люду ўсчаўся вялікі ажыятаж і за тое, каб патрапіць у сьпіс абраных, і за прэстыжныя паверхі. Аднак, як толькі змрачнаватая на выгляд дзевяціпавярховая няўклюдная аграмадзіна на 24 кватэры, якую мясцовыя дасьціпнікі тут жа празвалі бункерам, кідка ўпісалася ў гарадскі ланшафт і была падрыхтавана да засяленьня, першы сакратар абкаму Кляцкоў перадумаў сам засяляцца і загадаў: паказаць усе кватэры Быкаву, якую выбера – выпісаць ордэр. А незамужнюю Вольгу Корбут усяліць у трохпакаёўку. Астатнія – аддаць тым кіруючым работнікам, хто мае рэальную патрэбу ў паляпшэньні жылёва-бытавых умоў.
Васіль Уладзіміравіч выбраў чатырохпакаёўку на чацьвёртым паверсе, мне дасталася такая ж двумя паверхамі вышэй. Дакладна ведаю, што кватэру ён ні ў кога не прасіў, заяву напісаў для праформы заднім чыслом па просьбе гаспадарнікаў, калі ордэр на засяленьне і ключы ад кватэры былі ў ягонай кішэні. Ён быў рады атрымаць прасторнае жыльлё, і перш за ўсё таму, што рашаліся ўсе праблемы з ягонай вялізнай бібліятэкай, бо невялічкая кватэра па вуліцы Сьвярдлова ўжо стала нагадваць кніжны склад. І канечне ж, хто ня хоча пажыць па-людску, калі ёсьць такая магчымасьць і калі па вялікім рахунку ты гэта заслужыў? Будаўнічыя недаробкі былі звычайнай і натуральнай зьявай, нават на абкамаўскіх аб’ектах. Гэта сёньня, маючы грошы, можна наняць любую рамонтна-будаўнічую брыгаду, якая зробіць хутка і якасна ўсё, што твая душа пажадае. Грошы ў Быкава тады былі, але не было будматэрыялаў і людзей, якія ўзяліся б усё зрабіць па-людску. Даводзілася даводзіць да ладу сваімі рукамі – бегаць па магазінах, даставаць фарбы, лак, клей, нават крэйду і замазку. Як знаёмыя і блізкія суседзі мы па колькі разоў на дні сыходзіліся, раіліся, кааперыраваліся. Засьведчу толькі, што абсталёўваў сваё новае жытло ён з любоўю, вялікім імпэтам, разважлівай сялянскай самавітасьцю. У адрозгненьне ад сваёй гарадзенскай дачы, якую цярпець ня мог. Ды і да менскай, здаецца, ня меў вялікай любові...
Але не наканавана было яму пажыць-парадавацца ў тых шыкоўных апартаментах (як і мне таксама) – праз нейкіх пару гадоў мы адзін за адным па розных прычынах зьехалі ў Менск. І ўвогуле гэтая кватэра для ягонай сям’і аказалася
нешчасьлівай. Сын Васіль знайшоў сваю палавінку зусім побач – злюбіліся-пажаніліся з дачкой генерала, што жыла ў суседняй трохпакаёўцы. Толькі сышліся, як наваліліся беды – адно за другім сталі паміраць маці, цесьць, цешча. Спрытныя чыноўнікі палічылі, што дзьве кватэры для маладой сям’і гэта ўжо занадта, праўдамі-няпраўдамі выжылі з абодвух у дом па Сьвярдлова, дзе раней жыў Быкаў, прыхапіўшы шыкоўныя кватэры сабе.
У людзей, хто мала ведаў Васіля Уладзіміравіча, меркаваў пра ягоную асобу па фотакартках, відэазапісах, складвалася ўражаньне, што пісьменьнік быў заўсёды строгі, сур’ёзны, пануры, пахмурны, нават злы. Нейк здаралася, што не апыналася побач добрых фатографаў, калі Быкаў быў у гуморы, вясёлы, лагодны, сыпаў жартамі, расказваў розныя сьмешныя гісторыі і здарэньні, у якія трапляў сам ці нехта з блізкіх знаёмых. Асабліва – Карпюк, якога пры ягоным экстравагантным характары заўсёды падпільноўвалі розныя камічныя сітуацыі. Некалькі гэткіх карпюкоўскіх гісторыяў – як той пісаў ліст маршалу Жукаву, езьдзіў у Маскву да генерала Гарбатава ствараць таварыства цвярозасьці, насіў здаваць знойдзеныя карабіны – Васіль Уладзіміравіч уключыў у “Доўгую дарогу дадому”, але пададзеныя ў іншым жанры, яны гучаць тут даволі прэсна ў параўнаньні з тым, як ён вусна апавядаў гэтыя і іншыя шматлікія карпюкоўскія гісторыі. Карпюк ведаў, што Быкаў расказвае пра ягоныя прыгоды, але ніколі не крыўдзіўся, нават быў задаволены, часам нешта ўдакладняў на поўным сур’ёзе – і тое было яшчэ сьмяшнейшым. Шкада, што нікому ў галаву не прыйшло запісаць гэтыя аповяды на магнітафонную стужку – была б арыгінальная, вельмі сьмешная кніжка, мо яшчэ сьмяшнейшая, чым знакаміты ананімны лысагорскі сказ. Памятаю, неяк па дарозе на Воранава, куды мы ехалі з мінскімі гасьцямі, зайшла гаворка пра набыцьцё машынаў і Васіль Уладзіміравіч пачаў расказваць, як Карпюк абзаводзіўся асабістым транспартам – спачатку “Масквічом”, потым веласіпедам, каб быць падобным на Льва Талстога. Мы ўсе аж поўзалі ад сьмеху, а вадзіцель спыніў машыну: “Не магу-у...” А калі трохі суняліся, Быкаў пачаў у тым жа тоне апавядаць пра свае шафёрскія прыгоды – ён толькі што атрымаў правы і аб’язджаў купленага “Жыгуля”. Асаблівыя праблемы ў яго былі з левым паваротам: як ўжо ні стараецца, а матор, як на злосьць, як на якое ліха глухне ўпоперак дарогі, перагарадзіўшы рух. Утвараецца затор, вадзіцелі грузавікоў крыюць мацюкамі, махаюць кулакамі, сёй-той нецярплівы выскоквае з манціроўкай. І падаваў пра свае шафёрскія прыгоды-нягоды з гэтакім гумарам, што каб і хацеў утрымацца ад сьмеху – не зможаш. Як і пра тое, як яго грузіны раз і назаўсёды яго ад радыкуліта вылечылі, кінуўшы спаралізаванага ад болю ў сьцюдзённую рэчку, а потым адпаіўшы і расьцёршы каньяком.
Читать дальше