Каб патрапіць сюды, зусім ня трэба было рыхтавацца і здаваць экзамены ці праходзіць нейкія сур’ёзныя субяседаваньні на прадмет разьвітасьці інтэлекту. Патрабавалася ўсяго пасьпець да сарака падняцца па наменклатурнай лесьвіцы не ніжэй за пасаду сакратара райкаму партыі, мець нармальнае здароўе, аб’ектыўную ацэнку якога зробяць на медычным аглядзе ў “крамлёўцы”, філіял якой знаходзіўся тут жа, у цокалі агромністага пятага корпусу. Ну і, вядома ж, характарыстыкі-рэкамендацыі і пастановы-накіраваньні бюро абкаму і ЦК саюзнай рэспублікі з адпаведнымі аб’ектыўкамі, заявай, аўтабіяграфіяй, асабіста запоўненым лістком па ўліку кадраў, фотакарткамі і г.д. А канчатковае рашэньне аб залічэньні персанальна па кожным прымаў Сакратарыят ЦК КПСС пасьля гутаркі ў намесьніка загадчыка арганізацыйна-партыйнай работы ЦК КПСС, сэнс якога ўвачавідкі быў прадэманстраваць увагу і важнасьць таго, чым належыць займацца два наступныя гады, даць зразумець, у якія высокія сферы ты патрапіў, да якіх важных справаў дапушчаны. Словам, два гады насельнікам Мітронаўскай слабады прадстаяла тэарэтычна падкоўвацца, набраць практычнага вопыту, каб узьляцець на новую вышыню...
Маёй пасады намесьніка загадчыка аддзелу абкаму хапала аж занадта, каб паступіць у галоўную партыйную вучэльню, пра якую, шчыра кажучы, і ня думаў. Падбухторылі па-сяброўску: не ўпусьці магчымасьць – Аляксей Саўчык і Эдзік Наготка, адзін з якіх вучыўся на першым, другі – на другім курсе, і, натуральна, мелі поўнае ўяўленьне пра Мітронаўскую слабаду, маляўніча апавядалі пра тамашняе вольнае жыцьцё-быцьцё. З Аляксеем мы некалі служылі разам у пагранвойсках, а з Эдзікам зналіся па Жалудку, дзе ён кіраваў раённай камсамоліяй. Паехаць на два гады ў Маскву, вядома, было заманліва, але якраз тады і жонка вучылася ў медінстытуце, і сын толькі што пайшоў у школу, таму яшчэ і мне кідацца ў вучобу – гэта ўжо было занадта... Але мая новая пасада вымагала ня толькі пісаць, але і выступаць публічна перад рознымі, у тым ліку добра падрыхтаванымі тэарэтычна аўдыторыямі, і амаль заўсёды востра, нават балюча адчуваў недахоп сістэматызаваных ведаў па грамадска-палітычных дысцыплінах, пакутваў, падбіраючы матэрыял. Каб не апроставалосіцца, выступаў па-пісанаму, згараючы ад сораму, калі не ўдавалася з ходу прамовіць нейкае вучонае мудрагелістае слова, скурай адчуваючы рэакцыю залы, іншы раз хацелася скрозь зямлю праваліцца... Жонка была рашуча за тое, каб ехаў на вучобу: як-небудзь пераб’ёмся-перакідаемся, дый стыпендыю будзеш мець усяго на нейкіх дваццаць рублёў меншую, чым цяперашні заробак... Усё яно, канешне, так, але... Нешта замінала, супраціўлялася рашыцца пакідаць на два гады малога сына і жонку-студэнтку з трыццацірублёвай стыпендыяй. Круціліся і іншыя варыянты: можна завочна ў Менскую ВПШ, два разы на год езьдзіць на сесіі. Але завочна я ўжо канчаў універсітэт і добра ведаў, як там вучацца... У рэшце рэшт можна ўсур’ёз заняцца самаадукацыяй, засесьці за літаратуру па філасофіі, палітэканоміі... Толькі разумеў: пры той шалёнай нагрузцы на рабоце, хатніх клопатах, што зваліліся на плечы ў сувязі з жончынай вучобай – то чыстая ілюзія... Я вагаўся, жонка ж настойвала: не глядзі ні на што – едзь, а мы тут як-небудзь управімся. Калі што – маці прыедзе... Трэба думаць і пра заўтрашні дзень...
Я, канешне ж, гэтаксама ня мог ня думаць пра заўтрашні дзень. Больш за тое, пасьпеўшы трохі пакруціцца-паварыцца ў наменклатурным асяродку, ня мог заставацца свабодным ад пэўнага ўплыву ягонай карпаратыўнай псіхалогіі, ягоных жыцьцёвых арыенціраў. Былі, канешне, і натуральныя кар’ерныя амбіцыі, памкненьні, для задавальненьня якіх дыплом прэстыжнай элітарнай вучэльні вельмі і вельмі дарэчы... І нарэшце, як, пэўна, усе, каго нейкія абставіны змусілі вучыцца завочна, хто ня зьведаў існага студэнцкага жыцьця, адчуваў сябе трохі абдзеленым лёсам, было неадольнае памкненьне акунуцца ў хоць запозьненае, але студэнцтва, тую мітронаўскую вольніцу, пра якую з гэтакім захапленьнем расказвалі ўсе, каму пашчасьціла паспытаць яе.
Намер прасіцца на вучобу ў Маскву мой непасрэдны шэф Ульяновіч успрыняў без усялякага энтузіязму, але згадзіўся падтрымаць. А як дайшло да Мікуловіча, той тут жа паклікаў і заявіў:
– А нашто табе дарма час губляць?.. Дыплом атрымаеш і завочна, у Менску. Усё роўна яны аднолькавыя... Пакуль у Маскве будзеш дурня валяць ды штаны праціраць, тут можна падняцца да...
Ён не сказаў, куды магу падняцца, але, як і кожнаму прыемна і ганарова, калі яго цэняць, бачаць у ім персьпектыву, вельмі ўсьцешыла душу. Шчыра прызнаўся, што хвалюе мяне не дыплом, галачка ў анкеце, а найперш адсутнасьць сістэмных ведаў па грамадскіх навуках, паколькі універсітэт канчаў завочна, а зараз даводзіцца камплексаваць, пачуваць сябе прафанам, няздольным размаўляць на роўных з адукаванымі людзьмі, з якімі даводзіцца мець справу па абавязку службы. Мусіць, ня часта яму даводзілася чуць, каб нехта шчыра прызнаваўся ў сваім невуцтве і прафанстве, паглядзеў на мяне з павагай і разуменьнем і прапанаваў:
Читать дальше