Увечары, калі ўся сям’я зноў сабралася разам, гаспадар запытаўся ў пана Ротмістара, ці не памятае ён якую-небудзь старую аповесць, ці, можа, чуў яшчэ што з апавяданняў пра Драўлянага Дзядка.
— Калі быў яшчэ студэнтам у Полацку, — сказаў пан Ротмістар, — я любіў слухаць апавяданні. Гаспадар мае кватэры доўга служыў пры кляштары езуітаў. Ён часта расказваў незвычайныя гісторыі, якія сам чуў ад іншых. Гэта былі прароцтвы Драўлянага Дзядка асобным шкалярам. Некалькі тых апавяданняў я і цяпер яшчэ памятаю.
Некалі ў Полацку быў надзвычай лянівы да вучобы шкаляр. Ён часта ўцякаў з калегіі, цягаўся па розных краях, няраз, зазнаўшы голад і холад, пасля доўгае вандроўкі мусіў вяртацца ў бацькоўскі дом. Хоць і ведаў, што за такія ўчынкі будзе пакараны і зноў трапіць пад нагляд настаўнікаў, але ўцякаў пры кожным зручным выпадку. Бацька гэтага вучня быў чалавек небагаты і хацеў хоць не маёнткамі, дык, прынамсі, навукамі ўзбагаціць сваё дзіця. Колькі разоў адвозіў яго з дому ў горад, і калі словы-напаміны не дапамагалі, плаціў таму, хто згаджаўся быць сыну за неадступнага вартаўніка, не пакідаючы яго ні ў працы, ні ў адпачынку. Пад такім наглядам Люцэфуга мусіў студыяваць навукі, хоць усё адно ленаваўся. Прырода ўзнагародзіла яго здольнасцямі, і ён мог бы быць найлепшым вучнем, але быў першы толькі па свавольствах і непаслушэнстве.
У апошнія дні ліпеня ў полацкіх школах пачыналіся вакацыі. Шкаляры пасля іспытаў, перш чым раз’ехацца па дамах, гуртам прыходзілі пагутарыць з Драўляным Дзядком. Кожны пытаўся ў яго пра сваё. Адны хацелі ведаць, што думаюць настаўнікі пра іх стараннасць і паводзіны, другія — ці перавядуць іх пасля вакацый у вышэйшы клас, ці ўзнагародзяць кніжкаю ці абразкамі за стараннасць і поспехі ў навуках.
У гурце гэтых вучняў быў і той нядбайны шкаляр.
— Скажы, Дзядок, — пытаецца ён, — як мае стараннасць і паводзіны ацанілі настаўнікі і ці перавядуць мяне ў наступны клас?
Дзядок адазваўся журботным голасам, падобным да грымотаў з далёкае хмары:
— О! Люцэфуга! Люцэфуга! Ты як абрыдлы прусак, што хаваецца ад дзённага святла пад падлогаю або ў цёмнай шчыліне; засмучаючы бацькоў і настаўнікаў, ты і не думаеш выпраўляцца. Святло навук і цнатлівасць — гэта праваднікі на шляхах жыцця, без гэтага ліхтара ты будзеш блукаць сярод цемры і ніколі не даплывеш да Порта Спакою душы і шчасця.
Усе студэнты, што стаялі вакол, са смехам гучна паўтаралі: «Люцэфуга! Люцэфуга!» — і з гэтага часу ён не меў сярод таварышаў іншае мянушкі, апрача тае, якую атрымаў ад Драўлянага Дзядка.
Угневаны, ён пакінуў сваіх сяброў і, бегучы цёмным кляштарным калідорам, мармытаў сам сабе:
— Пустая драўляная галава плявузгае лухту, дае недарэчныя мянушкі, каб толькі пасмяяцца. О! Калі б я меў камень у кішэні, то яго лысая галава зазнала б гора!
Як і раней, бавіўся ён з прыяцелямі, а калі яму нагадвалі прароцтва Дзядка і называлі Люцэфугаю, казаў:
— Не навукі даюць чалавеку шчасце, а Фартуна; шмат хто не пакутаваў над кніжкамі, а жыве на свеце, раскашуючы. Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, — вось пра што я мару.
Прайшло чатыры гады. Бацькі яго памерлі, і Люцэфуга вылецеў у свет, як матылёк, шукаючы ўцех і весялосці; ён пералятаў з кветкі на кветку, збіраючы толькі атруту; сустрэў шмат падобных да сябе люцэфугаў і з радасцю пабратаўся з імі. Усё больш і больш прыкрае было яму дзённае нябеснае святло, ён заплюшчваў вочы, спаў дзень навылёт, а ўначы са сваімі прыяцелямі гуляў у карты, а тыя спрытна вызвалялі яго кішэні ад грошай і почасту даводзілі Люцэфугу да нэндзы.
Выбраўся ён урэшце ў свет, некуды далёка, у вялікі горад. Там хутка знайшоў знаёмствы і ўваход у дамы, куды частыя шумныя забавы вабілі адусюль моладзь. Тут сустрэлася яму нейкая панна Аўрэля, худая, тонкая, бледная, пустая і легкадумная (бо дбала толькі пра тое, каб быць лёгкаю, зграбнаю, найменей мець цела і як вецер лётаць у салонах). Доўгія бяссонныя ночы яна бавіла на балях і пагулянках. Там лёгка скакала вальс, нястомна лётала над падлогаю; рой залётнікаў заўсёды акружаў яе. Уставала з пасцелі, калі сонца хілілася да вечара. Сустрэў Люцэфуга яе на нейкім бале і ўзяў на вока; даведаўся яшчэ, што панна Аўрэля мае ўласную вёску і вялікія грошы. Маёнтак і грошы — рэчы, вядома, патрэбныя.
Аднаго разу на світанні вярнуўся ён дадому, зачыніў вокны, але не мог заснуць: Аўрэля стаяла ўваччу. Думаў, як лёгка яна таньчыць, якая зграбная, вясёлая, сапраўды эфірная нейкая, а яшчэ, здаецца, і характарам падобная да яго. О! Калі бы ён меў такую жонку, быў бы найшчаслівейшы з людзей, вечнае каханне і згода панавалі б між імі. А да таго ж — маёнтак і грошы. І ён вырашыў: што б там ні было, паведаміць ёй пра сваё каханне і прасіць яе рукі.
Читать дальше