У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала жаркім агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі па сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж частаколу дахі жылых клецяў, на якіх пад час аблогі стаялі абаронцы. Сям-там на дахах зелянеў мох, а на ўгрэве паспела распусціцца залацістая багатка. I ад прыходу паслоў, і ад такой яснай раніцы князь чуў сябе надзіва ўпэўненым і дужым.
— Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа,— пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонага юхту.
Людзей ад Усевалада прыйшло двое: кульгавы ваявода Збыслаў — невысокі, увесь жылаваты і моцны, як смаловы корч, і старэйшы Усеваладаў сын Васілька, яшчэ падлетак, з дзіцячым румянцам на бязвусым і безбародым твары, але ўжо з шырокімі па-мужчынску плячамі, якім было цеснавата ў зялёным аксамітавым каптане. Разам з імі быў руды вяснушкаваты волат — літоўскі ваяр Рудзіс.
Князь чакаў адказу і міжволі параўноўваў свайго старэйшага сына з Васількам. “Такі, калі давядзецца, можа з бацькавых рук меч прыняць”,— зайздросцячы Усеваладу, думаў ён.
У палаце павісла ціша. Было чуваць, як недзе далёка на прыдзвінскім поплаве клякоча бусел.
— Дык чаму не хваліцеся, як вас новы гаспадар шануе? — парушыў гэтае маўчанне Валодша.— Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд?
Васілька ад пякучай крыўды закусіў губу. На скроні ў ваяводы Збыслава набракла крывёю жыла.
— Не такія мы словы чуць хацелі,— глуха сказаў стары ваяка.
— Не льюць міру духмяную ў паганы посуд.— Сярод кніг, а іх у хораме было шмат, Валодша найбольш гарнуўся да “Пчалы” і “Ізборнікаў”, любіў уплесці ў гаворку чытаныя там словы святых айцоў і свецкіх філосафаў.— Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ваш Усевалад прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры і палачан і літоўцаў? Ёсць таму самавідцы.
— Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твая жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.
— Які гэта мір, ты, кульгач, ведаеш,— сказаў Віславус, стараючыся патрапіць у лад князю.— На той сядміцы двух нямчынаў-выведнікаў на гасціны да вадзяніка выправілі...
— Дай мне мовіць,— спыніў яго Валодша і падняўся.— Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву! — ён секануў рукою паветра.
Пасланы біскупам клірык і яго схіляў некалі прыняць новую веру. “Асвяці душу і розум ісціным законам Божым,— пранікнёна казаў красамоўны рыжанін,— і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы”. Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша Лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў, як адказаў тады. Адказаў гожа: “Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонава да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення — пра ўсё я знаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну”.
Усё тое мільганула цяпер у памяці, як пошуг бліскавіцы.
— Не лацінец мой бацька! — усхапіўся з лавы Васілька.— Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.
— Любіш бацьку,— пахваліў Валодша.— Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць — вычын невялікі.
— Дазволь слова сказаць, княжа,— устаў кульгавы Збыслаў.
Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваявода, і чакаў ягоных слоў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны і прыступацца да галоўнага.
— Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў.— Кульгач абапёрся на стол звітымі з жыл рукамі. На дзясніцы не ставала сярэдняга пальца.— Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі ягоныя не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе ведаеш. Нашы людзі з літоўцамі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рытараў...
— Агню пад вугал пакласці — няхітры чын,— бадай, ужо супраць волі, аднак сарваліся яшчэ з Валодшавых вуснаў насмешлівыя словы.
Але разумны Збыслаў, адчуўшы ў князю перамену, пусціў іх міма вушэй.
— I летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рытараў з Куканоса.
Валодша і Віславус заківалі. Сапраўды, летась герцыкскія кметы няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга пасылала на караблях багаты выкуп.
Читать дальше