Прывыкаў ён да сваёй славы, дакладней – непазьбежных атрыбутаў і ўмоўнасьцяў па абслугоўваньні яе, цяжка і пакутліва, здаецца, так і не прывык да канца дзён сваіх. Канечне ж, ён ведаў сабе цану і самыя высокія прэміі, званьні, узнагароды, іншыя знакі ўвагі прымаў як належнае, як заслужанае, але ніколі, ні пры якіх абставінах не дазваляў сабе, як гэта рабілі многія, шукаць нейкія крывыя сьцежкі, каб атрымаць яшчэ адзін знак увагі. Ён быў горды і адначасова абсалютна просты, даступны чалавек, арганічна не выносіў пыхі, фанабэрыі, гульні ў геніяльнасьць. Я ня ведаю ніводнага чалавека, хто выстаўляў напаказ сваю нібыта абранасьць і геніяльнасьць, з кім таварышаваў Быкаў, але ведаю нямала блізкіх ці сімпатычных яму людзей, з якімі разыходзіўся рашуча і беззваротна, як толькі тыя захворвалі на фанабэрыю і месіянства, хваробу, якую мы ўжарт назвалі іменем аднаго вядомага літаратара, які сваім галоўным недахопам лічыў няўменьне пісаць кепска і, калі даймалі зайздросьнікі, нібыта сьпецыяльна пачынаў шрайбаць левай нагою, як усе, але прачынаўся раніцай, перачытваў – і атрымлівалася, што напісанае зноў
геніяльнае. Жарт жартам, але гэтая хвароба, як іржа, разьядала і разьядае многія пісьменьніцкія душы. У Быкава да гэтага “ізму” быў абсалютны імунітэт, катэгарычны маральны імператыў, які, чаго там хаваць, нярэдка ўскладняў і без таго няпростае ягонае, у тым ліку і асабістае, жыцьцё. Так, па вялікім рахунку Быкаў быў чалавекам прынцыпу, але калі казаць па шчырасьці, не заўсёды яму хапала прынцыпу і мужнасьці пасылаць к чортавай матары людзей яму несімпатычных, што заўсёды таўкліся-круціліся каля яго, цану якім ён выдатна ведаў. Нейкі ледзь ні гіпертрафіраваны душэўны такт замінаў яму некаму ў нечым адмовіць, праз што часам трапляў у складаныя, нават камічныя сітуацыі. Асабліва напачатку сваёй славы. Прыгадваецца, як пасьля адзначэньня юбілею на афіцыйным узроўні з узнагароджаньнем трэцім па рангу ордэнам напісаць, зьняць на кіна- і відэа стужку Быкава, узяць інтэрв’ю ў нядаўна апальнага пісьменьніка захацелі сотні айчынных і замежных тэле-радыёкампаніяў, студыяў кінахронікі, рэдакцыяў газетаў. Яму званілі, дамаўляліся, а то і без усялякай дамовы (падумаеш, правінцыя!) ехала ў Гродна Бог ведае адкуль пішучая і здымаючая брація. Яму, негаваркому па натуры, трохі каснаязыкаму кожнае інтэрв’ю, асабліва відэазапіс даваўся надзвычай цяжка, патрабаваў душэўных сілаў і часу. Словам, для Васіля Уладзіміравіча пачаўся суцэльны кашмар. Не падымаў тэлефонную трубку, прасіў жонку казаць, што яго няма дома і невядома, калі будзе, прыкідваўся хворым, але ня так проста ўлізнуць ад вопытных “акулаў пяра”. Хаваўся ў сяброў, выязджаў на прыроду. Але ж трэба было карпець над новай аповесьцю, а пісалася толькі за сваім сталом. Неяк пад вечар Быкаў пазваніў мне і папрасіў тэрмінова сустрэцца. Ён быў змрочны, здавалася, аж учарнеў, нават схуднеў за тыя тыдні два-тры, як ня бачыліся. Неяк асуджана сказаў, што ўспамінае, як рай нябесны, часы, калі яго лупцавалі з усіх бакоў: тады хоць можна было працаваць, а зараз няма ніякага ратунку ад розных інтэрв’юераў, распытвальшчыкаў, здымальшчыкаў, запрашальшчыкаў.
З ранку да позьняга вечару – і ніякага канца не відно...
– А што рабіць, Васіль Уладзіміравіч? – пажартаваў я. – Як кажуць, цярпі Зося, так прышлося – слава, як і прыгажосьць, патрабуе ахвяраў... – І дадаў сур’ёзна: – Ды пасылайце вы сяго-таго к чортавай матары...
– Яно, канечне, так... – згадзіўся Быкаў і замоўк. Адчувалася, у яго ёсьць нейкая справа-просьба да мяне. Ён не любіў такіх спраў, зьвяртаўся толькі ў крайнім выпадку, пры гэтым пачуваў сябе заўсёды нейк вінавата, бы намерваўся
ўзваліць на цябе свае нямаведама якія цяжкія клопаты. Пасьля паўзы сказаў:
– Слухай, а ці ня мог бы ты памагчы мне па-сяброўску адбівацца хоць ад самых нахрапістых праныраў? – І злавіўшы мой трохі зьдзіўлены погляд, патлумачыў:
– Ня будзеш вельмі супраць, калі жонка званкі пачне скіроўваць на цябе? А ты сам рашыш, каго варта ўважыць, каго – ты ведаеш куды пасылаць... Дый з тваёй пасады лягчэй адганяць ...
Канечне ж, я ня мог адмовіць Васілю Уладзіміравічу і, пэўна, месяцы два-тры, пакуль трошкі не ўляглося, выконваў абавязкі “дысьпетчара-рэгуліроўшчыка” ў ягоных стасунках-дачыненьнях з прэсай і грамадскасьцю. Ды і пасьля даводзілася ня раз рашуча аберагаць занятага творчай справай пісьменьніка ад занадта рашучых і назойлівых аматараў “пакалякаць” з Быкавым ці займець яго ў якасьці вясельнага генерала. Ён ведаў гэта і заўжды плаціў удзячнасьцю.
Читать дальше