Тут пан Завальня перапыніў:
— Кажуць, што некалі даўней, калі людзі больш дбалі аб славе Божай, такіх чараўнікоў палілі на агні або кідалі ў ваду. Чуеш, Янка, што робяць людзі, калі пабратаюцца з д’яблам? На свеце трэба быць асцярожным, чуў я за сваё жыццё шмат пра каго з такіх шкодных чараўнікоў, як Парамон.
— Можа, дзядзечка, рабіў ён гэта з дапамогаю нейкіх зёлак, можа, дудару і Акіму падліў у гарэлку блёкату ці іншае атруты, ад якой чалавек шалее.
— Не зёлкі такое робяць, а моц шатанская. І шкада, што вучоныя людзі не надта ў гэта вераць. Сам я ведаў аднаго паніча, які пра ўсё так казаў, быццам ніколі не вучыў ні катэхізіса, ні дзесяці прыказанняў Божых. Але што ж далей?
— Пасля свайго вяселля Карпа пачаў жыць не па-нашаму: хутка пабудаваў другі дом з вялікімі вокнамі, завёў сад, дзе цвілі вішні і яблыні, і жыллё яго больш было падобнае да шляхетскае сядзібы, чым да простае хаты. Так зафанабэрыўся, што пасадзіў пад вокнамі такія ж самыя кветкі, як і ў панскім садзе, з якіх аніякае карысці няма. Агапцы забараніў насіць шнуроўку і хустку, а загадаў апранацца ў такія паркалёвыя сукенкі, якія носяць шляхцянкі. Не хацела яна мяняць свайго ўбору. Ведала, што ўсе, бачачы яе ў дворскай вопратцы, будуць называць гультайкаю. Але ўсё ж мусіла пагадзіцца з ягонаю воляю і ў такім уборы палівала кветкі: Карпа меў шмат парабкаў — было каму ісці з сярпом на жніво. Пан бываў у яго на гасцінах. Меў Карпа грошы, меў і павагу, але ці ж у гэтым шчасце?
Заўсёды ён быў неспакойны ў думках сваіх; ніводнаму парабку ніколі не сказаў ласкавага слова, і Агапка не магла яму дагадзіць. Яе рэдкая ўсмешка здавалася яму здзеклівай, яе ціхмянасць ён называў глупствам, яе сціпласць і пацеры, якім навучыла маці, былі яму быццам пакаранне. Аднойчы загадаў, каб ні з адным парабкам не размаўляла, і гневаўся, што яна неруплівая. Бог ведае чаго хацеў.
Часам лаяў сваю жонку, што яна лайдакаватая. Адразу пасля захаду сонца ідзе адпачываць, і не хацеў, каб яна займалася да позняга якой-небудзь работай або малілася. Апоўначы часам уставаў з пасцелі і ля дзвярэй ці праз вакно размаўляў невядома з кім, выбягаў за дзверы і невядома дзе прападаў, аж пакуль певень не заспявае.
Меў ён прыяцеляў, якім даваў грошы і з якімі заліваў свой неспакой гарэлкаю; бывала, што па некалькі дзён не бачылі яго дома.
Аднойчы, калі чэлядзь пасля дзённае працы ўжо адпачывала, Агапка сядзела самотная ў пакоі і чакала мужа. Тут знянацку, нібыта ад маланкі, святло асвяціла сцены. Пасля зноў зрабілася цёмна. На Агапку нападае нейкая трывога. Нібы баючыся чагосьці, паглядае яна ў цёмныя куткі. Кот, пырхаючы, скочыў ад дзвярэй і, натапырыўшыся, застыў сярод хаты, свецячы неспакойным вокам. І тут заходзіць малады мужчына, прыгожа апрануты, на руцэ шмат залатых пярсцёнкаў, падпяразаны шырокім чырвоным поясам. Агапка ўзіраецца ў незнаёмы твар, што здаваўся досыць прыемным, толькі пагляд яго быў праніклівы, і першае ўражанне ад яго было страшнае.
— Кланем маладой гаспадыні, — кажа незнаёмец. — Што ж ты сядзіш такая самотная, нібы сірата якая? Глядзіш мне ў вочы: незнаёмы табе, але я цябе часта бачыў і добра ведаю. А дзе ж Карпа, мужык твой?
— Не ведаю. Трэці дзень, як яго не бачу. Дзесьці ў знаёмых, а можа, паехаў у горад. Чула, нешта такое казаў.
— Што яму рабіць у горадзе? Гуляе сабе, а карыстацца шчасцем не ўмее. Золата і срэбра мае шмат, а якая з яго карысць? Мог бы цуды тварыць. Мог бы збудаваць дом лепшы, чым гэты; такі, пра які старыя апавядаюць у казках, што ўвесь свяціўся золатам і срэбрам ды чыстым золатам быў накрыты. Мог бы сад развесці, як той, дзе спелі залатыя і срэбныя яблыкі, дзе спявалі б райскія птушкі; пад вакном раслі б у яго кветкі, ярчэйшыя, чым зоркі на небе. Вось гэты кот, варкочучы, баяў бы яму старыя дзіўныя гісторыі. З’ехалася б шмат паноў паглядзець на тыя цуды. І ён бы жыў лепш за караля. Ты маладая, прыстойная і разумнейшая за яго, пачынай жа сама гаспадарыць, а я буду табе памагаць, і мы здзівім свет.
Гаворачы гэтак, ён сеў на лаву поруч з ёю.
Агапка, гледзячы яму ў вочы, спыталася:
— Ці даўно ты знаёмы з маім мужам?
— Ведаю яго з дзяцінства. Я вандрую па свеце і служу шчаслівым людзям. Ты шчаслівейшая за іншых, табе хачу шчыра служыць.
— Хто ж ты такі і як тваё імя?
— Навошта табе ведаць маё імя? Я твой прыяцель. Згадзіся толькі на мае жаданні і мае паслугі, а пасля даведаешся пра ўсё. — І, сыплючы золата на зямлю ды гледзячы на Агапку, дадаў: — Бачыш, што я магу.
Читать дальше