I з недарэчнай у гэтым журботным месцы ўсцехаю я знячэўку падумаў, што здолею, абавязкова напішу не проста новы раман, а кнігу, якая спадабаецца гэтым хлапчукам, якая кагосьці на нашай зямлі зменіць, зробіць лепшым, навучыць разумець і бачыць больш, чым дасюль.
Я не пачуў крокаў і ўбачыў дзяўчыну, ужо калі яна ўкленчыла, каб пакласці Раману бела-чырвоныя кветкі. Яна была прыгожаю. У першы момант найбольш уразіла невялічкая цёмна-каштанавая каса (ужо запамятаваў, калі астатні раз бачыў дзяўчыну з касой). I яшчэ — вялізныя сумныя вочы нязвычнага бурштынавага колеру. Але дзяўчына трымалася так, быццам мяне тут папросту не было, і я даўмеўся, што павінен пакінуць яе на самоце.
Не ведаю, што прымусіла мяне доўга чакаць каля старадаўняе брамы са спілаваным крыжам. Дзяўчына не пярэчыла, калі я пайшоў побач. Я спрабаваў разважыць яе размоваю, але яна адказвала коратка альбо наогул маўчала. Бурштынавыя вочы глядзелі абыякава. Жарынкі нейкае цікавасці бліснулі ў іх толькі тады, калі я загаварыў пра Галубовіча.
— Здаецца, мы з вамі сустракаліся на хаўтурах. Вы добра ведалі Рамана?
— Я кахаю яго,— адказала дзяўчына, і ў яе словах быў выклік.
...Не буду ўспамінаць два доўгія халодныя гады. Не буду ўспамінаць доўгія месяцы, у якія яна выдавала насцярожанай і недаверлівай птушкай, што ў зімовы дзень апусцілася на маё акно падзюбаць крыхотак і гатовая кожнае імгненне ўзляцець.
Навошта? Бо за імі надышлі іншыя дні, дні, што пачыналіся з чакання вечара.
Я зноў і зноў перагортваў Раманаў дзённік (Вінцук даў мне яго як найвялікшую сваю каштоўнасць), і ўжо бачыў многія старонкі будучай кнігі, і ў думках гутарыў, спрачаўся і згаджаўся з яе героямі. Бог ведае колькі я не садзіўся за пісьмовы стол і ўсё часцей прагна прыслухоўваўся да сябе, але таемны радца казаў: яшчэ рана, яшчэ пе час. А ўвечары, як заўсёды знянацку, гучаў яе асцярожлівы падвойны званок...
А потым быў дзень, калі Яніна надоўга ад'язджала. Мы спазніліся і дагналі аўтобус на таксі ўжо ў зарэчным лесе.
Адвячоркам я хадзіў па чэрвеньскіх вуліцах з пачуццём, што гэта не яна, а я некуды з'ехаў і цяпер беспрытульна бадзяюся па незнаёмым чужым горадзе. Дома кінуўся ў вочы тэлефон, які не загаворыць яе голасам ні заўтра ні паслязаўтра. Каб змагчы нейкі тупы боль, я паставіў на прайгравальнік старую пласцінку.
Я слухаў, заплюшчыўшы вочы, так, як любіла, седзячы ў гэтым фатэлі, слухаць музыку яна. Я не ведаў, што са мною. Праўдзівей, адкрыццё ўжо нарадзілася недзе глыбока-глыбока, у самым пакрыёмым кутку душы, ды я не хацеў даваць яму веры, баючыся памыліцца. Але яму, майму адкрыццю, было цесна там, пад спудам, яно рвалася на волю, яго неслі стрымана-ўрачыстыя хвалі музыкі, яно падымалася, як прыліў, і запаўняла ўсяго мяне... I раптам яно зламала ўсе перашкоды, і я пранізліва і шчасна зразумеў: я кахаю.
Музыка скончылася. Сёння, падумаў я. Зварыць каву і пісаць, пісаць усю ноч. Я ўявіў, як кладуцца на белы аркуш першыя словы, і сэрца захліснула даўно забытая юначая радасць разам з трывогаю.
Так мінаецца зямная слава (лац.).
Індульгенцыя.
У сярэднявеччы апостал Лукаш лічыўся апекуном мастакоў.