Але вось яе вочы заплюшчыліся, і Франчэску агарнуў сон. Смерць забрала Эразма, а цяпер прыйшла па яе, каб ператварыць гэтую прыгажосць, гэтае зведанае, бясконца дарагое цела з сузор’ямі радзімак у спажыву чарвям.
Шукаючы нейкага апірышча, ён абвёў вачыма пакой. Позірк спыніўся на ацалелых Босхавых гравюрах. Яго скаланула. Малюнкі ажывалі, на іх пачынаўся таемны вусцішны рух. На сярэдняй гравюры шалёным намётам неслася па крузе фантастычная кавалькада, а праваруч разгаралася паланiца пажараў і ішлі ў наступ пачвары. Свет, у якім ён жыў, як ніколі раней, здаўся яму падобным да створанага мастаком крывавага хаосу. Ён схапіў свечку і падбег да гравюраў зусім блізка.
Рух на карцінах замёр, але пакутлівае пачуццё хаосу не міналася. У Гусоўскага з’явілася адчуванне, што ён трапіў у вялізныя цяжкія жорны, якія з кожным новым імгненнем усё глыбей зацягваюць яго ў сваё каменнае чэрава.
Ратуючыся, ён запаліў усе свечкі і вярнуўся да Франчэскі. Яе дыханне зрабілася рэдкім, адначасна з выдыхам з грудзей вырываўся хрыплаваты прысвіст. Ён маліўся, каб хоць у астатнюю хвілю Бог дазволіў ім паглядзець адно аднаму ў вочы. Смерць стаяла ўжо каля самага ложка. Яму здалося, што ён змеціў яе бледны прывід. Вось смерць нахілілася над Франчэскаю для апошняга пацалунка, і яна пачала задыхацца. Ён скінуў з Франчэскі коўдры і ўбачыў, як яе грудзі падняліся і ўжо не апусціліся. Яна разлучылася з душой, так і не расплюшчыўшы вачэй.
Свет вакол яго рушыўся. У гэтым свеце панавалі пачвары.
«Дзверы адчыненыя, можаш пайсці»,— загарэліся ў свядомасці словы Сенекі.
Розум дзейнічаў успышкамі, у святле якіх уваччу ўзнікалі абліччы людзей, малюнкі рымскіх вуліц і храмаў.
I раптам ён убачыў зусім іншае. Бацькаў дом пад саламянай страхою, чарада дубоў, Нёман. I яшчэ сляды на плітах калумбарыя.
Божая маці, прачыстая Дзева Марыя,
Чуеш імя сваё ў песні і бачыш, напэўна,
Як затрымцела ад страху рука вершатворцы?
Раб твой пакорлівы слёзную гэту малітву
Шле да цябе, баючыся: а можа, не прымеш?
О, заступіся за нас! Праз любоў к чалавеку
Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў
Першай заступніцай люду, і ты заступіся!..
Ён чытаў і не бачыў, што на парозе схлупілася купка ўзброеных людзей. Зыркае святло ў вакне прывабіла начны дазор. Вартавыя прынюхваліся да палыновага дыму і ніякавата аглядаліся. Хтосьці моўчкі паказваў на ложак з незварушнаю жанчынаю, не могучы зразумець: спіць тая ці ўжо заснула давеку? А ў пакоі ўсё мацней гучаў голас чалавека, што сядзеў пры стале з кнігамі.
— Ён моліцца,— прыслухаўшыся, сказаў нехта. Варта ўбачыла, як чалавек кінуў на стол нейкія паперы і чытаў далей па памяці.
— Яго апанаваў д’ябал,— са страхам прамовіў начальнік дазору, і ягоныя людзі, паспешліва жагнаючыся, зніклі ў мораку галерэі.
У насычаным смерцю паветры, над Франчэскаю, над цёмнымі вуліцамі Вечнага горада, дзе ўладарыла чума, гучаў Голас.
1986
Грамата з магістрацкага архіва
Паклон вам нізкі, ласкавыя мае бацюхна і матухна, ад сына вашага, якога ўжо колькі летаў вы перад вачыма сваімі не бачылі і які кожнага вечара за вас і за цябе, брат мой малодшы Глеб, моліцца, дом бацькоўскі ўспамінаючы, і ліпы нашыя, і як Глебушка малы з кацянятамі гуляў, і тое нават, як наш Малахвей брэша. Малю Госпада, каб ахаваў вас ад хваробаў, а найперш, каб у смутныя гэтыя часы ад ліхіх людзей абараніў, якія ў нашай дзяржаве маскоўскай уладу забралі і няправедны суд чыняць.
Цешуся надзеяю абняць вас, ды часта апаноўваюць мяне думкі, што разлучыліся мы ўжо да сустрэчы нябеснае. А пішу да вас з места старажытнага і слыннага Полацкага, дзе хутка ўжо як тры леты Божай воляю знаходжуся і колькі яшчэ мне тут быць, аднаму Госпаду вядома.
Памятаеце вы, мусіць, бацюхна, як дом я родны пакідаў і сядзелі мы з вамі пры збане з трайным мёдам, ды не маглі горыч нашую падсаладзіць. Згадаліся нам тады словы вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча, бацькі цяперашняга гасудара нашага, няраз ім моўленыя, «Дакуль конь мой хадзіць будзе і меч секчы, не дамо пакою Літве», - любіў князь Васіль казаць, і сын ягоны таксама з юных летаў у той бок, куды сонца садзіцца, паглядаў і хацеў пад сваёю рукаю мець і Полацак, і Віцебск, і іншыя гарады і землі, якія некалі Уладзімір Краснае Сонейка ваяваў, і пасля яго князі рускія з дружынамі ваяваць хадзілі, і якія потым вялікія князі літоўскія да сваіх вотчын прырасцілі.
Читать дальше