Ўсе яшчэ, думаю, ў памяці маюць здарэньне
Што тут было за гадоў караля Аляксандра.
Гэта няшчасьце магло б патапіць каралеўства
Ў горкіх сьлязах, ды Бог зьлітаваўся — гора мінула:
Ў пушчы памост збудаваны быў моцны ў чатыры,
А можа й болей падпораў — сачыць паляваньне.
Ў коле магнацтва ды фрэйлін сама каралева
Тамка сядзела, ўнізе ж ледзь трывала юнацтва,
Каб найхутчэй паказаць свае спрыт ды адвагу
Ў бойцы з магутным і дзіка разьюшаным зьверам.
Жэўжык Амур, на старой затаіўшыся хвоі,
Лук нацягнуў і насьлепа пацэліў у сэрца.
Што ж, забаўляйся, свавольнік, гуляй у ахвоту,
Толькі ня сяньня, ня ў пушчы! Юнак-паляўнічы
Прыпадабацца каханай сваёй захацеўшы,
Зробіць мо рыцарскі гэст і напэўна загіне
Тут празь цябе нечаканай, бяздумнаю сьмерцяй!
Вось і зубры паказаліся з лоўчых ганьнёю.
Ўсе на памосьце замерлі і зь месца ўзьняліся.
Колерам зыркай вясёлкі бліснулі апраткі,
Золатам тканы вузор па чырвоным і белым.
Ледзь гэта зыркасьць у вочы дзікія шугнула
Правадыра, ён прыстаў і ўпіліся паглядам
У варагоў. І загасла увомірг цікавасьць,
Бо не скажу, каб відовішчам цешыцца гэткім
Тыя маглі, што злабою зьвяроў не кіруюць,
Гэта — нязвычна. Тут тупат пачуўся здалёку
І паміж дрэваў, падскокам, праймчаўся, як вецер
Статак зубровы, цаляючы ў гурт паляўнічых.
Раптам на луг, у няпамяці гневу, ўварваўся
Зубар-асілак, жахлівай крывавячы ранай.
Ён прыпыніўся, затрос галавою, прыкмеціў
Зыркасьць страёў на памосьце й пачаў прыглядацца,
Быццам пазнаць намагаўся асобныя твары:
— Цешыцца сьмерцяй маёю зыйшліся? Чакайце ж,
Вось пакажу я вам сьмерць, што й вякі не забудуць!
Тутка зароў ён, дзьмучы у магутныя храпы
(Гэта сыгнал небясьпекі для кожнага ў статку),
Скончыў, ударыў рагамі і выбіў падпору.
Мост затрашчаў і каб, воляю кону, ударыў
Зубар яшчэ, ўсё бы рынула, шчодрай крывёю
Зьліўшы зямлю ды хварбуючы стромыя рогі.
Не, не магу я ўявіць нат, ушчэнт скамянеўшы,
Што б нарабіць мог зьвер гэтта усьпененай пысай!
Быў ён загнаны усёткі й паранены. Чэзьне
Гневу шаленства у ім, хай мо лютасьць ня згасла:
Сьцёбае злосна хвастом, ажно сьвішча паветра,
Зь ляпы ж вужакай віецца язык вялізарны
Ды вырываецца хмараю пара із храпаў.
(Моц непаўстрымную сьцюжа бадзёрыла пэўне,
Але ж ужо, хай мароз, і яна занікае).
Дыхае важка, трымціць зьвер, бо гнеўная лютасьць
Бродзіць шчэ ўсёткі пад скурай, у чэраве сьпеклым,
Пеністым потам кіпіць, ды прыгледзься — і бачна:
Згоднасьці ў рухах нямаш, а ўздыхне і на грыве
Космы падскочаць, — адразу ж іх вырве са злосьцяй,
Б'е капытамі па бруху, рве, тузае цела.
Ліст скалынецца пажоўклы на гольлі дубовым —
Рыне на дрэва, націсьне, паломіць на трэскі,
Сьцень мільгане, шугане між галінамі птушка —
Топча, бадзе тое месца, за сьценем нясецца…
Тысячы розных нягодаў, прыгод, успамінаў
Раптам вяртаюць цябе ў дні твае маладосьці!
Чую я хібу у складзе сваім, раз-па-разе
Сказ мой драблю і ў адцягваньне быццам, гуляю,
Словам пустым захапляюся… Будзь жа-ж цярплівы
І пачакай абурацца, чытач мой, — разьвязка
Блізка ўжо: лоўчы за дубам, а зубр наступае.
Вось ён ля дрэва, ўпрытык паляўнічы і зубар,
Ані паўкроку ў бакі, дык трымайся, бо сьхібіш —
Зразу ж цябе, безбароннага, рогам дастане.
Круцяцца, нібы ў танку, й паляўнічы і зубар,
Скачуць з абодвух старонаў навокала дубу.
Лоўчы мяркуе клінком пад лапатку патрапіць,
Зьвер языком яго ўчэпістым мацае, ловіць.
Ну, а ня дай Бог, падчэпіць за полы — і годзе, —
Скон непазьбеглы: памне, забадае, загубіць.
Каб як ад гнуткай зьмяі языка адкаснуцца,
Спрытны лавец коле зьвера кароткім ударам —
Захад адзіны, дзе й стрэлы клінку саступаюць —
Бачыць лавец, што з часінаю кожнай слабеюць
Ногі пад зубрам, падцяненасьць цела зьнікае.
Зноўкі, адлі, страпянуўся, бадзе зьвер — хавайся!
Чуеш, як духам гарачым цябе прыпякае з-за дубу,
Бі! І клінок яшчэ раз патрапляе бясьхібна.
Важка, ахутаны парай, асеў зьвер, канае.
Недзе ўжо іншы раве й каб з ахвяраю скончыць,
Трэ праявіць літасьцівасьць — дабіць не чакаўшы,
Спрытным, апошнім ударам, наблізіўшы гэтым разьвязку.
Рог затрубіў. Пераможца у коле сяброўскім.
Жарты, уцеха. Ля ног зьвер, ужо ўтаймаваны.
Ў пушчы хаваецца іншы ды я не прабую
Рынуць пагоняй за гэным, бо час падганяе.
Годзе забойстваў! Разбуджаны розум трывогу
Кажа ўладарна мне ўзьняць, разьвітацца з разбоем.
Дось ужо Марсу ў крыві тапіць сьвет хрысьціянскі,
Веры асновы ўстрасаючы скрозь і усюдых.
Сяньня хісткая яна, нат на полі змаганьня,
Губяць яе варагі, ці свой меч расьсякае,
Даўшы чужынцам на зьдзек, на загін. Застаецца
Толькі ўсяго, што на літасьць нябёс спадзявацца.
Ды, патануўшы ў злачынствах, ці нам даваць веры
Ў хуткую зьмену, ратунак, — ня сьмеем нат думаць!
Сьпіць бо сумленьне зямлі ўладароў непрабудна,
Іхныя ўчынкі, на жаль, не клапоты аб сьвеце.
Рупіць балей ім за ўсё, каб мячы баявыя
Лепш нагайстрыць, як мага больш пазносіць галоваў.
Бойкі, напады, міжсобіцы, братазабойствы —
Вось іх заняткі й сапраўдная ўцеха для духа.
Гінуць з абодвух бакоў воі ў гэткіх сутычках,
Што бо князём сьлёзы людзкія, кроў і пакуты,
Ім — панаваць каб адно, захаваць сваю ўладу,
Вось і злачыняць, ізь лёсам падданых гуляюць.
Ворагі, бачачы гэткае, кпіны з нас строяць:
Княжы высокі пасад ёсьць зарукай апекі,
Ну, а яны, як ваўкі, йрвуць і катуюць ніцых.
Вось да чаго можа лютасьць сьляпая давесьці,
Глыбака ў сэрцы зь зялеза злаба ўкараніцца!
Лютыя сваркі ды бойкі, злабу, варажнечу
Ўцяміць нялёгка, ў адказнасьці ж, горы — народы.
Але бяды ўладаром да спакою людзкога!
Ёсьць ці на сьвеце хто гэткі чульлівы, каб меч свой
Нашай крывёй не мачыў ужо, толькі ж у Княстве
Гора дагэтуль пануе й скрозь нішчацца людзі.
Туркам бязьлітасным цэрквы ганьбуюцца, месты
Паляцца й вёскі, і горды чужыя палоняць
Нашу зямлю, гасяць смагу бязьвіннай крывёю
І сысункоў, і старых, ды агіднасьці чыняць:
Ўлоньне цяжарных жанок успароць ятаганам —
Гэта забава для вылюдкаў, што ж ты ім зробіш,
Як, абарону зламаўшы, забраўшы ў нас зброю,
Ім ці ж баяцца, што голы паўстанеш нявольнік!
Ой, як сьляпы наш народ, як бяздольныя людзі!
Мы — яшчэ натаўп, князі ж падаўнейшаму душаць
Кожную, дробную нават, праяву бунтарства,
Ймкнуцца, ці гэтак, ці так зьнесьці кожнаму голаў,
Хто за правы свае ўстаць і за Бога патрапіць.
Як толькі Госпад, наш Збаўца, у зьзяньні нябёсаў
Бачачы гэткія зьявы зямныя, знайходзіць
Гэтта пабожных, што вераць у Божае слова!
Читать дальше