На пачатку адзінаццатае маўклівы ціск на залётных даў плён: на «палубе» засталіся толькі свае. Моладзь са згоды бармена пераставіла столік да дзвярэй, чым, па сутнасці, забарыкадавала ўваход, і пайшла танцаваць пад блюзавыя мелодыі. Услед за гэтым бармен паставіў анталогію «Bеаtles», і падняліся мы, а дачакаўшыся наступнае песні, - глуханямыя. Такі самы эфект міліцыянт Пеця мог бы выклікаць, разрадзіўшы свой пісталет у вітрыну за стойкай. Глуханямыя не былі глухімі, ва ўсякім разе хтосьці з іх меў слых, дастатковы на тое, каб адчуваць мелодыю і беспамылкова вадзіць партнёра. Ад разгубленасці астатнія пары спыніліся, і да канца песні глуханямыя танцавалі ў адзіноце.
Потым я запрасіў цябе, а міліцыянт, разоў колькі зірнуўшы на лесбіянак, - памочніцу бармена. Сам бармен, нечакана лёгка валодаючы сваім шафападобным целам, танцаваў з высокай шатэнкаю з кампаніі маладзёнаў. Лесбіянкі трымаліся даўжэй, аднак не маглі не адчуць, што іх ахутаныя цыгарэтным дымам адмовы ад мужчынскіх запрашэнняў выглядаюць двайным выклікам. У танцы яны рухаліся з пластычнасцю прафесіяналак, але, як і глуханямыя, не дазволілі разбіць свой дуэт ні міліцыянту, ні бармену, ні мне.
Пад «Gіrl» ты пайшла з худым, як жэрдка, вастраносым хлопцам, а я - з ягонай пышнагрудаю сяброўкай, што мела зайздросную талію і карону цудоўных каштанавых валасоў, якія, напэўна, умелі маляўніча рассыпацца па падушках. Дзяўчына яўна перабрала норму: яна павісла на мне і, прыціснуўшыся ўсім целам, зашаптала, што хоча, каб я на ёй пакатаўся. Ты атрымала ад яе незаслужанае абвінавачанне ў фрыгіднасці, а твой партнёр з птушыным носам - у імпатэнцыі, што не перашкодзіла яму выцягнуць шарыкавую асадку і напісаць табе на далоні нумар тэлефона.
Прыкладна ў гэты час мокры ад поту бармен грукнуў аб стойку дзвюма дармавымі пляшкамі лікёру і дзвюма - шампанскага. Гэта сталася сігналам. Пеця ўпершыню раскашэліўся на пачастункавае шампанскае, глуханямы паставіў побач каньяк. Мы з лесбіянкамі падтрымалі агульнае натхненне, а моладзь, у якой даўно скончыліся грошы, унесла сваю долю тым, што ссунула два столікі і расставіла крэслы, на якіх уладкаваліся ўсе, апрача красуні з асінай таліяй, што ціхамірна пасопвала ў кутку за выступам дзвярэй...
Тралейбусы ўжо даўно не хадзілі, калі ў прачыненае вакно зазірнуў міліцэйскі патруль. «У нас банкет!» - зычна выгукнуў бармен, і ягоны голас аказаўся неспадзявана цвярозым і прагучаў над сатурналіяй, як ранішні крык пеўня...
Ноч пераміргвалася дробнымі гарадскімі зоркамі і дыхала свежасцю блізкае восені.
Колькі хвілінаў мы, паўтара дзесятка позніх гулякаў, непрыкаяна тупаліся ля дзвярэй, а тады пацягнуліся кожны ў свой бок. Пазней за астатніх разышліся пары: мы, глуханямыя і лесбіянкі.
Праз два дні мы з табой стаялі на тым самым месцы. Прызнайся, разам са старой завядзёнкай нас вяла і надзея, што расстанне з кавярняю было заўчасным і, праехаўшы тры прыпынкі, мы ўбачым чырванашчокага бармена, а там падыдуць лесбіянкі альбо, прыгнуўшыся ў дзвярах, зойдзе алмазаздабытчык з пасіяй-аднадзёнкай...
Нас сустрэла падкова высокага свежага плота, які хаваў і два вакны на някідкім фасадзе, і бакавую сцяну, дзе была намаляваная назва, і клёнік-самасейку з тузінам пыльных лісцяў, што збіраўся вырасці на газоне перад ганкам.
Мы зайшлі ў бліжэйшы зялёны дворык, селі на дзіцячыя арэлі і, выкурыўшы па цыгарэце, дамовіліся стэлефанавацца, як заўсёды.
Мы не пазванілі - ні як заўсёды, ні наогул.
З усіх наведнікаў кавярні за гэтыя гады я не спаткаў нікога, акрамя алмазаздабытчыка. Наставіўшы пад золкім восеньскім ветрам каўнер, ён самотна брыў па свіслацкай набярэжнай, і з кішэні ягонага калісьці дыхтоўнага паліто выглядвала светлае рыльца адкаркаванае бутэлькі. Я спыніўся, ён таксама відавочна пазнаў мяне, але пасля імгненнага вагання перавёў вочы на рачное рабацінне і прыспешыў хаду.
Ну і цяпер вось сустрэча з табой.
Я gеnіus lосі, я помню дзяцінства
Гэтага горада, гэтае песні... -
узгадваецца мне, а ты сядзіш з цыгарэтай у пустым фатэлі каля вакна і пагаджаешся: таго, што не зрабілася ўспамінам, проста не існавала.
Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Рэквіем для бензапілы: Аповесці, апавяданні — Мінск: Мастацкая літаратура, 1998. — 240 с.
ISBN 985-02-0398-6
УДК УДК 882.6-3
Уладзімір Арлоў добра знаёмы чытачу як аўтар папулярных твораў, прысвечаных беларускай гісторыі. Новую кнігу яго прозы склалі аповесці і апавяданні на тэму сучаснасці, алк далёкае і блізкае мінулае, ствараючы своеасаблівую аўру, прысутнічае і тут. Творы маюць дынамічную, часам дэтэктыўную інтрыгу, прымушаючы чытача напружана сачыць за паваротамі сюжэта.
Читать дальше