Хітры бог гандлю прадаў Геракла лідзійскай царыцы Амфале за тры медныя манеты на тры гады ў рабства.
Вясёлая царыца Амфала не пасылала Геракла ў далёкія паходы і не патрабавала ад яго геройскіх спраў і перамог. Яна адабрала ў героя зброю - яго меч і лук са стрэламі, зняла з плеч ільвіную шкуру, апранула Геракла ў жаночае адзенне і дзеля пацехі прымушала яго, нібы служанку, прыслужваць ёй.
Яна садзіла яго за прасніцу разам з жанчынамі і весялілася, слухаючы, як казкі, яго расказы пра далёкія вандроўкі, цяжкія паходы і жорсткія бітвы.
Гэты палон у Амфалы быў для героя цяжэйшы за самыя мудрагелістыя даручэнні Еўрысфея. І часта Геракл так сумаваў і нудзіўся, што царыцы надакучваў яго змрочны выгляд, яна аддавала яму лук і стрэлы і дазваляла пагуляць па ваколіцах.
Аднойчы Геракл зайшоў вельмі далёка, у суседнюю з Лідзіяй краіну, стомлены лёг пад дрэва і заснуў. Праз сон ён адчуў нейкую мітусню вакол сябе, быццам маленькія звяркі бегалі па яго целе. Ён прачнуўся, працягнуў руку, злавіў аднаго.
Гэта быў не звярок, а смешны карлік - кекроп.
Шмат іх варушылася каля героя на зямлі - ім спадабаўся лук Геракла, і яны збіраліся сцягнуць яго. Геракл пачаў лавіць іх, звязваць за рукі, за ногі; потым начапіў іх на доўгую палку і панёс у Лідзію.
Кекропы не спалохаліся: яны скакалі па палцы, спрабуючы вызваліцца, гучна пішчалі і так пагражалі Гераклу і сварыліся на яго, што Геракл смяяўся ўсю дарогу.
Гледзячы на гэты маленькі смелы народ, Геракл развесяліўся.
Ён дайшоў да мяжы іх царства, развязаў сваіх маленькіх палонных і адпусціў на волю, а сам вярнуўся да Амфалы і пачаў патрабаваць і сабе волі. І Амфала ўрэшце адпусціла яго.
Шмат яшчэ подзвігаў здзейсніў Геракл, і імя яго праславілася па ўсёй Грэцыі.
Калі Язон пабудаваў быстраходны карабель «Арго» і паклікаў герояў Грэцыі, каб плыць за тры моры, у Калхіду, здабываць залатое руно, магутны Геракл выправіўся ў паход разам з адважнымі арганаўтамі.
Але па дарозе, на адной са стаянак «Арго» каля берага невядомай зямлі, Геракл зайшоў далёка ў прыбярэжны лес, не вярнуўся ў час на карабель, і арганаўты паплылі далей без яго. А Геракл па сушы падаўся ў глыб краіны і неўзабаве прыйшоў у горы.
Дзікі і велічны край адкрыўся перад ім. Градою ўзвышаліся высокія горы, каля падножжа зарослыя густым лесам, а на вяршынях пакрытыя вечным снегам. Чым вышэй падымаўся герой, тым усё больш суровыя і непрыступныя рабіліся горы. Нарэшце ён забраўся на голую скалу, якая абрывалася па-над морам.
Раптам Геракл пачуў голас, які клікаў яго, і ўбачыў прыкаванага да скалы тытана.
Геракл пазнаў Праметэя - сына Феміды, багіні справядлівасці, і тытана Іапета, ад якога пачаўся на зямлі род чалавечы.
Калісьці, у даўнія-даўнія часы, людзей на зямлі было мала. Нібы звяры, блукалі яны па лясах, палявалі на зверыну, елі сырое мяса, дзікія плады і карані, укрываліся звярынымі шкурамі і ў непагадзь хаваліся ў пячорах і дуплах дрэў. Розум у іх быў, як у малых дзяцей; яны былі бездапаможныя ў жыцці і безабаронныя супраць драпежных звяроў і грозных сіл прыроды.
Праметэй пашкадаваў людзей і захацеў памагчы ім.
Ён пайшоў да свайго сябра Гефеста, сына Зеўса, цудоўнага каваля і майстра. На выспе Лемнас, у нетрах вогнедышнай гары, была майстэрня Гефеста. Горача палаў у вялізным горне свяшчэнны агонь, без якога немагчыма ніводнае мастацтва і майстэрства. Тры аднавокія веліканы - Кіклопы - працавалі ў майстэрні Гефеста. Дзве статуі, якія ён сам адліў з золата, рухаліся, нібы жывыя, па майстэрні, і кульгавы бог-каваль абапіраўся на іх, калі куды-небудзь ішоў.
Праметэй застаў Гефеста за работай - бог-каваль каваў вогненныя стрэлы-маланкі для Зеўса-Грамавержца. Праметэй стаяў і глядзеў, як па-майстэрску працуе Гефест. Калі ж Кіклопы пачалі мяхамі раздзімаць агонь у горне і палаючыя іскры разляцеліся па ўсёй майстэрні, Праметэй злавіў свяшчэнную іскрынку і схаваў у пустой трысцінцы, якую трымаў у руцэ. Гэтую трысцінку з іскрай свяшчэннага агню Праметэй прынёс людзям, і людзі запалілі ад яе ўсюды на зямлі вогнішчы, ачагі і горны. Людзі навучыліся змагацца з прыродай, здабываць схаваныя ў нетрах зямлі медзь і жалеза, золата і серабро і вырабляць з іх розныя рэчы, зброю і ўпрыгожанні. Людзі пачалі будаваць сабе жыллё з дрэва і каменя і караблі з ветразямі, каб плаваць па рэках і морах. Людзі прыручылі дзікіх жывёл і прымусілі каня насіць на сабе чалавека, а казу і карову - карміць яго, а ў авечкі пачалі браць цёплую і моцную воўну для вопраткі. Святло ад свяшчэннага агню праясніла думкі людзей, абудзіла іх сонны розум, запаліла ў сэрцы імкненне да шчасця.
Читать дальше