Абадоўскі (з залы) . А што такое старэнне?
Дабрыян. Вось у гэтым і ўся задача, Уладзімір Фёдаравіч: разгадаць механізм старэння і авалодаць ім. Жыццё, як вы ведаеце, гэта бялковы абмен, які адбываецца ў арганізме пастаянна і няспынна. Але хітрая прырода, забіраючы ў нас жыццёвую матэрыю, кожны раз дае нам узамен тое самае, але крышачку горшае. У выніку ў клетках арганізма адбываюцца змены, якія перашкаджаюць яго абнаўленню. Вось мы і паставілі сабе задачу дабіцца справядлівага абмену: каб наш арганізм, нічога не трацячы, абнаўляўся на тым жа ўзроўні. Тады не будзе старасці і не будзе так званай натуральнай смерці.
Голас з галёркі. А ненатуральная будзе?
Дабрыян. Калі вас раздушыць аўтобус або спапяліць атамная бомба, дык наўрад ці зможаце вы разлічваць на неўміручасць.
Кудрыцкая (з залы) . Але ад натуральнай смерці вы нас уратуеце?
Дабрыян. Клаўдзія Пятроўна? Прывітанне! Вас — абавязкова. Праведзеныя доследы даюць нам права адказаць на гэта станоўча.
Варакса (з залы) . Гэта падобна на містыфікацыю. Ці няма ў вас якіх-небудзь доказаў?
Дабрыян. Я тут гавару толькі пра вынікі нашых доследаў. Раскрыць іх сакрэт я не магу па вядомай вам прычыне. Скажу коратка, што мы дабіліся гэтых вынікаў уздзеяннем на бялковыя ферменты, якія кіруюць усімі працэсамі абмену. А доказы сякія-такія ёсць. Наташа, пакажыце, калі ласка, доказ!
Наташа. А вось ён. (Ставіць на стол клетку з жывёлінай.)
Дабрыян. Гэта пацук, таварышы. Па гадах ён — біблейскі Мафусаіл. Пражыў чатыры пацучыныя вякі, і яму даўно пара паміраць. А ён, бачыце, як агурочак. Шэрсць бліскучая, сам вясёлы, усе органы і залозы функцыяніруюць нармальна. Дае паўнацэннае здаровае патомства. Першае народжанае ім пакаленне таксама пражыло ўжо тры вякі. I ўвесь сакрэт у справядлівым абмене, які нам удалося наладзіць.
Кудрыцкая. Можа, вы нам і чалавека неўміручага пакажаце?
Дабрыян. З чалавекам справа больш складаная, Клаўдзія Пятроўна. У пацука кароткае жыццё і хуткая змена пакаленняў. На ім лягчэй прасачыць. Але што да абмену, дык ці то ў пацука, ці ў чалавека — прынцыповай розніцы няма. Між іншым, мы і з людзьмі праводзім клінічныя доследы. Пра пакаленні тут яшчэ гаварыць рана, але за дзесяць гадоў нашы падапечныя ні капелькі не пастарэлі. I самае галоўнае — ніякіх пабочных непрыемнасцей.
Адамейка (з залы) . Значыць, мы можам лічыць сябе неўміручымі?
Дабрыян. Лічыце на здароўе. А мы пастараемся, каб гэта сталася.
Бабровіч (з залы) . Ці не замнога нас усіх будзе — неўміручых?
Дабрыян (да гледачоў) . Павел Антонавіч — эканаміст. У яго свой клопат з неўміручасцю.
Абадоўскі (з залы) . Мяне як генетыка цікавіць другое.
Дабрыян. Вось і дыскусія пачынаецца. Прашу маіх апанентаў сюды, у лабараторыю. Тут нам зручней будзе. Павел Антонавіч! Клаўдзія Пятроўна! Кузьма Захаравіч! Генадзій, вы ж свой чалавек.
Бабровіч, Абадоўскі, Кудрыцкая, Варакса, Адамейкаі Генкападымаюцца на сцэну. Садзяцца.
Дабрыян. Уладзімір Фёдаравіч, вы хацелі нешта сказаць.
Абадоўскі. Гаворачы пра неўміручасць, вы, Барыс Пятровіч, маеце на ўвазе індывідуум і нічога не гаворыце пра від. Калі індывідуум будзе жыць вечна, то як будзе абстаяць справа з эвалюцыяй віду? Як будзе абнаўляцца род чалавечы?
Дабрыян. На гэта пытанне вам і адказваць, Уладзімір Фёдаравіч.
Абадоўскі. З аднаго боку, будуць нараджацца новыя пакаленні, а з другога — не будуць паміраць старыя. У адным грамадстве побач з людзьмі новай генерацыі будуць жыць старыя малпы.
Адамейка. Гэта значыць — мы.
Абадоўскі. Будуць жыць старыя малпы са сваімі старымі поглядамі, звычкамі, забабонамі, ды яшчэ будуць пладзіць падобных да сябе.
Кудрыцкая. Ну, калі яшчэ тое будзе.
Адамейка. Ці будзе, ці не, а мы ўжо будзем галаву ламаць.
Абадоўскі. Галаву ламаць прыходзіцца. Неўміручасць такая праблема, што мы павінны думаць у маштабе вечнасці і за ўсё чалавецтва.
Генка. Давайце ўсё-такі жыць перш за ўсё. А думаць пра від… Для гэтага ў нас будзе цэлая вечнасць…
Абадоўскі. Індывідуум вырашае спрэчкі ў сваю карысць: я хачу жыць вечна, а чалавецтва няхай выраджаецца.
Читать дальше