Чортаў Бацька. Справа не з цяжкiх. Народзiць.
Заруба. Дзевят ага дурня... У бацьку пойдзе. Прыснiся такі Барданос - памрэш у сне ад жаху.
Рогат.
Гэй вы, мякiнныя галовы, гродзенскiя гракi, бручкаеды, бульбаглоты, глядзiце, як памiрае беларускi дваранiн, тысячу д'яблаў i пудовую свечку кожнаму з вас...
Рогат.
Гарэлiха. Чаго ж ты лаiссi, чаго?!
Заруба. З вамi iначай - як? Вы ж, халеры, i памерцi, як я, не сумееце.
Яўхiм. Заторкнiся!
Заруба. Гэта часам не ты, Яўхiм, сваю варону ў Вiльнi пазнаў?
Яўхiмiха. Не руш мужыка!
Заруба. Гэта часам не ты па бабскiм сваiм разуменнi свiнню за губернатара палiчыла?
Рогат.
I цi не ты гэта, Гарэлiха, на ўвесь вялiкi пост пеўня ад курэй адсаджвала, каб не грашыў, а потым здзiўлялася, чаго гэта пад квактухай адны баўтуны?
Гарэлiха. Цьху!
Яўхiм. Досыць.
Зарубу цягнуць да пня.
Заруба. I цi не вы гэта ўсе, скупеча ненажэрная, тэльбушына прагная, караля не еўшы спаць паклалi?.. (Перад плахай.) Стой. Пусцiце рукi. Глядзi, Беларусь, як памiраюць твае фанфароны-рыцары! Пляваць iм на гэтыя пасконныя пузы. Не баялiся каралёў - не збаiмося кароў... Гэй, божа ласкавы, падрыхтуй там для свайго Зарубы кварту мёду ды пару грэшнiц з пекла выпусцi... Га? Як для пакутнiка...
Сеў, абхапiў пень нагамi. Мужыкi з нейкiм нават спачуваннем ляпаюць яго па спiне. Чуваць выгукi: "Нiчога, хлопча"; "Не палохайся"; "Гэта ў нас хутка". Паспрабавалi нахiлiць яму галаву.
Прэч! Я на каленi не стаў. То i пню сам пакланюся. Лепей дубоваму пню, чым вам, пням стаяросавым.
Кастусь. Чакайце, мужыкi... Чорт аў Бацька, я вам гэтага чалавека не дам...
Чортаў Бацька. Гэ-эх... (Голасна.) Гэй, Гарэлiха!
Гарэлiха. Чаго ты яшчэ, чаго ты лопаiссi, п'янюга?
Чортаў Бацька. Можа б, i ты з iм?
Гарэлiха. Чаго гэта?
Чортаў Бацька. Хоць з панам разам паляжыш. Унукi ганарыцца будуць.
Рогат.
Во, маўляў, у нас бабця была.
Галасы. Давай, Гарэлiха! Карыстайся! А можа, даць iм часу да ранiцы?
Заруба (узняў галаву). З гэтай? Свят-свят-свят ! (Паклаў галаву.) Сячыце лепей адразу, чым такую пакуту мець.
Дабрадушны рогат.
Рагочуць. У дурня i песня дурная.
Яўхiм. Чаго гэта мы - дурнi?
Заруба. А то разумныя?.. Сядзеў я на вас задам, а сячэце вы мне чамусьцi галаву.
Галасы. Га-га-га, го-го-го, гык-гык-гык!
I тут разрагатаўся ўжо i Яўхiм. Рагоча, кiнуўшы сякеру.
Чортаў Бацька. Кастусь, га, Кастусь! Ну што з iм, чортам, рабiць?
Кастусь. Ды ён жа, па ўсiм вiдаць, не можа быць жорсткi...
Яўхiм. Не.
Кастусь. Астатнiх як хочаце. А гэтага... гэтага я ў атрад узяў бы. Ма-лай-чы-на! Нашага духу чалавек! Смехам вiруе, як кацёл... Ну што, громакiпячая бочка, пайшоў бы з намi?
Заруба. Ты - смелы. Сабой прыемны. Але якога гэта я д'ябла бяспятага з вамi пайду?
Кастусь. А таму, што ты смяешся. Нават сярод пакут ... Ты - месца апошняга ўспакаення курэй, гарэлкi i бульбы. Таму што любiш Беларусь.
Заруба. А вы за што?
Кастусь. За тое, каб паўсюль смяялiся i жартавалi.
Заруба. Недзе хiба не жартуюць?
Кастусь. На троне не жартуюць. Трон, цi ведаеш, неяк не хiлiць да нястрымнай весялосцi.
Заруба. Дык вы вось куды?.. Ф'ю-ю...
Кастусь. Што, страшна?
Заруба. Ды не... (Паважна.) Што ж... (Падае Кастусю руку.) Дав-вай пасмяёмся.
Рогат.
Чортаў Бацька. Што, брат Заруба, трошачкi... таго... перапалохаўся?
Арсень. А тут яшчэ той Яўхiм... Злез з печкi. Узрадаваўся.
Чортаў Бацька. Ён у нас такі. З'есць бульбы такую патэльню, што сучка мая не пераскочыць, а потым... сядзiць на печы, а б'е, як з горада.
Магутны рогат пакацiўся натоўпам.
Яўхiм. Ото ж болэйбус.
Гарэлiха. От дзе ж бо ўжо-ткi хiба такі!
Гоман. Цяпер убаку Арсень, Каралiна, Кастусь.
Кастусь. Збiрайцеся. I ты, Арсень?.. Не хапае там людзей.
Арсень. I я.
Чортаў Бацька (зусiм нечакана). I я.
Кастусь. Чаго?
Чортаў Бацька. Мне губляць няма чаго... Анi вабраза памалiцца, анi вяроўкi задушыцца.
Кастусь. З намi пойдзеш, то што ўжо што, а вяроўку дадуць.
Чортаў Бацька. I тое набытак... Дыхаць, праўда, нельга, але затое вiдаць далёка...
Читать дальше