Зіна (з жахам) . Ні за што не астануся! Яна мяне з'есць. (Плача.)
Гарлахвацкі. Кіньце вы скуголіць. I без вас моташна. (Глядзіць у акно.) Чакайце! Вунь Туляга ідзе з лабараторыі. Мы, здаецца, выратаваны. (Адчыняе акно і крычыць.) Таварыш Туляга!.. Таварыш Туляга! Мікіта Сымонавіч! Сюды на хвілінку! Лезьце на падаконнік. Лезьце, лезьце, не саромейцеся! (Паказваецца галава Тулягі.)
Туляга. У чым справа, Аляксандр Пятровіч?
Гарлахвацкі. Вы мне патрэбны, лезьце сюды ў пакой.
Туляга. Дык нашто ж? Я ж магу праз дзверы.
Гарлахвацкі. Лезьце, я вам кажу.
Туляга. Неяк няёмка, людзі глядзяць.
Гарлахвацкі. Я вам загадваю, гаспадзін палкоўнік! (Туляга паслушна ўлазіць у пакой.) Пабудзьце з гэтай жанчынай — вось і ўсё, што ад вас патрабуецца.
Туляга (калоцячыся) . Нічога не разумею, Аляксандр Пятровіч. Хоць зарэжце…
Гарлахвацкі. Вы былі з ёю. Мяне тут зусім не было. Зачыніце за мною акно. Цяпер разумееце?
Туляга. Прызнацца, не зусім.
Гарлахвацкі (шыпіць) . Гаспадзін палкоўнік!.. Не прыкідвайцеся дурнем!
Туляга. Разумею, Аляксандр Пятровіч! Усё разумею.
Гарлахвацкі. Даўно б так. (Вылазіць праз акно на вуліцу. Туляга зачыняе за ім акно.)
Туляга (разводзіць рукамі) . Нічога не разумею. Растлумачце хоць вы, таварыш Зёлкіна.
Зіна (выціраючы слёзы) . Зараз вас біць будуць.
Туляга. Мяне? За што ж мяне біць?
Зіна. Вунь ужо дзверы адмыкаюць.
Шырока расчыняюцца дзверы. У кабінет урываецца Анна Паўлаўна, за ёю астатнія. Усе на момант аслупянелі, убачыўшы Тулягуз Зінай. Потым гнеў Анны Паўлаўнызмяніўся прыступам рогату.
Зёлкін (да Зіны) . Дык вось ты з кім, нягодніца!
Зіна. Адстань! (Адштурхоўвае яго і, лавіруючы між натоўпу, выходзіць.)
Зёлкін. А з вамі, даражэнькі, я зараз расквітаюся! (Падступае з кулакамі да Тулягі.)
Туляга (засланяе твар рукамі) . Што вы да мяне маеце, таварыш Зёлкін?!
Зёлкін. Я табе пакажу, стары распуснік! (Хоча ўдарыць. Уваходзіць Гарлахвацкі з партфелем.)
Гарлахвацкі. Што тут робіцца такое? У чым справа?
Анна Паўлаўна (падбягае да яго) . Ой, Шура, каб ты бачыў, што тут было!
Гарлахвацкі. Дык тут і цяпер безабразіе.
Анна Паўлаўна. Зёлкіну вось з гэтым (паказвае на Тулягу) засталі тут.
Гарлахвацкі. Ах, якая брыдота! Другога месца но знайшлі.
Анна Паўлаўна. А жанчына тут нейкая была ў калідоры ды выдумала, што гэта ты з Зёлкінай.
Гарлахвацкі. Што яшчэ за жанчына?
Анна Паўлаўна. Ліха яе ведае, незнаёмая. Такая языкастая баба. Ды яна тут недзе. (Аглядаецца.) Не, уцякла ўжо.
Гарлахвацкі. Нічыпар, лаві яе там! Чорт знае што! З вуліцы зброд усялякі лезе ў кабінет. Пляткараць, распуснічаюць. (Да Тулягі.) Ну і вы таксама… Стары чалавек! Пасаромеўся б. Ва ўстанове, ды яшчэ ў маім кабінеце, дазваляць сабе такія рэчы!
Туляга. Аляксандр Пятровіч… Гэта бязлітасна… Вы ж самі ведаеце…
Гарлахвацкі (грозна) . Нічога я не ведаю, таварыш Туляга! Хаця мне і трэба было б ведаць, адкуль у вас такія прывычкі. (Туляга часта моргае вачыма і кусае губы.) Ды ладна, таварышы. Я думаю, што мы будзем велікадушнымі і даруем яму на гэты раз, узяўшы слова, што больш нічога падобнага ён сабе не дазволіць. Спадзяюся, што смецця з хаты выносіць вы не будзеце, каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову. Прашу спакойна разысціся і працаваць. (Крадком ад жонкі гаворыць Тулягу, які выходзіць апошнім) . Спадзяюся, што ў вас хопіць розуму не балбатаць пра гэта. (Усе разыходзяцца. Астаюцца толькі Гарлахвацкі і Анна Паўлаўна.)
Гарлахвацкі (да жонкі, калі Туляга выйшаў) . Ну што ты скажаш на гэта? Ха-ха-ха… (Рагоча ўсё больш і больш, паддаючы сабе ахвоты.)
Анна Паўлаўна. Такі ціхоня, размазня! Хто б гэта мог падумаць!.. Ха-ха-ха.
Гарлахвацкі. Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну.
Анна Паўлаўна. А тая пляткарка сказала, што гэта ты з Зёлкінай зачыніўся. Я чуць дом не разбурыла.
Гарлахвацкі. Ах, ах, ах! Як гэта нядобра! I заўсёды ж так. Напляце табе якая-небудзь баба, а ты, не праверыўшы, з кіпцюрамі на мяне кідаешся.
Читать дальше