Богуш прыгладзіў узбунтаваныя ветрам бялявыя валасы, тройчы перахрысціўся на сафійскія крыжы і рушыў па гразкім пасля ўчарашняга дажджу ўзвозе да торжышча. Гадоў аршанскі майстра меў за тры дзесяткі, ногі ў новых пасталах ступалі лёгка, а на плечуку на выслізганай да бляску кульбе вісела радняная кайстра.
На таргу ён купіў падрумянены пірог з заечынай і, памалу адкусваючы, прайшоўся паміж паўпустых у будны дзень прылаўкаў. Спыніўся каля дзеда, што гандляваў рыбаю, прыцмокнуў языком, кінуўшы вока на ляшча, які не ўтаптаўся ў драўлянае вядро. Падзівіўся на двухгаловых хвастатых звяроў, што шчэрыліся з калчанаў.
* Даспех накшталт кальчугі, але зроблены з металёвых пластачак.
Прыслухаўся да размовы двух дружыннікаў у дашчатых бронях* і адразу неяк наструніўся. Ваяры гаманілі, як учора на княжых борцях злавілі пчаладзёра.
— Прывялі таця ў церам,— апавядаў старэйшы векам дружыннік,— дык на калені заваліўся і якоча: “Памілуй, княжа, не ведаў я, што твой мёд краў!” А князь рачэ: “А хіба не ведаў ты, што мёд гэты не твой?”
Воі засмяяліся.
— I піўцом князь пачастуе, і слаўцом.
— А ці ведаеш, рачэ князь,— працягваў старэйшы,— што над табой немцы ўчынілі б? Галавой — у лазьбень з мёдам, і пі, пакуль душа не адляціць.
Богуш на крок адступіў, але слухаць стаў яшчэ ўважней.
— Ага,— згадзіўся малодшы.— Чалавек з леціголы баяў. Рытары* ў іх борці адабралі, а пчаляроў у мёдзе патапілі.
* Рыцары.
Неспадзеўкі на торжышчы ўсчаўся крык. Усе, хто мог, рынулі да ракі. Прылаўкі ўмомант апусцелі, каля свайго тавару засталіся адно ганчар з бондарам.
На беразе вірыўся вялікі збой гараджанаў. Тут былі і купцы, і рукамеслыя людзі ў магерках, і манахі ў даўгіх чорных рызах. Наперадзе тырчалі чырвоныя баярскія шапкі з сабалінаю ірхой. Богуш, націскаючы плячом, прабраўся наперад. Пры самай вадзе ляжалі двое мужчын з туга скручанымі скуранымі паскамі рукамі і нагамі: адзін — таўсматы і вірлавокі, другі — драбнаваты і вастраносы, з ускудлачанай галавой. Апранахі на абодвух былі разадраныя і прыпаленыя.
Поруч з Богушам апынуўся той самы дзед, што прадаваў ляшча,— прыклыпаў са сваім вядром, з якога вытыркаў рыбін хвост.
— Што за людзі? — напаўголаса запытаўся аршанскі майстра.
Сусед аказаўся гаваркі.
— Нямчыны-выведнікі, у нядзелю злоўленыя. Таўсты на Ганчарным канцы ў студню зелле сыпаў. Хацелі яго з той студні напаіць, дык так зубы сцяў, што мячом не расціснеш. Тады сабачку валачашчаму тае вады далі. Сабачка і пажыў, як Дзвіну на чоўне пераплысці. А гэтага,— кіўнуў дзед на ўскудлачанага,— Няжыла з Запалоцкага пасада злавіў. На пастой да Няжылы папрасіўся, а ў сне па-свойму гергетаць пачаў. Пад жаркім жалезам абое прызналіся.
Богуш упіўся вачыма ў звязаных выведнікаў.
— А кажуць жа, у князя Валодшы вечны мір з Рыгай,— зноў загаварыў ён да дзеда.
— Мір,— пацвердзіў той.— Купцоў нямецкіх князь у крыўду не дае. Дружына іхні тавар вартуе. А выведнікаў наказана не літаваць.
— Пасаднік! Пасаднік!..— пранеслася па натоўпе, і людзі расступіліся, даючы дарогу чатыром цівунам і пасадніку ў вавёркавым футры.
Вастраносы кудлач, што дагэтуль ляжаў ціха, перакаціўся са спіны на бок, тварам да натоўпу, і тонкім пакутным голасам закрычаў:
— Людзюхны, ратуйце! Не нямчын я, людзюхны! Пятром мяне завуць. I бацька быў Пятро. Купец я з Друцка. Адстаў ад сваіх, хацеў на Вялікдзень у святую Сафію схадзіць. Жонцы і дзеткам хацеў пасвячонае ў Полацку яечка прывезці. Няжыла мяне апаіў і грошы забраў, а пасля нямчынам абвясціў!
Збой прыслухаўся і пацішэў.
— Пятро я. Хрыстом Богам прашу, не губіце бязвінную душу! — маліў вастраносы.
Богуш глядзеў на яго, і на твары ў аршанскага лучніка не было шкадобы.
Але знайшліся ў грамадзе і жаласныя сэрцы.
— Можа, і праўда Пятро ён? — прамовіў нехта.
— На агнёвым роспыце прызнаў сябе нямчынам! — гучна сказаў да людзей пасаднік.
— Грэшны, не сцярпеў пакуты,— зноў падаў голас кудлач.— Сам на сябе нагаварыў.
— Да князя паслаць! Няхай князь судзіць! — закрычалі ў натоўпе.
— Другі ў князя клопат. Перавозчык паслоў у Бельчыцы павёз. Можа, і нашай ён крыві,— пасаднік паказаў нагой у зялёным боце на вастраносага,— ды ўсё адно пераветнік. А пераветнікаў князь Валодша загадаў судзіць скора.
Збой незадаволена загудзеў.
— Пятро я! — адчайдушна заекатаў кудлач.— Крыж буду цалаваць, што Пятро!
У гэты момант нечакана загаварыў таўсматы выведнік. Ён сказаў толькі тры словы:
Читать дальше