скандынава. Ён быў высокага росту, даволi малады, фiгуру меў прыгожую. Элегантны гарнiтур быў крыху памяты.
- Прабачце! Я не нарвежац па паходжаннi, але нарвежскi падданы...
- А жывяце ў Бергене?
- У Трамсё, на Лафатэнскiх астравах.
- Вы - камерсант?
- У мяне завод па перапрацоўцы адходаў траскi.
- Такiх, як iкра, напрыклад?
- Iкра i ўсё астатняе. Робiм з галоў i печанi рыбiн тлушч, з касцей угнаенне...
- Выдатна! Проста выдатна! Застаецца толькi высветлiць, што вы рабiлi ў Вiстрэаме ў ноч з шаснаццатага на семнаццатае верасня...
Незнаёмы не разгубiўся, паволi азiрнуўся i адказаў:
- Мяне не было ў Вiстрэаме.
- Дзе ж вы былi?
- А вы?
Усмiхнуўшыся, ён растлумачыў свой адказ:
- Я хачу сказаць: цi б маглi вы самi вось гэтак раптоўна сказаць, што вы рабiлi ў якi-небудзь дзень, гадзiну, калi з тае пары прайшло ўжо больш за месяц?
- Вы былi ў Нарвегii?
- Магчыма.
- Трымайце!
I Мэгрэ працягнуў субяседнiку асадку з залатым пяром, якую нарвежац, падзякаваўшы, спакойна паклаў у кiшэню.
Дальбог, прыгожы мужчына! Прыкладна таго ж узросту i росту, што i мэр, але больш статны i дужы. У яго цёмных вачах можна было ўгадаць напружанае ўнутранае жыццё. А ўсмешка тонкiх вуснаў казала пра вялiкую ўпэўненасць чалавека ў сабе.
На камiсаравы пытаннi ён адказваў пачцiва.
- Мяркую, - сказаў ён, - наша сустрэча - простая памылка, i быў бы рады зноў адправiцца ў дарогу...
- Гэта ўжо iншае пытанне. Дзе вы пазнаёмiлiся з Вялiкiм Луi?
Але незнаёмы, насуперак чаканню Мэгрэ, i не паглядзеў на матроса.
- Вялiкiм Луi? - перапытаў нарвежац.
- Вы пазнаёмiлiся з капiтанам Жарысам, калi ён яшчэ плаваў?
- Прабачце. Я не разумею.
- Вядома! А калi я спытаю ў вас, чаму вы начуеце на борце развалiны-драгi замест таго, каб уладкавацца ў гатэлi, вы таксама будзеце здзiўлены?
- А як вы думаеце? Згадзiцеся, што на маiм месцы...
- I, аднак, учора вы прыбылi ў Вiстрэам на борце "Сэн-Мiшэля". Пры ўваходзе ў порт пераселi са шхуны ў шлюпку. Потым перабралiся на драгу i правялi там ноч. Сёння пасля абеду абышлi вiлу, у якой мы цяпер знаходзiмся, потым узялi ровар i паехалi ў Кан. Купiлi там машыну. Выехалi ў Парыж. I цi не з панi Гранмэзон вы павiнны былi сустрэцца ў гатэлi "Лютэцыя"? У такiм выпадку няма патрэбы нiкуды ехаць. Або я дужа памыляюся, або яна будзе тут сёння ноччу.
Маўчанне. Мэр ператварыўся ў статую. Позiрк у яго быў настолькi нерухомы, што ў iм не адчувалася нiякага жыцця. Вялiкi Луi пачэсваў раз-пораз патылiцу i пазяхаў, усё яшчэ седзячы, тым часам як усе астатнiя стаялi.
- Вас завуць Марцiно?
- Але, Жан Марцiно.
- Ну дык вось, пан Жан Марцiно, падумайце! Цi сапраўды вам няма чаго паведамiць нам? Вельмi нават магчыма, што адзiн з тых, хто тут прысутнiчае, хутка ўстане перад судом.
- Мне не толькi няма чаго вам сказаць, але i хочацца папрасiць вашага дазволу папярэдзiць нарвежскага консула, каб ён прыняў неабходныя меры.
I гэты туды ж! Гранмэзон пагражаў ужо, што паскардзiцца, цяпер i Марцiно збiраецца зрабiць тое самае! Хiба што адзiн Вялiкi Луi нiкому нiчым не пагражаў, згодзен цярпець што хочаш, было б толькi што выпiць.
Чуваць было, як бушаваў шторм, якi з прылiвам дасягнуў свайго пiку.
Позiрк у Люка быў вельмi красамоўны. Канечне, ён думаў: "Ну i ўлiплi ж мы ў гiсторыю! Хоць бы што-небудзь высветлiлася!.."
Мэгрэ хадзiў па пакоi, сердаваў, палiў.
- Значыць, вы нiчога не ведаеце, нi адзiн, нi другi, пра знiкненне капiтана Жарыса i яго смерць?
Абодва моўчкi пакруцiлi галавою. Раз-пораз Мэгрэ спыняў свой позiрк на Марцiно.
У гэты момант звонку пачулiся хуткiя крокi i стук у дзверы. Пасля кароткiх ваганняў Люка пайшоў адчыняць. Убегла Жулi. Яна цяжка дыхала. Спынiўшыся, ледзь вымавiла:
- Камiсар, мой брат...
I адразу ж здзiўлена змоўкнула, убачыўшы перад сабою гiганцкую постаць Вялiкага Луi, якi ўстаў з крэсла.
- Ваш брат?.. - перапытаў Мэгрэ.
- Нiчога... Я...
Яна паспрабавала ўсмiхнуцца, усё яшчэ цяжка дыхаючы. Адступаючы спiнаю назад, наткнулася на Марцiно, павярнулася да яго.
- Прабачце, пан...
Стала ясна, што яна не знаёмая з iм.
Праз адчыненыя дзверы ў пакой урываўся вецер.
IХ. ЗМОВА МАЎЧАННЯ
Жулi спяшалася ўсё расказаць:
- Я была дома зусiм адна... Мне было страшна... Легла спаць не раздзеўшыся. Раптам у дзверы моцна пастукалi... Прыйшоў Ланэк, братаў капiтан...
- "Сэн-Мiшэль" у порце?
- Ён быў у шлюзе, калi я праходзiла мiма... Ланэк хацеў тэрмiнова пабачыць брата... Здаецца, яны спяшаюцца адплыць... Я сказала яму, што Луi нават не заходзiў да мяне... I ўстрывожылася за яго, бо ён плёў нешта дзiўнае, я нават не разабрала нiчога...
Читать дальше