У нас, хто яго ўсхвалявана глядзеў, узьнікалі цікавыя асацыяцыі. Вось асноўная:
Пасьля страшэннай паласы генацыду ў СССР, нават пасьля сьмерці інсьпіратара яго – ворага чалавецтва Сталіна, і цяпер яшчэ такая кніга і такі фільм у СССР пра тыя злачынствы, да якіх іспанскім як да сотай галактыкі, немагчымы. Не дазволіў бы ні Хрушчоў, ні Брэжнеў, ні Андропаў, ні Чарненка. Не дазволіць і “голуб міра” Гарбачоў. Не пазачыняў жа ён шматлікія канцэнтрацыйныя лагеры, дзе пакутуюць бязьвінныя людзі нічым не лягчэй, чым у той былой франкісцкай Іспаніі. А колькі турмаў у краіне – усе поўныя! А практыка высылкі людзей у недаступныя для іншаземцаў гарады! Чаго варты адзін прыклад з выдатным нашым сучасьнікам акадэмікам Андрэем Сахаравым…
А сэнс жа названага фільму – ой як добра кладзецца на наша жыцьцё – і ленінска-сталінскай “эры” і, о, дзіва! – і хрушчоўска-гарбачоўскага перыяду!!!
Франкісцкі рэжым забраў чатырох мужчынаў у Аны не – мужа і трох сыноў. Была надзея ў яе, што апошні сын, што быў схоплены сямнаццацігадовым, сядзіць недзе ў турме. Вось няшчасная маці праз усю краіну – з поўдня на поўнач пайшла, каб хоць разок зірнуць на яго. Яна-такі дабралася да той турмы. Але тут пачула, што нядаўна яе сын ва ўзросьце пяцідзесяці гадоў памёр ад “эпідэміі” і ляжыць у брацкай магіле. І на тым яе адпусьцілі. Аднак сэрца маці рванулася і на тую “брацкую” магілу. Цераз калючы дрот яна прыпаўзла туды на каленях. Разламала сьпечаны ёю любімы пірог сынавы, паклала кавалкі яго на магілу. Паспрабаваўшы сваё печыва, што так берагла праз усю дарогу, яна вымавіла: і пірог пахне мёртвым.
Мы абменьваліся думкамі. Невясёлыя атрымаліся высновы нашыя: у СССР і турмаў значна больш, і нікога з родзічаў у іх ня пусьцяць без сьпецвыкліку. Зусім нядаўна ў адной з маіх знаёмых амаль так і было. Паехала яна ў далёкую Сібір на дазволеную сустрэчу з сынам, якога доўгія гады гнаяць то ў турмах, то ў канцлагерах. Прыехала, а там “начальнік”, вядома ж, камуніст-кадэбіст, сказаў, што не дазваляе сустрэчы, таму, што “ваш сынок не заслугоўвае такую прывілею: ён сябе кепска паводзіць і цяпер пакараны”. Заплакала маці. Яна ведае, што гэта за пакараньне – гэта хутчэй за ўсё катаваньне ў халодным вільготным карцары без гарачае стравы, праз дзень толькі кавалак хлеба і кубак вады.
Гэтая, савецкая, маці таксама везла любімы сынаў пірог. Не дастаўся ён яму. Перадачу, што яна ласкава папрасіла кадэбіста аддаць сыну, “калі ўжо можна будзе”. Не дайшоў гэты пірог да гэтага, не франкісцкага, а савецкага вязьня. Там маці сама падзяліла ўсім, хто ляжаў з яе сынам у брацкай магіле. А тут падзялілі паміж сабою адвечныя сынавы ворагі – каты-турэмшчыкі. А ў гэтай жа перадачы былі і сапраўды пірог, і мёд, і цукар, і каўбаса, і, галоўнае, цёплая шарсьцяная вопратка (“бо ён заўсёды надрыўна кашляе”).
Гарбачоў павёў павярхоўную вайну супраць карупцыі, хабару і да т. п., што назвалі “непрацоўнымі даходамі”.
Ці дойдзе чарга да тых турэмшчыкаў, што такім чынам, рабаваньнем вязьняў, абагачаюцца і вяртаюцца “героямі” і багатымі ў Еўрапейскую частку СССР.
Гэта абрыўкі навеяных тым фільмам думак.
А вось рэальнасьць сёньняшняя. Тэма: кадэбісты-рабаўнікі, расказана мне толькі ўчора.
Маладая жанчына ў тую страшэнную першую Чарнобыльскую раніцу ў Прыпяці сабралася на базарчык. Яна жыла блізка каля АЭС, а той базарчык – яшчэ бліжэй ад яе. Па дарозе ёй нехта так спакойненька не параіў туды ісьці, “бо быў жа ядзерны выкід на паверхню”. Яна ўсё-такі пайшла – усе ж ідуць. Хутка ёй стала кепска – яна была цяжарная. Праз некаторы час яе завезьлі ў Маскву і… вызвалілі ад цяжарнасьці. Прыехала яна ў сваю Прыпяць (дазвол атрымала), каб быць разам з сям’ёю. Але мужа і сына ўжо эвакуіравалі. Прыйшлі функцыянеры правяраць, што яна бярэ з сабою, “каб ня вывезла небясьпеку ў іншае месца”. Павадзілі (можа няспраўным інструментам) па дыване на падлозе і сказалі: “забруджаны”. Убачылі вялікі на сьцяне дыван і загадалі зьняць яго адтуль і пакласьці на падлогу – гэта хворай жанчыне! Самі ў гэты час стаялі! Прызналі і яго забруджаным. Сёе-тое, што было ў цэлафанавых пакетах з адзеньня, і інш. дазволілі ўзяць. Перад выездам з Прыпяці кантроль новы. Усё прайшло, апроч… замежнага дарагога першакласнага новага магнітафону. Павадзіў хлюст па ім сваім “інструментам” і загадаў здаць. Яна запатрабавала вышэйшага начальніка. Той “прыняў” шматзначны ківок свайго памочніка і пацьвердзіў распараджэньне таго, тады жанчына ўсё зразумела: яна падняла над галавою свой каштоўны магнітафон і са словамі: “ня спраўдзіцца ваша задума” з усяе сілы гахнула яго аб вялікі камень, што стаяў побач. Тыя, каго эвакуіравалі, маўчалі. Затое тыя двое “дэзактыватары” пабялелі, ледзь не ў адзін голас крыкнулі: “Што ж вы нарабілі?”
Читать дальше