- У мяне няма слоў, - пасля трагічна цяглай пярэрвы пачынае дырэктар.
Луіза Сцяпанаўна папраўляе фрызуру, торгае Рыбу за рукаў, і той няўцямна лыпае вачыма, як выцягнуты з дупла на сонца пугач.
- Слухай, зараза! - гучна шэпча інспектарка.
- У мяне няма слоў, - паўтарае Абрам Ізрайлевіч.
Але словы ў яго ўсё ж знаходзяцца.
- Сёння ноччу міліцыя арыштавала вучня нашай школы Рыбчынскага, - грасуючы, гаворыць дырэктар. - Яго ўзялі на месцы злачынства. Справа набывае палітычную афарбоўку.
Абрам Ізрайлевіч падымае таямнічую папяровую трубку да сіняга выгаленага падбароддзя і паволі разгортвае яе. Заля замірае. Чайкі на дырэктаравым ілбе журботна апускаюць крылы.
- Ну і што тут такога? - чуецца ў вусцішы здзіўлены галасок прымадонны школьнага драматычнага гуртка Нінкі Мароз.
Колькі наступных хвілінаў заля калоціцца ад дзікага рогату. Настаўнік фізкультуры Міхаіл Карпавіч Эпштэйн за вуха цягне да выхаду Валодзю Паповіча. У дзвярах вырастае школьны вартаўнік Харытонавіч, што за сталінскім часам працаваў кіроўцам на «варанку» і, кажуць, аднойчы назаўсёды завёз у НКВД уласнага бацьку.
На сцэне ўзвышаецца дырэктар. Цяпер ён нечым нагадвае бачаных па тэлевізары мурынаў-пікетчыкаў, якія за нешта змагаюцца каля Белага дома. У руках у Абрама Ізрайлевіча аб'ява:
ЧЕМПИОНАТ СССР ПО АКАДЕМИЧЕСКОЙ ГРЕБЛЕ
На месцы літар «Г» і «Р» у апошнім слове - вакенца, адкуль выглядае дырэктараў інстытуцкі ромбік.
Прымадонну Нінку, што выконвала на школьнай сцэне ролю Улі Громавай, доўга даводзілі пытаннем, ці ўдзельнічала яна ў чэмпіянаце СССР па гэтым самым акадэмічным відзе спорту. Можна толькі здагадвацца, наколькі пакутліва было чуць такое маціцова-ружовым вушкам са смарагдавымі кропелькамі завушніцаў.
Гэта яна, Нінка, была аўтаркаю славутага выслоўя: «Я буду належаць толькі свайму мужу».
Магчыма, на Нінчына маральнае аблічча наклала адбітак тое, што яна даводзілася дачкою начальніку гарадскога аддзела міліцыі. Таму самаму, што вынайшаў задзвінскія расстрэлы п'яніцаў.
Вынаходка была да геніяльнага простая. Падабраных на вуліцах і ў парку жлуктаў адразу сартавалі. Ляжачых везлі ў выцвярэзнік, а хадзячых збіралі на ўнутраным міліцэйскім падворку побач з клеткамі службовых сабак. Да п'яніцаў выходзіў Нінчын бацька.
- Што будзем рабіць, таварыш палкоўнік? - ківаючы на п'яны кантынгент, сурова пытаўся дзяжурны па аддзеле. - Можа, сабак спусцім?
Службовыя сабакі заходзіліся пры гэтых словах жудасным брэхам, а п'янюгі прыкметна цверазелі.
- Адставіць сабак!
На двары западала маўчанне, і ў ім ціхія стамлёныя словы начальніка міліцыі гучалі, быццам пісталетныя стрэлы.
- Расстраляць усіх на х..., каб не псавалі наш сацыялістычны горад.
Пасля гэтага небаракаў запіхвалі ў машыны, адвозілі на дзесятак кіламетраў ад горада і «расстрэльвалі» на лясной галявіне з пісталетаў халастымі патронамі. Міліцыя ад'язджала, а «расстраляныя», некаторыя з мокрымі штанамі, усю ноч валакліся па шашы дамоў. Скардзіцца на Мароза баяліся, але гісторыя неяк выплыла на свет, і Нінчынага бацьку адправілі вучыцца ў Маскву ў міліцэйскую акадэмію.
«Я буду належаць толькі свайму мужу», - чуў ад Нінкі кожны, хто асмельваўся нават на самыя бяскрыўдныя прапановы. Аднойчы ў дзесятым класе я, натхніўшыся яе даўгімі смуглявымі ножкамі, што раслі, здаецца, ад самых вушэй, і дзівоснай аксамітава-брунатнай радзімкаю памерам з капеечную манету на левай шчацэ, адолеў сваю прыродную сарамяжлівасць, падышоў да Нінкі на перапынку і з усмешкаю закаханага блазна выціснуў з сябе некалькі пакутлівых слоў, каб таксама пачуць пазбаўленае нават намёку на ўзаемнасць «Я буду належаць...». Можна падумаць, быццам я прапаноўваў ёй аддацца мне проста на школьнай парце ці ў гардэробе пасля заняткаў, а не схадзіць на вечаровы сеанс у кінатэатр «Космас», дзе я, паводле свайго адчайнага плана, меўся ўсяго толькі пакласці руку на яе нясцерпна круглае калена.
Памятаю, маё юначае пачуццё настолькі пахіснулася, што я паабяцаў гаспадыні цудоўных ножак напісаць на сцяне ейнага дома «Тут жыве Нінка, якая будзе належаць толькі свайму будучаму мужу», а ўнізе дадаць: «Але гэта мы яшчэ паглядзім».
Такі самы мемарыяльны надпіс можна было зрабіць і на нашым менскім студэнцкім інтэрнаце, бо там жыла Вера Кропелька. Апрача акуратных канспектаў, раскошнай касы, што спускалася да таго месца, дзе Верына спіна губляла сваё гордае найменне, і процьмы іншых станоўчых якасцяў у Веры таксама быў пункцік наконт таго, каму яна будзе належаць, прычым фармулёўка слова ў слова паўтарала Нінчыну, што давала падставы падазраваць абедзвюх у плагіяце.
Читать дальше