Яго абуджэнне зусім не такое, як у папярэднія дні. Разам з ім прачынаецца боль у нагах і ў страўніку. Боль, які пасяліўся ў ім ужо даўно і з кожным месяцам адваёўваў сабе новыя і новыя пазіцыі, гэты боль, адступіўшы на колькі дзён, вярнуўся ў сваё жытло — у ягонае, яшчэ хвіліну таму такое дужае цела. Боль настолькі моцны, што яму здаецца, нібыта тры апошнія дні ён жыў у крэдыт, за кошт сённяшняга.
Каб неяк утаймаваць, прыспаць гэты боль, ён не рухаецца і заплюшчвае вочы.
— Мой імператар,— чуе ён не зусім упэўненыя Жэраравы словы,— у час нарады з маршаламі вашага прыёму дабівалася адна маладая асоба...
— Дзе яна?
— У вас няма падстаў хвалявацца...
Голас ад’ютанта — як удар бізуна. Шырока расплюшчанымі вачыма ён глядзіць на сцяну.
Гэта была яна!
Ён думаў, што, адмовіўшыся пакінуць востраў, купіў сабе спакой. Як ён памыліўся!
Ён пазбегнуў сустрэчы з ёю ў Смаргоні, але яна здагнала яго тут. Яна помсціла яму ў абліччы графіні Манталон, падсыпала атруту ў віно і хавала мыш’як за шпалерамі і ў прыскрынках стала. Яна прымусіла яго зневажаць свой розум генія нікчэмнымі думкамі і падазрэннямі. А потым, ужо ў сваім сапраўдным абліччы, прыйшла ў ягоныя сны.
Яна вярнула яму сілы, зрабіла здаровым, каб потым катаваць яшчэ больш жорстка. Яна прыйшла судзіць яго ад імя свайго і ўсіх іншых народаў. Яна перашкодзіла яму вярнуцца ў Еўропу, але ёй гэтага мала.
Сцяна ў нязыркім святле свечак амаль чорная, атрутная наквець ружаў набрыняла крывёю.
Чаму ён не згадзіўся на прапанову Рабо? Можа, яшчэ не позна? Можа, ён яшчэ паспее на карабель?
— Луі! — кліча ён, усхопліваючыся з ложка.
За туалетным столікам спінаю да яго сядзіць жанчына ў белым.
Жах робіць цела нерухомым і бязважкім.
Жанчына пачынае павольна паварочваць галаву.
1990
Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Сны iмператара: Апавяданнi, аповесцi, эсэ — Мінск: Мастацкая лiтатаратура, 2001. — 383 с. с.— (Беларуская проза XX стагоддзя).
ISBN 985-02-0500-8
УДК 882.6-31
Гiсторыя Беларусi – асноўная тэма творчасцi Уладзiмiра Арлова. Кнiгу склалi творы, якiя ўваскрашаюць падзеi беларускага мiнулага з часоў нашай першай дзяржавы – Полацкага княства — да XX стагоддзя. Чытача чакаюць сустрэчы з паэтам Мiколам Гусоўскiм, фiлосафам Казiмiрам Лышчынскiм, паўстанцамi 1863 года, царазабойцам Iгнатам Грынявiцкiм i iншымi вядомымi i невядомымi асобамi айчыннай гiсторыi.
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2008
© PDF: Камунікат.org, 2008
© ePub: Камунікат.org, 2012