Магчыма, яны будуць і сярод тых, хто праз два дні, на гульні “Барсэлёны” з мадрыдзкім “Рэалам”, уздыме над трыбунамі стадыёну-статысячніка “Камп Ноў” 50-мэтровы транспарант “Cataluña is not Spain” і будзе трымаць яго, пакуль не надакучыць, пасьля чаго ты канчаткова пераканаесься, што ў ХХІ стагодзьдзі канфігурацыя палітычных межаў у гэтай частцы Эўропы зьменіцца.
Мора
Займаючыся параўнаўчым аналізам лёсаў Каталёніі й Беларусі, ты ўзьбіваесься на думку пра ролю мора ў гісторыі народаў.
Калі не лічыць сувэнірных міні-дзяржаваў, выйсьця да мора сярод сучасных эўрапейскіх краінаў ня маюць (апрача Беларусі) Чэхія, Славакія, Вугоршчына, Аўстрыя, Македонія, Босьнія і Герцагавіна, Швайцарыя. Практычна ўсе згаданыя краіны, дакладней іхнія народы, за выняткам (які толькі пацьвярджае правіла) Швайцарскай канфэдэрацыі мелі або маюць цяпер сур’ёзныя праблемы з гістарычнай пэрспэктывай. Чэхаў пасьпяхова анямечвалі і на пачатку ХХ стагодзьдзя Прага была нямецкамоўным горадам. Славакі дзяржаўную незалежнасьць атрымалі дзякуючы Гітлеру. Вугорцы паўставалі, каб вырвацца з імпэрыі Габсбургаў. Аўстрыя перажыла аншлюс… Разважаньні, відаць, небездакорныя, але, але… Асабліва калі засяродзіцца на Беларусі. Кожны можа сам прапанаваць пералік рысаў нацыянальнага характару, на якія ўплывае наяўнасьць у краіны ўласнага марскога ўзьбярэжжа.
Навукоўцы даводзяць, што ў нацыянальным арганізьме непазьбежна ўзьнікаюць мэнтальныя перакосы, калі яму бракуе багатых на ёд марскіх прадуктаў. А хіба не бракуе гэтаму арганізму прыліваў і адліваў, штормаў і штыляў, партовых корчмаў і бардэляў?
Асабіста ты ведаеш, прынамсі, тузін былых маракоў, на якіх у іхніх гарадах і мястэчках трымаецца ці ня ўся беларушчына. Адзін знайшоў магілу Віктара Каліноўскага, брата паўстанцкага правадыра. Другі кіруе скаўтамі, што складаюць прысягу на Аршанскім полі. Трэці паставіў помнік Янку Скрыгану ў эстонскім гарадку, куды быў высланы пісьменьнік… Помнік табе самому, магчыма, таксама паставяць маракі.
Барсэлёна
Дагэтуль Барсэлёна была для цябе адно кропкаю на мапе і месцам, дзе нарадзіўся сябар Манюшкі й аднадумца Каліноўскага, беларускі інсургент Ахіл Банольдзі, лёс якога яшчэ чакае таленавітага пяра.
“Поздравляю Вас с экскурсией по Барселоне!” Гэтая фраза атрымліваецца ў твайго расейскамоўнага гіда найлепш, што ён, відавочна, ведае й сам, бо ледзь ня кожную хвіліну паўтарае сваё віншаваньне. Тым ня менш, сёе-тое, апрача зьвестак з турыстычных даведнікаў, табе ўдаецца пачуць. Да прыкладу, тое, што Каталёнія мае свайго прэзыдэнта, які ў барсэлёнскай рэзыдэнцыі прымае прэзыдэнтаў іншых краінаў. Твой гід ніколі ня дасьць веры, што ў прыродзе існуе прэзыдэнт, які за роўных прымае ў дзяржаўнай рэзыдэнцыі чужых губэрнскіх начальнікаў, а там, можа стацца, пачне прымаць і раённых.
Уражаньні пра горад табе заманецца асэнсаваць не на бульвары Рамбляс і не на Пляса дэ Каталюнья, а каля хмарачоснай калёны з масянжовым Калюмбам на прыморскай эсплянадзе.
Твая галоўная выснова: Барсэлёна вартая стаць сталіцаю эўрапейскай дзяржавы.
Ня выключана, што гэта здарыцца, калі будзе збудаваны сабор Саграда Фамілія, спраектаваны геніяльным Гаўдзі.
Гаўдзі
Бяз твораў Антоніё Гаўдзі Барсэлёна нагадвала б Кракаў бяз Вавэлю або Полацак без Сафійскага сабору.
Найбольш дасканалай формай Гаўдзі лічыў яйка і заўжды насіў свой архітэктурны ідэал (мабыць, усё ж у звараным нацьвёрда выглядзе) у кішэні. Але зь ягонага яйка вылупляліся зусім неспадзяваныя птушаняты.
У спарудах Гаўдзі прысутнічае нешта бархэсіянскае — Укбар, Тлён, Orbis Tertius... Не, вядома ж, наадварот — у Борхэса безьліч гаўдзіянскага, бо ён любіў блукаць гэтымі вуліцамі на яве і ў сьне, нястомна шукаючы тут свой Буэнас-Айрэс.
У доме-музэі Гаўдзі ўражвае спартанскі ложак на адну пэрсону. Сіратліва і непрыкаяна глядзіцца за шкляной сьцяною спальні і ўнітаз зь лякаваным драўляным седалам. Цябе не пакідае думка, што тут жыў няшчасны самотны чалавек, які ў 1926 годзе ўзяў ды трапіў пад трамвай. Насамрэч апошнія дванаццаць гадоў дойлід дняваў і начаваў проста на будоўлі ягонай архітэктурнай Бібліі — храму Саграда Фамілія.
Бясспрэчная геніяльнасьць Гаўдзі і ў тым, што ён замысьліў свой шэдэўр такім чынам, каб яго будавалі бясконца. (Меркаваная дата завяршэньня — 2022 год — выклікае ў барсэлёнцаў іранічную ўсьмешку.) Да такога не дадумаўся нават яшчэ адзін геніяльны каталёнец — Далі.
Читать дальше