Убачыўшы, што Геракл прачнуўся, сабака рынуўся на яго, учапіўся зубамі за яго вопратку. Геракл схапіў сваю дубінку, аперазаў сабаку, і той, заенчыўшы, пакаціўся на зямлю з прабітай галавою.
Тады з ускраіны барвовага лесу, што рос непадалёку, прыбег вялізны чырвоны пастух: і валасы, і барада, і твар, і вопратка - усё ў яго было чырвонае. Размахваючы сваім кіем і крычучы незразумелыя словы, ён накінуўся на Геракла.
Геракл спрытна выбіў кій з рук чырвонага пастуха і так моцна выцяў велікана ў грудзі, што той расцягнуўся побач з забітым сабакам.
Геракл падаўся ў лес і ўбачыў на ўзлеску два статкі: адзін чырвоны, як усё на выспе, другі чорны, як ноч, і вартаваў яго чорны пастух у чорнай вопратцы, з чорнымі валасамі і чорным тварам.
Убачыўшы Геракла, чорны пастух з крыкам уцёк у лес. Потым з лесу тройчы пачуўся страшны рык, і з-за дрэў паказаўся велікан Герыён. Тры тулавы, што зрасліся разам, крочылі на шасці нагах, тры галавы пазіралі грозна на Геракла, шэсць рук пагражалі яму. Геракл узняў свой лук - страла засвістала і ўпілася ў грудзі велікана. Адразу ж бяссільна схілілася адна галава, дзве рукі павіслі, як цявінкі, уздоўж цела, дзве нагі перасталі рухацца і валакліся за астатнімі, замінаючы ім. Але велікан быў ужо гэтак блізка, што Геракл не паспеў стрэліць другі раз. Ён узняў сваю дубінку і аперазаў Герыёна па другой галаве. І гэта абвяла таксама, і яшчэ дзве рукі апусціліся, і ўжо чатыры нагі матляліся ўнізе і заміналі Герыёну ісці. Тады Геракл адкінуў дубінку і схапіўся з веліканам урукапашную. Магутнымі рукамі ён абхапіў яго, і яны пачалі дужацца. Два мёртвыя целы перашкаджалі велікану, лішнія рукі матляліся бездапаможна па баках, лішнія ногі штурхаліся паміж нагамі - і неўзабаве прыйшлі Герыёну канцы.
Цяпер Геракл мог гнаць чырвоны статак. Чорны пастух уцёк. Чырвоны пастух забіты, і сам велікан валяўся на зямлі вялізнай мёртвай глыбай. Але статак не хацеў слухацца героя, валы не краналіся з месца. Геракл пачаў шукаць вакол, чым можна было б іх пагнаць, і знайшоў каля забітага пастуха чырвоную дудачку. Ён прыклаў яе да вуснаў, дудачка заспявала, і чырвоныя валы паслухмяна ўсталі з зямлі і пайшлі за Гераклам. Акружаны чырвоным статкам, стаяў Геракл на беразе акіяна і чакаў.
Увечары прыплыла залатая лодка, і Геракл папрасіў Геліёса перавезці яго са статкам на зямлю.
- Што скажуць людзі, калі ўбачаць, што Сонца вяртаецца назад? - сказаў Геліёс.
Але смелы герой спадабаўся богу Сонца, ён аддаў яму сваю лодку, а сам застаўся начаваць на выспе.
У залатой лодцы Геліёса Геракл давёз чырвоны статак да краю зямлі і пагнаў яго цераз горы, цераз чужыя краіны - у Грэцыю.
Па дарозе здарылася з імі шмат прыгод. Каля ракі Тыбра велікан Как украў у яго некалькі валоў. Гераклу давялося з ім біцца, і герой забіў велікана.
Потым адзін вол зваліўся ў мора; хвалі аднеслі яго ў Сіцылію, і Гераклу трэба было, пакінуўшы статак на Гефеста, плыць на выспу і біцца з царом Сіцыліі, які не хацеў аддаваць вала.
Нарэшце, ужо непадалёку ад Аргоса, Гера, якая ўсяляк старалася перашкодзіць Гераклу, напалохала валоў, і яны разбегліся. Ледзьве сабраў іх Геракл і прывёў у Мікены. А цар Еўрысфей падарыў увесь чырвоны статак сваёй заступніцы Геры.
Адзінаццаты подзвіг. Геракл даходзіць да краю свету і здабывае яблыкі Гесперыд
Даўным-даўно, калі на светлым Алімпе багі спраўлялі вяселле Зеўса і Геры, Гея-Зямля падарыла нявесце чароўнае дрэва, на якім раслі залатыя яблыкі.
Гэтыя яблыкі вярталі чалавеку маладосць, і той, хто змог бы іх дастаць, ніколі б не састарыўся.
Але ніхто з людзей не ведаў, дзе знаходзіцца сад, у якім расла дзівосная яблыня.
Пакуль Геракл, па загаду цара, хадзіў па зямлі і змагаўся са страшыдламі, Еўрысфей у сваім палацы старэў і з кожным днём рабіўся ўсё больш слабым і баязлівым. Ён пачаў ужо баяцца, што Геракл, перамогшы ўсіх на свеце, перастане яго слухацца і сам захоча стаць царом над усёй Грэцыяй. Еўрысфей вырашыў паслаць Геракла так далёка, каб ён не вярнуўся назад. Цар загадаў герою здабыць тры залатыя яблыкі з дрэва маладосці.
Геракл выправіўся ў свет шукаць залатыя яблыкі. Ён зноў абышоў усю Грэцыю з канца ў канец, пабываў у халоднай паўночнай краіне гіпербарэяў* і прыйшоў да ракі Эрыдану, дзе ўжо быў адзін раз. Німфы пазналі яго, пашкадавалі і навучылі, каб ён папрасіў парады ў марскога цара Нерэя, які бачыў усё, што схавана ад вока людзей.
* Так старажытныя грэкі называлі народ, што жыў на самай поўначы Грэцыі.
Читать дальше