- Паспрабуй так.
- Край стала бачу, людзей - яшчэ не.
Камiсар прынёс яшчэ некалькi камянёў.
- Цяпер добра! Яны гуляюць у шашкi. Служанка падае шклянкi, яны дымяцца думаю, гэта грог.
- Заставайся тут!
I Мэгрэ пачаў крочыць узад i ўперад па дарозе. Метраў за сто ад вiлы вiднеўся "Марацкi прытулак", а за iм - порт. Праехаў грузавiчок булачнiка. Камiсар ледзь не спынiў яго, каб пераканацца, што ў iм нiхто не хаваецца, але перадумаў.
Бываюць аперацыi на першы погляд даволi простыя, але правесцi iх немагчыма. Напрыклад, знайсцi чалавека, якi раптам нiбыта скрозь зямлю правалiўся за мэравай вiлаю! Дзе яго шукаць: у дзюнах, на беразе, у порце, у гарадку? Перакрыць усе дарогi? Дык i дваццацi жандараў на тое б не хапiла. Калi гэты чалавек хiтры - усё роўна з рук выслiзне.
А тут невядома яшчэ, нi хто ён, нi як выглядае.
Мэгрэ вярнуўся да сцяны, на карнiзе якой стаяў, трымаючыся з усяе сiлы, Люка.
- Што яны робяць?
- Гуляюць.
- Размаўляюць?
- Не разяўляючы рота. Катаржнiк паклаў локцi на стол i п'е ўжо трэцюю шклянку грогу.
Прайшло яшчэ чвэрць гадзiны. Люка пачуў званок i паклiкаў камiсара.
- Звонiць тэлефон. Мэр хоча падысцi, але слухаўку здымае Луi.
Яны не чулi, што гаварыў Луi, але было абсалютна ясна, што ён задаволены.
- Скончыў?
- Зноў пачалi гуляць.
- Заставайся тут.
Мэгрэ рушыў да шынка. Там, як звычайна ў гэты час, некалькi партавiкоў гулялi ў карты. Убачыўшы камiсара, яны пачалi запрашаць яго выпiць з iмi.
- Не цяпер. Дзяўчына, у вас ёсць тэлефон?
Апарат вiсеў на сцяне ў кухнi. Там сядзела старая - чысцiла рыбу.
- Алё, гэта пошта? Я з палiцыi. Будзьце ласкавы, скажыце, адкуль толькi што тэлефанавалi мэру?
- З Кана, пан.
- Якi нумар?
- Сто дваццаць два... Гэта вакзальны шынок...
- Дзякую...
Нейкi час ён так i стаяў пасярод шынка, нiчога не прыкмячаючы вакол сябе.
- Адсюль да Кана дванаццаць кiламетраў, - прашаптаў ён раптам.
- Трынаццаць! - паправiў капiтан Дэлькур, якi толькi што ўвайшоў у шынок. - Як справы, камiсар?
Мэгрэ нiчога не чуў.
- Iнакш кажучы, паўгадзiны на ровары, - зноў прашаптаў ён.
Ён успомнiў, што партовыя рабочыя, якiя амаль усе жылi ў гарадку, прыязджалi ў порт на роварах i пакiдалi iх на цэлы дзень каля шынка.
- Праверце, калi ласка, цi ўсе ровары на месцы!
I з гэтага моманту ўсё пайшло, нiбы ў зладжаным механiзме. Думка Мэгрэ працавала, быццам шасцярня, рух якой дакладна адпавядаў развiццю падзей.
- Чорт! Няма майго...
Камiсар не здзiвiўся, не задаваў пытанняў. Ён зноў прайшоў на кухню i зняў слухаўку.
- Дайце мне палiцэйскi камiсарыят Кана... Так... Дзякуй... Алё! Гэта галоўны камiсарыят? З вамi гаворыць камiсар Мэгрэ з крымiнальнай палiцыi. Калi адыходзiць цягнiк на Парыж?.. Як?.. Не раней адзiнаццацi?.. Не!.. Слухайце!.. Будзьце ласкавы, занатуйце... Першае. Праверце, цi праўда панi Гранмэзон... але, жонка суднаўладальнiка... паехала на аўтамабiлi ў Парыж. Другое. Даведацца, цi не з'яўляўся ў iх у доме або ў канторы хто-небудзь незнаёмы. Але, гэта проста! Толькi гэта яшчэ не ўсё. Вы натуеце? Трэцяе. Абысцi ўсе гаражы горада. Колькi iх?.. Каля дваццацi?.. Чакайце! Мяне цiкавяць толькi тыя, што даюць машыны напракат... Пачнiце з раёна вакзала... Высветлiце таксама, цi не браў хто напракат машыну да Парыжа, з шафёрам цi без... Даведайцеся, цi не купiў хто старую машыну... Алё! Чакайце, я вам кажу!.. Магчыма, ён пакiнуў у Кане ровар... Але, гэта ўсё!.. У вас хопiць палiцэйскiх, каб зрабiць гэта ўсё адразу ж?.. Добра, дамовiлiся!.. Як толькi хоць пра што-небудзь даведаецеся, тэлефануйце мне ў "Марацкi прытулак" у Вiстрэаме...
Партавiкi, якiя пацягвалi патроху аперытыў у горача натопленай зале, чулi ўсё. Калi Мэгрэ вярнуўся з кухнi, твары ў iх былi сур'ёзныя, устрывожаныя.
- Вы думаеце, мой ровар... - пачаў быў шлюзаўшчык.
- Грогу! - суха загадаў Мэгрэ.
Гэта быў ужо не той чалавек, якi яшчэ ўчора зычлiва ўсмiхаўся i чокаўся з кожным з iх. Цяпер ён ледзь бачыў наведнiкаў шынка, амаль не пазнаваў...
- "Сэн-Мiшэль" не вярнуўся з Кана?
- Яны занялi чаргу на вячэрняе шлюзаванне. Але надвор'е не дазволiць iм выйсцi ў мора.
- Шторм?
- Ва ўсякiм разе, вецер будзе вялiкi. Ды яшчэ паўночны, а з гэтым лепш не жартаваць. Вы чуеце мяне?
Напружыўшы слых, можна было пачуць, як б'юцца аб палi пiрса хвалi. Дзверы ў шынку аж дрыжалi - так усхадзiўся вецер.
- Калi мне раптам будуць тэлефанаваць, паклiчце мяне. Я буду на дарозе... Метраў сто адсюль...
- Насупраць мэравага дома?
На вулiцы Мэгрэ з вялiкаю цяжкасцю распалiў люльку. Густыя хмары праплывалi так нiзка, што, здавалася, закраналi вершалiны таполяў уздоўж дарогi. Нават за пяць метраў было амаль немагчыма разгледзець iнспектара Люка, якi па-ранейшаму стаяў на карнiзе.
Читать дальше