Падрыхтаваўся скокнуць і сяджу маўчком…
Мы едзем, едзем!.. Знецярпеўся і цішком
Спытацца вырашыў: «Ці скора?» – ў гэту хвілю
Заўважыў, што набок штось голаў Грышка хіліць
І сена кінуў жменьку.
Гоп! – я ў гушчары.
Паехаў Грышка.
Справа – волат-дуб стары,
А злева цягнецца чарот густы, балота.
Парушыў цішыню крумкач паспешным лётам.
Каля алешыны я ўперад паглядзеў,
Непадалёку ад мяне чарот радзеў,
У ім неспадзявана вынікла паляна,
Яна была лясной гушчэчай прыхавана.
Я пільна слухаў, пільна ўглядваўся ў чарот,
Вялікі пазначаўся ім абшар балот.
Калі мяцёлкі пташка парушала часам,
Стаяў як укапаны, сэрца біла часта.
Здавалася ад шамацення шмат разоў:
То ж лось надходзіць! – Не! – я памыляўся зноў!
Бо шолах той змаўкаў, была наўкола ціша,
Мяцёлкі ветрык ледзьве толькі пакалыша,
Як пташка толькі сядзе, хіліцца гучок,
Сініччын толькі чуўся ценькі галасок.
Трывала гэтае чаканне мо з гадзіну,
Заеў быў нуд. І вось шчаслівая хвіліна —
Бег ліс палянай. Цэль хоць ледзь відаць,
Сабе падумаў: стрэлю! Стане там чакаць
Хто тых ласёў, няхай іх д'яблы!..
Ліс наўцёкі,
Як бы пачуў мяне за вольхаю высокай.
Шчыпаў марозік злёгку і калоў траха,
Зноў думаю: да ліха! рукі грэць жа льга.
Спусціў куркі, засунуў я ў кішэні рукі,
Прысеў на снег, гляджу бяздумна ў даль з дакукі.
Ахвотна папяроску закурыў пасля.
Ці ж можа дым той даляцець аж да лася?
І раптам нешта затрашчэла на паляне,
Як быццам чую я каня: то йдзе, то стане…
Ускокваю! шчоўк! шчоўк! куркі. Лаўлю гук той,
А сэрца б'ецца, хваляў у грудзёх прыбой.
Яшчэ хвіліна – рукі, ногі задрыжэлі:
За крокаў сто мо лось стаяў вялікі вельмі,
Выцягваў храпы звер – адразу, як нюхнуў,
І дух чужы пазнаў, і небяспеку ўчуў.
Раз! два! з дзвюх руляў пакаціўся гром усюды,
Лось скочыў у чарот маланкай з перапуду —
Ягоны тупат чуецца штораз слабей.
Зноў цішыня, чарот калышацца сабе.
Дзесь грымнуў стрэл, за ім другі адразу ляснуў,
Зноў ціша мёртвая.
Мінула многа часу,
Аж бачу – на паляне рухаецца штось,
Прыгледзеўся: там Грышка, з ім сыны і лось
На санях. Звер прыкметна іх сабой абцяжыў.
Курылі люлькі, йшлі радком утрох паважна.
* * *
Як я апавядаў пра свой залішні спех,
Смяяўся Грышка, саркастычны быў той смех,
За звычаем п'ючы з бутэлькі паляўнічай,
Дадаў:
«Ласі не верабейкі?! Так, панічу?»
III. ПЕРАД КУЦЦЁЙ [3] Куцця – гэтае слова ў аўтарскім рукапісе, у адрозненне ад публікацыі ў часопісе «Życie» і ў зборніку «Poezje», было не толькі перакладзена ў спасылцы на польскую мову, але мела іншае напісанне (куцья) і разгорнутае тлумачэнне: «Ужываецца на Літве. Слова гэтае сягае ў язычніцкія часы. Ад бажка, што ставіцца ў куце і завецца – Кут» (заўв. Лучыны).
«Куцця, паночку, заўтра, трэба ў поле рушыць,
Вялося так спрадвеку». —
«З дому йсці не мушу:
Мароз вялікі, вецер, дзе ні стань – шарпак,
Псы лапы зраняць».
Як сказаў я, Грышка так
І пляснуў у далоні з роспачы, няйначай.
«Паночку! што я чую?! Што ўсё гэта значыць?
Якая завіруха нават ні была б,
А трэба йсці. Няхай не слухае пан баб!
Ад іх, ад гэтага стварэння, шмат ліхога,
Не абышлося й тут без языка даўгога:
Зашкодзіць! – ляп! няможна! – ляп! абы мянціць.
Цьфу! – заўтра з паляўнічых дома хто сядзіць?
У дзень куцці паўсюдна ловы ладзяць людзі.
Як заўтра пан заб'е, дык цэлы год біць будзе,
Як пудла дасць, пасля і ўлетку, і зімой
Натрапіць… стрэліць… папакруціць галавой!
Шарак, забіты заўтра, многае пакажа, —
Як лось, казуля ў іншым часе, столькі ж важыць.
Ну хоць дразда забіць, хоць амялушкі дзве,
На птаства будзе шчасціць, і не дзе-нідзе.
Нам конча трэба йсці!» —
«Ат! слухаю пустое!
Лухта! Стары, а шчэ ўсё верыш у такое». —
«Лухта? Паночку!.. Вось жа ў недалёкі час
Базыль з Крывога Логу ў дзень куцці якраз
Ваўка і не забіў. Такі стралец!.. год цэлы
Пасля партач быў з партачоў, а ўсюды смелы.
Сам бачыў, схібіў у дзіка – хоць бы кусток,
Пытаюся: мо хворы?.. мо п'яны, браток?
Панурыўся, стаіць ён як дурны, аж шкода,
Мне ў дзень куцці той, кажа, воўк папсуў. Я згодны.
Забіў тады… аж радасна на сэрцы мне!
Клаў звера!.. хоць на крокаў сто і хвасянеш.
Пасыпалася шчасце мне, як з меха зерне.
Сава! – гляджу раз… луп!.. а падае цяцерка.
Абход удачлівы. Нагледжу свежы след
І адгадаю месца звера, ўвесь сакрэт». —
«Ну, досыць!.. Заўтра йдзем куды на паляванне?» —
«Ў лазняк». —
«А там ці знойдзем?» —
«З-пад зямлі дастанем!» —
«А потым?» —
«Праз хмызняк, што справа ад сяла,
З другога боку трэ заняць. Хрысту хвала!»
Читать дальше