— Крум-крум-крок!
Раптам успомніўшы пра пергамен, баярын азірнуўся, і замест сонечнага дня на яго абрынулася глухая бяззорная цемра.
Крумкач змеціў, як чалавек скалануўся і заціх. Неба за ярам святлела. Па галявіне, паварушыўшы траву і грыву забітага каня, прабег досвітны вецер. Недзе прачнуўся і палахліва свіснуў першы суслік. Кароткая травеньская ноч сканчвалася, а разам з ёю згасала і чалавечае жыццё. Яно яшчэ кволілася, але чорная птушка ведала, што рукі са скруткам ужо не расціснуцца.
Крумкач пераскочыў чалавеку на грудзі і з палёгкаю дзюбнуў ненавісны скрутак з павукамі. Гэтыя дробныя павукі былі нежывыя і прыкарэлі да скуры намёртва. Крумкач з насалодаю і нецярпеннем дзюбнуў іх яшчэ і яшчэ раз. Чакаць заставалася зусім мала.
I тут крумкача дапялі нейкія чужыя гукі. Ён прыслухаўся. Гэта быў далёкі конскі тупат. У суцемнай крумкачовай душы варухнулася надзея, што коннік праскача воддаль, ды тупат набліжаўся.
Задыхаючыся ад злосці і роспачы, крумкач цяжка, нібыта пастарэў адразу на паўстагоддзя, узляцеў на сваю бярэзіну. У ранішнім прысмерку ён спазнаў таго самага чалавека, што ўчора ўратаваўся на вараным кані.
Лебядзян вярнуўся двуконь. Саскочыўшы долу, ён прыклаў вуха баярыну да сэрца і ўзрадавана перахрысціўся. Прыўзняў непрытомнаму голаў, уліў яму ў рот зелля з глінянае біклагі. Перавязаўшы чыстым палатном пасечаныя ногі і рукі, грыдзь з асцярогаю перанёс баярына далей ад мерцвякоў, пад тую самую ніцую бярэзіну, дзе жыў крумкач.
Баярын расплюшчыў вочы.
— Спі, баярын, спі,— загаварыў Лебядзян.— Да ночы дажывём, а там паедзем. Не мысліў ужо цябе жывога пабачыць, а душа ўсё роўна сюды вяла. Выпі яшчэ, зялейніца з той весі, дзе ўчора начавалі, дала.
Грыдзь нахіліў біклагу параненаму да вуснаў. Баярын зрабіў два глыткі і, захваляваўшыся, правёў рукою па грудзях. Ён не меў змогі гаварыць, аднак Лебядзян даўмеўся без слоў: выняў з-пад сваёй кальчугі схаваны пергаменны скрутак і паклаў баярыну на грудзі.
Баярын слаба ўсміхнуўся і апусціў павекі.
Грыдзь стрыножыў коней і вярнуўся пад бярэзіну. Ён узяў з бяссілых баярынавых рук пергамен і асцярожна разгарнуў яго.
— Крук-крум-крум! — з пагрозлівым адчаем крыкнуў у кубле галодны крумкач.
Лебядзян закінуў галаву, але нічога не ўгледзеў. На ўсялякі выпадак ён пашаптаў малітву і, водзячы па пергамене пальцам, пачаў напаўголаса чытаць:
Не лепо ли ны бяшеть братие,
начяти старыми словесы
трудных повестий о пълку Игореве
Игоря Святъславлича?
1987
Аповесць
1.
Па высокай дзвінскай вадзе плылі ў мора апошнія крохкія крыгі. Сівы, у яблыках конь, спынены на самай строме, пудка пераступіў нагамі, але вершнік злёгку сціснуў яму бакі, і сівы супакоіўся. Застыўшы ў сядле, князь Валодша глядзеў на горад за ракой. Над нізкімі пасадамі, насупроць амаль схаванай паводкаю выспы, што ляжала леваруч князя, падымаліся ўжо кранутыя зелянінаю валы дзядзінца, а яшчэ вышэй плылі па небе ў лазуркавую далячынь сем вярхоў Сафіі. Зазванілі да палудніцы. Першы ўдарыў па сонечнай цішы сафійскі званар. Яму адразу адказалі Спас-Еўфрасіння і Бельчыцы, а трохі счакаўшы, уступілі ў перазовы астатнія манастыры і цэрквы. Нейкі званар весела зачасціў, але, як быццам узгадаўшы, што не такія цяпер часіны, каб бесклапотна тузаць за вужоўкі, асадзіў сябе, і ягоны звон таксама загучаў няспешна і разважліва.
Шматгалосая размова званоў нараджала ў душы ў князя дзіўнае пачуццё, у якім спакойная вера, што гэты крывіцкі горад будзе стаяць над Дзвіною давеку, спляталася з адчуваннем незвычайнай дужасці, з юначым жаданнем зліцца з канём і iмчаць па далёкіх дарогах, чуць вецер у вушах, спаць адным вокам каля лясных вогнішчаў... Пачуццё было такое моцнае, што князь радасна разгубіўся. Яшчэ колькі імгненняў ён глядзеў на магутную рачную плынь, на тры стругі пад белымі вятрыламі, што падыходзілі да дзядзінца, і раптам рэзка павярнуў сівага і наўскапыт паляцеў па разложыстай лугавіне.
Толькі ва ўмывальні, скінуўшы кальчугу і на хвілю прысеўшы на шырокі ўслон, ён адчуў, як гудуць ад стомы рукі, як ные левая нага, зачэпленая некалі ў сечы літоўскай суліцай. Але стома была не прыкрая, а ўсцешлівая. Князь ведаў, што заўтра ўранні зноў, поўны спрыту і маладой моцы, у кароткай кальчузе і шаломе з барміцай, выйдзе на ганак з разьблёнымі балясамі, і дружына так выгукне “Слава князю Валодшу!”, што ва ўсім наваколлі на момант здзіўлена замоўкнуць жаўрукі.
Читать дальше