Ён варухнуўся, звыклым жэстам рукі памкнуўся дастаць з пуфіка адзенне. Адзенне, аднак, там не было, і яшчэ не адна хвіліна спатрэбілася яму, каб уцяміць, што спаў ён, аказваецца, не распранаючыся. Але гэта, надзіва, не толькі не засмуціла яго, наадварот, чамусьці развесяліла ды дадало гумору.
- Вы прачнуліся, Станіслаў Мікалаевіч? - пачуўшы, мусіць, ягонае варушэнне, гукнула праз сцяну Зіна. - Тут Васіль Дарафеевіч да вас. Устанеце, ці яму ўвайсці?
- Падымуся сам, - адказаў ён і паспрабаваў перавярнуцца на бок, каб ямчэй было потым спускаць ногі на дол. Перавярнуцца, аднак, ніяк не ўдавалася: цела быццам скавала абручам, а рукі так спруцянелі, што і з выгляду нагадвалі прыхопленыя прымаразкам капусныя качарэжкі.
- Памагчы вам, можа? - западозрыўшы, мусіць, нешта не тое, зноў гукнула Зіна. - Дык жа кажыце.
- Дарафеевіч... - ціха паклікаў ён і ледзь-ледзь пасунуўся неслухмяным целам да сцяны.
Яны ўжо размаўлялі з доктарам каля паўгадзіны, а да сутнасці справы, да таго, што найбольш цікавіла Станіслава Мікалаевіча і найбольш яму цяпер абыходзіла, так усё яшчэ ніяк і не дайшлі. Дарафеевіч ветліва ўсміхаўся, распавядаў пра нейкія новыя метады лячэння, пра цуды выздараўлення, торкаў пад нос сігнатуры з апісаннямі лекаў, а як толькі даходзіла да галоўнага, адразу пачынаў муляцца, ды штосьці круціць-муціць, ды пераключацца на староннія тэмы. Урэшце Станіслаў Мікалаевіч не вытрымаў і задаў пытанне наўпрост:
- І колькі, па-вашаму, мне засталося ліпець?
Пытанне, хоць і прагучала неяк, як здалося яму самому, занадта ўжо па-кіношнаму, просталінейна, доктара, аднак, калі і збянтэжыла, дык ненадоўга, на адно імгненне, не болей. Наадварот, ён быццам даўно ўжо чакаў яго і цяпер мог, да радасці сваёй, скінуць з сэрца цяжар змушаных недагаворак і непрыемнага кружляння наўкола слізкай тэмы.
- Ох, майстар жа вы змушаць, Станіслаў Мікалаевіч, - сказаў і хутка, быццам, з боязі, што пацыент перадумае ведаць праўду, дадаў: - Ох, майстар! Ну, калі меркаваць па выніках ультрагукавога даследавання, то - з месяц. Плюс - мінус... Самі разумееце.
- Месяца мне дастаткова, - сказаў Станіслаў Мікалаевіч. - Упаўне. Упаўне дастаткова.
Лекар, збянтэжаны, мусіць, такою нязвыкла абыякавай рэакцыяй хворага на ягоныя словы, падняўся з месца, зазбіраўся адыходзіць.
- Калі што спатрэбіцца яшчэ - дайце знаць.
- Абавязкова. - Станіслаў Мікалаевіч прыўзняў голаў, варухнуў на развітанне рукою. - Дзякуй вам.
Сказаў тое і ўсміхнуўся: усё, што мела для яго значэнне, ён цяпер ведаў, астатняе, быў упэўнены, - справа характару. Характарам жа ды ўсім, што спрыяе яго гартаванню, як добрым, так і благім, Бог яго не абдзяліў. Галоўнае ж на гэтую вось хвіліну - падняцца.
Праз гадзіну ён быў на нагах. Калені і рукі няўзнак выпрасталіся, і ў галаве пасвятлела, і цела неяк увадначас наспружынілася - быццам сам Усявышні вёў яго ў патрэбным накірунку, надаючы моц для здзяйснення задуманага.
Першае, што ён зрабіў, адчуўшы якую-ніякую палёгку, - выправіў Зіну ў краму ды аптэку, хоць пільнай патрэбы ні ў харчы, ні ў леках не было. І, як толькі зачыніліся за кватаранткаю дзверы, адразу пасунуўся да ложка.
Рахунак быў на месцы, ціхамірна ляжаў у выдзяўбанай, відаць, ранейшымі гаспадарамі дома ды прыкрытай шпалерамі нішцы ў сцяне пры самым ложку. Там, дзе паклаў яго год таму, калі пасяліўся ў гэтым лядашчым, не ў прыклад не так ужо і шыкоўнай, але больш-менш дагледжанай сваёй кватэры за паўтысячы вёрстаў адсюль, якую прадаў неўзабаве пасля інфаркту ды выхаду на пенсію па інваліднасці, дамку. У дамку, які і набыў, уласна кажучы, не так дзеля даху над галавой, як не ў апошнюю чаргу і з намеру займець перад сыходам у лепшы свет хоць якую капейчыну з розніцы між прададзеным і набытым. Розніца ж аказалася, зрэшты, не такой ужо малой, на такую ён, папраўдзе, нават і не разлічваў. І цяпер трэба было ёю як след распарадзіцца.
Распараджацца грашыма ён умеў заўсёды. Нават у найгоршыя часы, у разгар перабудовы і пасля яе, калі ўсё наўкола кулялася-грымела і людзі ўвадначас гублялі гадамі наашчаджанае падчас чарговых дэвальвацый, у яго неяк атрымлівалася так, што заставаўся ён калі і не ў выйгрышы, дык і стратаў асаблівых не цярпеў. Можа, таму, што абавязак Ксені памагаць адчуваў, што і рабіў рэгулярна, пераводзячы на яе рахунак раз у пару месяцаў, а то і часцей, нягледзячы на слабыя пратэсты жанчыны, сякія- такія сумы. Ды і сябе крыўдзіць не было жадання на радасць розным ліхвярам-прайдзісветам. Жыць больш-менш прыстойна захочаш - чаму толькі не навучышся.
Читать дальше