Пакуль Мэгрэ пiсаў тэкст тэлеграмы, гаспадар стаяў каля акна i пазiраў на вулiцу. Не надаючы значэння сваiм словам, ён сказаў:
- А вунь i капiтанава служанка выйшла прагуляцца...
Камiсар узняў галаву i ўбачыў Жулi, якая, зачынiўшы брамку, хутка пайшла да пляжа.
- Што ў тым баку?
- Пра што гэта вы?
- Куды яна можа пайсцi? Там ёсць дамы?
- Нiякiх дамоў там няма. Проста бераг, на якi нiколi не ходзяць, бо там хвалярэз i ямы з цiнаю.
- А ёсць якая-небудзь дарога цi хоць сцежка?
- Не! Ад самага вытоку Орны ўздоўж берага адны балоты... Не, забыўся!.. У балотах ёсць буданы для палявання на качак...
Нахмурыўшы лоб, Мэгрэ выйшаў з гатэля. Ён хутка прайшоў праз мост, i, калi выйшаў на бераг, памiж iм i Жулi было толькi нейкiх дзвесце метраў.
Бераг - суцэльная пустка. Адны чайкi з крыкамi лёталi ў тумане. Справа былi дзюны, i камiсар зайшоў за iх, каб заставацца нябачным.
Паветра дыхала прахалодаю. Мора было неспакойнае. Белы яго краёчак накатваўся i накатваўся, разбiваючыся, на бераг. Шапацелi раструшчаныя ракавiны.
Жулi не прагульвалася. Яна iшла хутка, захiнаючыся ў чорнае палiто. Пасля смерцi Жарыса яна не паспела яшчэ справiць сабе жалобную адзежу i насiла ўсё чорнае цi проста цёмнае, што толькi знайшла ў сябе: шарсцяныя панчохi, капялюш з паламанымi палямi, палiто, якое даўно ўжо выйшла з моды...
Ногi яе гразлi ў пяску, i таму паходка была вельмi няроўная. Двойчы яна азiралася, але не прыкмецiла Мэгрэ, якi iшоў, хаваючыся за дзюнамi.
Нарэшце, прыкладна за кiламетр ад Вiстрэама, яна павярнула направа - i зрабiла гэта так раптоўна, што камiсар ледзь не выдаў сябе.
Але iшла яна не да будана, як падумаў спачатку Мэгрэ, а да невялiкай будынiны, што самотна ўзвышалася сярод пяску i асакi.
Тварам да мора, метраў за пяць ад таго месца, да якога ў прылiў даходзiла вада, стаяла каплiца. Адзiн яе мур быў цалкам зруйнаваны. Пабудавана яна была, пэўна, яшчэ некалькi стагоддзяў назад.
Скляпенне было паўкруглае. Пралом у муры даваў магчымасць вызначыць таўшчыню iншых муроў: каля метра кладкi.
Жулi ўвайшла ў каплiцу - i неўзабаве Мэгрэ пачуў, як яна шоргае там нейкiмi невялiкiмi прадметамi, хутчэй за ўсё марскiмi ракавiнамi.
Камiсар падкраўся да каплiцы. У дальнiм ад яго муры была невялiкая закратаваная нiша. Пад ёю было нешта накшталт малюпасенькага алтара. Нахiлiўшыся долу, Жулi штосьцi там шукала.
Дзяўчына iмклiва азiрнулася, пазнала камiсара, якi не паспеў схавацца, i хутка спытала:
- Што вы тут робiце?
- А вы?
- Я... я прыйшла памалiцца Божай Мацi Дзюнаў.
Жулi была ўстрывожаная. Па ёй няцяжка было здагадацца, што яна нешта хавае. Мабыць, яна дрэнна спала гэтай ноччу, бо вочы ў яе былi чырвоныя. З-пад капелюша выбiвалiся дзве пасмачкi кепска прычасаных валасоў.
- Дык гэта што - каплiца Божай Мацi Дзюнаў?..
Сапраўды, за кратамi ў нiшы стаяла статуя Божай Мацi, такая старая i знявечаная часам, што яе i пазнаць было амаль немагчыма.
На муры, вакол нiшы, людзi зрабiлi, хто алоўкам, хто сцiзорыкам, надпiсы, якiя напаўзалi адзiн на адзiн:
"Няхай Дэнiза здасць экзамен... Святая багародзiца, зрабi так, каб Жажо навучыўся хутка чытаць... Дай здароўя ўсёй сям'i i асаблiва дзядулю з бабуляю..."
Былi i такiя - над сэрцамi, працятымi стрэламi:
"Рабэр i Жанна - каханне навек".
На кратах засталiся сухiя сцяблiнкi, якiя колiсь былi кветкамi.
Увогуле, каплiца была падобная на многiя iншыя - адно што ў гэтай былi марскiя ракавiны, складзеныя на разбураным алтары. Ракавiны ўсякiх формаў, якiя толькi можна ўявiць... I на ўсiх, у асноўным, алоўкам, надпiсы. Найчасцей няўпэўнены дзiцячы почырк.
"Няхай будзе ўдалы лоў на Новай Зямлi, i няхай тату не трэба будзе iсцi ў новы рэйс".
Але iншы раз адчувалася i больш моцная рука.
Глiнабiтная падлога. Праз велiзарную дзiрку ў муры бачны быў прыбярэжны пясок i серабрыстае, у белай смузе мора. Жулi, не ведаючы, як сябе паводзiць, з асцярогай паглядвала на ракавiны.
- Вы прынеслi сваю? - спытаўся Мэгрэ.
Яна адмоўна пакруцiла галавою.
- Аднак, калi я прыйшоў, вы iх перасоўвалi. Што вы шукалi?
- Нiчога... Я...
- Вы?
- Нiчога!
Жулi ўпарцiлася i яшчэ больш захуталася ў палiто.
Мэгрэ прыйшлося перабiраць ракавiны адну за адной i чытаць надпiсы на iх. I раптам ён усмiхнуўся. На адной велiзарнай ён прачытаў:
"Святая багародзiца, зрабi так, каб Луi ўсё ўдалося i мы сталi шчаслiвыя".
Пад надпiсам была пазначана дата: "13 верасня". Iнакш кажучы, гэтая ракавiна з просценькiм надпiсам Жулi была пакладзена тут за тры днi да знiкнення Жарыса!
I цi не прыйшла сюды цяпер дзяўчына, каб забраць яе?
Читать дальше