— Кажы, што князь Усевалад перадаваў! — загадаў Валодша старому ваяводу.
— Перадаваў: жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзіць. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.
— Добра мовіў.— Валодша, зусім адтаяўшы, гладзіў далоняй мякчэйшую і святлейшую, чым валасы на галаве, бараду.
— А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? — са смехам у сініх вачах запытаўся Віславус.— Пад тымі, што біскуп даў?
— Пад полацкімі! — апярэдзіў кульгавага ваяводу Васілька. На круглявым твары ў падлетка з’явілася першая, трохі вінаватая ўсмешка.
Літоўскі ваяр Рудзіс за ўсю размову не вымавіў ані слова. Але слухаў ён з чуйнаю ўвагай, і, хоць крыўдныя князевы словы абміналі яго, як абмінаюць стрэлы загавораны панцыр, відаць было, што руды волат спагадае сваім спадарожнікам.
— Затчэна* каргача ды маўклівы чалавек — невядома, што ў іх ёсць,— павярнуўся князь да лiтоўца.— Якія весці прынёс?
* Заторкнутая.
— Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута.— Рудзіс някепска гаварыў па-крыўску.— Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.
I Усеваладавы паслы, і полацкі князь з ваяводаю добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з наўгародцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў, вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду. Вольналюбівы Усеваладаў цесць не стрываў здзекаў і забіў сябе.
— Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку.— Голас аўкштайта зазвінеў.— Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Яны,— Рудзіс выцягнуў перад сабою даўгія рабаціністыя рукі,— летась забралі жывот у сямі рытараў.
— Летась было, па Дзвіне сплыло. Што ты скажаш цяпер?
— Нашы людзi прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта — вайна. Мы дамо столькі сотняў войска, колькі пальцаў на руках у цябе з тваім ваяводам і ў мяне.
— Які знак паслаць вам, калі я пайду ў паход? — таймуючы радаснае хваляванне, спытаўся Валодша.
— Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне.
Князь абняў літоўца і, удыхнуўшы кіслявы пах ягонай аўчыннай безрукаўкі, краем вока перахапіў раўнівыя позіркі кульгавага Збыслава і Васількі. Выпусціўшы з абдымкаў Рудзіса, ён гэтаксама моцна абняў Усеваладавых паслоў. Падлетак ажно па-дзіцячаму войкнуў.
— Стольніка з чашнікам сюды! — загрымеў князь.— Грэх сёння бочку трайняку не разбіць!
6.
Лекар вярнуўся ў Запалоцце, калі вадзянік ужо расклаў сваё халоднае вогнішча і над ракою папоўз туман. Дзітрых насвістваў крывіцкую песеньку.
Пастаялец чакаў на старым бервяне пад тынам, там, дзе падворак апускаўся да Палаты. Чалавека, што сядзеў тут, нельга было згледзець з вуліцы. Убачыўшы лекара, Тэадорых, не тоячы нецярплівасці, ускочыў на ногі.
— Gott mit uns! — прывітаўся кастапраў. Ад яго пахла брагай.
Яны зайшлі ў хату, і Тэадорых зачыніў дзверы.
— Бачу, ты вясёлы. Напэўна, не толькі ад віна?
Лекар, муркаючы пад нос сваю песню, адсунуў засаўку і прыцягнуў з клеці збан хмельнага мёду.
— Калі Міхайла памёр, кароль Вальдэмар раззлаваўся і шукаў вінаватых,— сказаў ён, наліваючы ў шкляніцы цёмна-бурштынавы трунак.— Але баярскі сын паверыў, што бацьку звялі са свету па каралеўскай волі. Га-га-га... Цяпер ён зробіць тое, чаго мы хочам.
— Ты навучыў яго, калі трэба даць нашы лекі?
Гаспадар кіўнуў.
— Праўда, баярскі сын казаў, што кароль стаў падазроным. Ён часта здымае з пальца і кідае ў чару пярсцёнак, што прывезлі яму купцы.
Камень з таго пярсцёнка забівае атруту*.
* Гаворка ідзе, найверагодней пра так званы безаарны камень, які ўтвараецца ў страўніку некаторых жывёл. Прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадства сярэднявечнай Еўропы, баючыся, што іх атруцяць, пад час застоліцы нярэдка кідалі ў келіх пярсцёнак з безаарным каменем або высыпалі туды загадзя натоўчаны парашок. Лічылася, што ад гэтага любая атрута, асабліва найбольш пашыраны тады мыш’як, траціць сваю сілу. Доследы сучасных біяхімікаў пацвердзілі, што безаарны камень у выніку хімічнай рэакцыі сапраўды робіць няшкоднымі мыш’як і арсеніды.
— Мае лекі з краіны жаўтатварых людзей, якая ляжыць за гарамі і пустэльнямі. Дапасці той краіны можа адзін падарожнік з пяці, а вярнуліся толькі двое ці трое. Ад гэтых лекаў не ўратуе ніякі пярсцёнак, нават калі яго даў каралю сам Вельзевул.
Читать дальше