Калі вярнуліся бальшавікі, яны арыштавалі таго рускага за тое, што працаваў на акупантаў. Апраўдваючыся, ён, бедалага, расказаў і пра свой удзел у выратаваньні каштоўнай касьцёльнай маёмасьці. Выклікалі ў кадэбэ ксяндза. Ён, вядома, пацьвердзіў гэта, чым крыху зьмякчыў лёс няшчаснага суайчыньніка кадэбістаў.
31 ліпеня 1985 году. Нягледзячы на такія сапраўдныя патрыятычныя подзьвігі ксяндза Рыгора Каласоўскага, нельга сказаць, што бальшавікі і розныя бальшавічкі шануюць яго. Некалькі разоў на яго нацкоўвалі раённую газету. А гэтыя органы партыі ў такіх выпадках вельмі разьвязна паклёпнічаюць. Бясконца правяраецца кніга касьцёльных прыбыткаў. Касьцёл абкладаецца непамерна вялікімі падаткамі. Ксёндз вымушаны быў прадаць і сваю машыну, каб пакрыць іх. Ды й ня толькі гэта была прычына адмовы ад легкавой машыны: пачалі калоць яму ў вочы “багацьцем богаслугі”. А як па-грубіянску размаўляюць з ім упаўнаважаныя па справах культаў – і абласны, і рэспубліканскі.
Андрэй Залескі набраўся нахабства і нядаўна націскаў на айца Рыгора, каб ён даў яму інтэрв’ю да апублікаваньня яго ў асноўным за мяжою пра рэлігійную “свабоду” ў Савецкім Саюзе. Каб дамагчыся свайго, гэты высокі чыноўнік нават намякаў, што будзе садзейнічаць, каб ксяндза Каласоўскага “зрабілі” біскупам на ўсю Беларусь. Ксёндз Каласоўскі не паддаўся ні націску, ні угаворам, ні подкупам.
Дарэчы, гісторыя з беларускім біскупам – яскравае сьведчаньне рэлігійнага ўціску католікаў. Многія беларускія ксяндзы лічаць сваім біскупам – біскупа Драгічынскай дэцэзіі, што ў Польшчы (!) з вялікай цяжкасьцю, але ж мусяць падтрымліваць з ім кволыя сувязі. На цэлую “рэспубліку” няма ніводнага біскупа, ніводнай дэцэзіі, а павінна б быць добры дзясятак дэцэзіяў, кожная з адным-двума іерархамі; агульнарэспубліканскі прымас. Мы марым пра свайго кардынала. А адкуль ён будзе, калі няма зусім біскупаў?
Новы праваслаўны мітрапаліт Менскі і Беларускі Філарэт песьціць ужо надзею ўзначаліць і каталіцкую царкву на Беларусі. Так і сказаў ён: “Пошто они требуют своего епископа? Я могу быть и им епископом…” Да гэтага дапусьціць нельга. Гэта задума, ведаючы Філарэта, вельмі далёкая ад прагрэсіўнай ідэі экуменізацыі. Гэта шлях да зьнішчэньня каталіцтва на Беларусі, гэта дапамога ўраду ў спыненьні ўплыву Ватыкану на Беларусь. Я сказаў сваю думку айцу Рыгору! Ён мяне выдатна зразумеў.
Усяго толькі на ўсю Беларусь каля трыццаці пяці ксяндзоў. На добры лад, дык у адным Менску іх магло б быць столькі. Але ж у “сталіцы рэспублікі” толькі ў 1982 годзе дазволілі адчыніць адзіны касьцёл – колішні храм на Кальварыйскіх могілках!
Вельмі дрэннае становішча і з падрыхтоўкай маладых ксяндзоў. У Беларусі зусім няма дзе рыхтаваць іх. У такім каталіцкім цэнтры, як Вільня, падрыхтоўка ксяндзоў вядзецца толькі на літоўскай мове. Канешне, братцы летувісы ў гэтым выпадку паступаюць эгаістычна. Яны нават для патрэбаў Літвы маглі б рыхтаваць нямала ксяндзоў і на беларускай, і на польскай мовах. А крыху больш прыём зрабілі б, хапіла б і нам. Аднак там каталіцкія іерархі палічылі за лепшае аб’яднацца з камуністычным урадам і садзейнічаюць яму хутчэй асіміляваць беларусаў і палякаў. О, рэлігія, можа, наймагутнейшы сродак асіміляцыі!
Па-брацку паступаюць у Латвіі. Тут пануе высакародны рэлігійны інтэрнацыяналізм. Ксяндзы рыхтуюцца на латышскай, польскай і рускай мовах. Апошнія дзьве нам падыходзяць. Туды час ад часу і едзе адзін-два маладыя беларусы, каб падрыхтавацца да катаржнай у савецкіх умовах духоўнай кар’еры. Мы чакаем ад некага ласкі, чакаем іншародных, іншамоўных маладых сьвятароў і кажам за іх шчырае дзякуй. А праблема ўсё-ткі застаецца нявырашанай з падрыхтоўкай сваіх, беларускіх ксяндзоў і на сваёй, беларускай мове. Калі мы гэтага дачакаемся? Дзе ж тая рэлігійная свабода, пра якую крычыць “таварыш Залескі”?
Ксёндз Каласоўскі сам рыхтуе сабе замену. І цудоўна падрыхтаваў добрага хлопца Генрыха. Яму трэба толькі зьездзіць у Рыгу, здаць экзамены і атрымаць неабходнае высьвячэньне. Але ва ўмовах савецкае “свабоды” гэта ня так лёгка ажыцьцявіць: патрэбны пісьмовы дазвол Залескага. Да яго ўжо зьвярталіся, але ён адмовіў у такой “ласцы”! Ёсьць падазрэньне, што Залескі хоча дачакацца сьмерці Рыгора Каласоўскага раней, чым будзе тут малады ксёндз. Мэта зразумелая: закрыць касьцёл як функцыянальны рэлігійны цэнтр, ператварыць яго ў нейкую нікому не патрэбную савецкую ўстанову.
Читать дальше