Прайшоўся па рэдакцыі. Тыя ж кабінеты, праўда, некаторыя аддзелы, у тым ліку і мой родны сельгасгаспадарчы, перамясьцілі, але ў асноўным знаёмыя блізкія людзі. Пазнаёміўся з новым адказным сакратаром – Мікалаем Валяр’янавічам Сасноўскім, сярэдняга веку, гаваркім мацаком невысокага росту. Але больш за ўсё зьдзівіла, што ў крэсьле загадчыка сельгасаддзелу сядзеў Васіль Мацюшаў. Да арміі ён кіраваў дабітым да ручкі калгасам “17 верасьня”, куды езьдзілі, калі тэрмінова, у нумар патрэбен быў нейкі крытычны матэрыял. Было дзіва дзіўнае, як ён апынуўся ў рэдакцыі ды яшчэ загадчыкам сельгасаддзелу і маім непасрэдным начальнікам, каго да арміі я больш чым хто чахвосьціў у хвост і грыву за безгаспадарчасьць. Іван Пятровіч патлумачыў і супакоіў: райкам упрасіў патрымаць, пакуль нешта падшукаюць, так што не зважай, ён усё роўна пісаць ня ўмее, пастаўляе факты... У тым я неўзабаве пераканаўся, калі ў першы ж рабочы дзень Вася (так яго ўсе звалі) паклаў на стол, папрасіў пачытаць і паправіць сваю малюсенькую нататку для падвёрсткі на першую паласу. Прабег вачамі: “Камуністычная партыя і савецкая ўлада штодзённа клапоцяцца аб павышэньні жыцьцёвага добрабыту савецкіх людзей. Пра гэта яшчэ раз сьведчыць, што рашэньнем гарсавету ў Шчучыне расшыраны гарадскія могілкі на 2,5 га” – і пакаціўся ад рогату. Аказалася, усе свае матэрыялы ён пачынае па гэтым трафарэце, інакш нічога не атрымліваецца. Вася быў абсалютна бяскрыўдны і памяркоўны, па натуры добры чалавек. З ім мы адпрацавалі месяцы два, тым ня менш ён пасьпеў учыніць мне “дыверсію”: пасьля двухгадовага перапынку неўпрыкмет прывучыў да папярос. Спачатку: ну, пацягні разок, нічога ня здарыцца... Пацягнуў раз, другі, трэці – і пайшло-паехала...
Засумаваўшы па любімай рабоце, з небывалым імпэтам калясіў на амаль яшчэ новенькім матацыкле “К-740” па знаёмых калгасах, саўгасах і з найвялікшай цікавасьцю асвойваў Астрынскую зону, якая пасьля ліквідацыі раёну зімою адыйшла да Шчучына. Ня ведаю, чаму раён называлі па імені сярэдняй па велічыні вёскі Васілішкі, калі ўсе раённыя ўстановы знаходзіліся ў даволі салідным гарадскім пасёлку Астрына. Астрына была ўсяго ў няпоўных дзесяці кіламетрах ад нашай вёскі, аднак чамусьці ня надта прыцягвала мясцовых людзей, ва ўсякім разе куды менш, чым у паўтара разы далейшы Скідзель, гэтаксама чужы райцэнтр. У Астрыну ніхто з нашых не ішоў вучыцца ў дзесяцігодку, на базар возам езьдзілі часьцей ў Скідзель альбо за 25 вёрст у Шчучын, чым сюды. Наколькі сябе помню, гэты край заўсёды выклікаў нейкія змрачнавата-страхавітыя асацыяцыі. Мо таму, што быў у паўночным накірунку, дзе ніколі не завісала сонца, і там ляжала змрачнаватае ўрочышча з выразнай назва Цягніліха, дзе спрадвеку блудзілі грыбнікі, непадалёк ад якога і прадзіралася праз гушчары дарога на Астрыну. І вядома ж, таму, што
гэта былі ўжо адлесьсі Дубічайскай пушчы, дзе аж да пачатку пяцідзесятых гадоў хаваліся арміякраёўцы і літоўскія “лясныя браты”, якія час ад часу забрыдалі і да нас. Апошні іхні візіт запомніўся тым, што вечарам праз акно застрэлілі старшыню нашага сельсавету Аніську, які выступаў на сходзе перад вяскоўцамі. Гэта было, калі я вучыўся ў пятым класе...
Пасьля доўгага перапынку пісалася раскавана, лёгка, натхнёна ва ўсіх газетных жанрах, і ня толькі для роднай газеты. І ўсё гэта ня надта замінала падрыхтоўцы да ўступных экзаменаў на завочнае аддзяленьне журфаку
Белдзяржуніверсітэту, паколькі грунтоўна рыхтаваўся яшчэ ў арміі. Не пакідала і паэтычнае натхненьне, “пайшлі” і гумарыстычныя апавяданьні. Першае ж з іх пад назваю “Удалая пастаноўка” зьявілася ў “Вожыку”, а неўзабаве аказалася перадрукаваным у перакладзе ва ўкраінскай “Літаратурнай газеце”, пра што даведаўся з “ЛІМа”. Паслаў у рэдакцыю ліст з просьбай прыслаць той нумар газеты і неўзабаве атрымаў з Кіева пакет з газетай і пісьмом з падзякай за, як было сказана, сапраўды ўдалую пастаноўку. Гэта для мяне было ня толькі радасьцю, але і вялікім стымулам. Менавіта з гэтай вожыкаўскай публікацыі, здаецца, і пачалася мая большменш асэнсаваная літаратурная дзейнасьць як празаіка...
Праз тыдні тры паехаў у Гародню пабачыцца з Міхасём Восіпавічам Васільком, заадно, вядома ж, паказаць яму свае новыя вершы. Але на маё засмучэньне ён быў недзе ў ад’езьдзе, і вершы з просьбай перадаць Міхасю Восіпавічу пакінуў Ірыне Міхайлаўне Суворавай, якая сядзела з Васільком у адным кабінеце. Амаль усе пакінутыя вершы неўзабаве былі надрукаваныя асобнай падборкай, а з Міхасём Восіпавічам так мне і не ўдалося сустрэцца-пабачыцца. Закруцілі ўступныя экзамены, затым месячная ўстановачная сесія ў Менску. Не пасьпеў і вярнуцца, як ашаламляльная вестка: памёр Міхась Васілёк!.. Прынёс яе ўласны карэспандэнт “Гродзенскай праўды” па шчучынскім кусьце Яша Флякс, які толькі што вярнуўся з рэдакцыі. Міхась Восіпавіч не хварэў, па словах Яшы, адчуваў сябе малайцом, ніхто і падумаць ня мог...
Читать дальше