Ну што ж, хітра сказаў ваяўнічы атэіст, калі вы такі ўпарты, дык шукайце месца прапісацца ў Менску. Без прапіскі, паводле закону, ніхто ня можа быць дапушчаны да працы. Але папярэджваю, кажа Залескі, у Менску амаль нельга прапісацца, бо патрабуецца па 12 м2 і на тых, хто жыве ў той кватэры, куды вы хочаце пасяліцца, і на вас таксама. А дзе ў нас такія кватэры?
Пайшоў ксёндз Генрык у пагоню за жар-птушкаю… і дагнаў: знайшоў кватэру, дзе на 56 м2 жыве адна толькі старэнькая кабета. Яна з задавальненьнем прыняла бяздомнага сьвятара, дала яму сваю дамавую кнігу і пайшла з ім у міліцыю на прапіску.
Тут адбыўся цуд. Чыноўнік міліцыі, спраўдзіўшы накіраваньне і жылую плошчу, – прапісаў.
На другі ж дзень а. Генрык зьявіўся да Залескага. Ён сустрэў яго ледзь ня вокрыкам: “новага я вам нічога не скажу, трэба прапісацца!” О, як пазялянеў ён, дазнаўшыся, што немагчымае – зроблена. “Дзе?! Як?!” – зьбянтэжана паўтараў ён. Запісаў адрас таго палаца, дзе знайшлося вольнае месца… Прыйдзіце праз пару дзён, – завяршыў гаворку чыноўнік.
За гэты час Залескі нарабіў непрыемнасьцяў таму, хто прапісваючы ксяндза, не папярэдзіў яго, прапанаваў… ануляваць прапіску. Што і было на палову зроблена. Прыбеглі з міліцыі, узялі дамавую кнігу і выпісалі. Патрабавалі і пашпарт новага мінчаніна, але ён скеміў, чым гэта скончыцца, і ня даў.
Чарговы візіт да Залескага насіў ужо іншы характар: “Вас выпісалі тут, язджайце ў Гродна, я з вашым Кардыналам паразумеўся”. Генрык быў зьбіты з панталыку: “Я ж ня выпісаны з Менску, вось мой пашпарт”, – нясьмела пярэчыць ён. Але ж яго загіпнатызавалі словы “я паразумеўся з Кардыналам”. І ён паехаў у Гродна. Там нічога не атрымалася. Ён – да Кардынала. Гэты сказаў, што ён ня даў згоды на іншае месца, апроч Менску. Вярнуўся а. Генрык з Рыгі. Што рабіць. Наведаў нават у ЦК КПБ “адказнага” за рэлігійнае жыцьцё Якавенку. Той сказаў, што ня бачыць праблемы, ідзіце да Залескага. А Залескі пасьля гэтага ўзьняўся нават да “блюзьнерства” ў адрас ЦК. “Можа т. Якавенка стварыў пасаду ксяндза ў ЦК, дык няхай бярэ, а ў мяне няма тут вам нічога”.
Не адбылося і без сьпецдабрадзеяў: выклікалі туды і сказалі, што калі будзеце супрацоўнічаць з намі, тады застанецеся ў Менску. Генрык катэгарычна адмовіўся. Тады яго адпусьцілі з гэтай адмысловай установы з пагрозьліва-іранічнымі словамі: “Тады нідзе вы не ўладкуецеся на сваю … сьвятую (гм…) працу”.
За справу ўзяліся парафіяне. Вядома, я ў баку не застаюся. Наперад! Да зброі!
6 верасьня 1986 году. Уся сям’я ў зборы. Нават завіталі госьці – маладая пара знаёмых са сваім бэбі. Знаёмы даволі памяняў у апошні час свае погляды. Кінуўся, здаецца, у будызм. Лічыць, што дасканалым чалавек можа стаць толькі вызнаючы і строга выконваючы яго патрабаваньні. Каб падкрэсьліць важнасьць таго сьвету, ён “паабяцаў” мне, што вярхоўны Буда, калі палічыць патрэбным, можа “удзяліць кілька-мінутнай аўдыенцыі Яну Паўлу ІІ”. Так менавіта і сказаў. Больш яшчэ эфектным паведамленьнем было тое, што “Вярхоўны” вывучае дзейнасьць цяперашняга Пантыфіка і, “можа здарыцца так, – кажа мой малады сябра, – што калі будзе щгодна Вышэйшай мудрасьці, Пантыфікат… будзе ўведзены ў ранг Хрыста, гэта значыць аднаго з Будаў, ня самага галоўнага”.
Тут я ад яго ж даведаўся, што Хрыстос – гэта пасада і ранг, нададзеныя Ісусу, калі ён 18 гадоў (ад 15-га да 33 гадоў свайго жыцьця) вывучаў Вышэйшую Мудрасьць там, на Усходзе. “Сьляды побыту Ісуса Назарэцкага ў Індыі, на Тыбеце, ужо знойдзены. На сваёй Радзіме і вакол ён ніякага хрысьціянства не ствараў, а проста перадаваў народу тую мудрасьць, якую атрымаў у сапраўдным храме”.
Вось такі ў мяне знаёмы. Пры тым ўсё гэта мовіць безапеляцыйна, ні абвяржэньняў, ні нават нечага лягчэйшага не прымае.
Расказаў яшчэ, што днямі Палітбюро ЦК КПСС прыняло сакрэтную пастанову аблягчаць дзейнасьць Рускай праваслаўнай царквы, іншым ніякіх прывілеяў. Тое ПБ, быццам бы падзяліла “свой” народ на катэгорыі: І – вернападданыя; ІІ – рэлігійныя; ІІІ – дысідэнты. За апошнімі трэба сачыць. Сачыць таксама і за рэлігіямі, якія накіроўваюцца з-за мяжы – католікамі, баптыстамі, пяцідзясятнікамі і г. д.
15 верасьня 1986 году. Па першай усесаюзнай праграме Цэнтральнага тэлебачаньня паказалі ў рубрыцы “Палітычны тэатр” прэм’еру тэлесьпектакля “Ана не”. Літаратурны твор – іспанскі (Аўгусьціна Гонез?), тэлесьпектакль зроблены ў Францыі і быў нечым адзначаны на конкурсе ў Балгарыі.
Твор сапраўды добры – і літаратурна і тэлевізійна.
Читать дальше