— Ніхтс пістоля! — мірна сказаў Хольц, ужо зразумеўшы, што перад ім сьляпы. Брудная, няўмела наладзеная павязка спаўзла да кончыку носа, з-пад яе па зашчаціненым падбароддзі цяклі гнойныя выдзяленьні, ад якіх брудам і плямамі ўзялася гімнасьцёрка ля каўняра.
— Майн гот! — сказаў Хольц. — Это ест очень плёхо. Будет перевязать.
— Дай закурить! — перш за ўсё патрабаваў рускі, не выпускаючы з рукі пісталета.
Хольц знайшоў у кішэні пакамечаны пачак […]*, выняў адну [цыгарэту] і ўклаў у замурзаныя пальцы сьляпога. Пасьля дастаў з нагруднага кішаня запальніцу, доўга пстрыкаў сінім агеньчыкам, пакуль тая загарэлася, і паднёс рускаму. Той прагна зацягнуўся, выпусьціў дым і аблёгся на шынелак.
Рускі маўчаў, усё прагна цмыгаючы цыгарэту, але пісталет апусьціў долу, і Хольц рашуча расшпіліў санітарную сумку.
5. Сер[афімка]
Прыйшоўшы дамоў, Серафімка, не распранаючыся, засноўдала па сваім жытле, ахопленая новым клопатам. Трэба было агледзець, што ў яе засталося пасьля нядаўняга разору, чым яна будзе карміць параненага камандзіра. Сала ўжо не было, гэта пэўна, хлеба таксама. Але ў сенцах яна знайшла ў корабе пад лавай з пуд ячменю, нядаўна намалочанага са сваіх сотак, — мусіць, тыя Піліпёнкі ўсё ж прамінулі яго, не ўзялі. Ячмень яна патаўчэ на крупы, будзе куцьця ці крупнік, у тым ёй усё ж пашэнціла. Горш, не было ні зярняці збожжа на хлеб. Затое ў вялікім паліваным старасьвецкім гарлачы-цёрле яна ўберагла ад мышэй і злодзеяў кілаграмаў колькі леташняга бобу — таксама са свайго агароду. Ну і бульбачка. Бульбачка яе была яшчэ ня выбраная, усё зьбіралася выбраць, адкладвала і во даадкладвалася. Найперш трэба было накапаць бульбы, пакуль зусім не сьцямнелася.
Ужо амаль у цемры яна калупалася з рыдлёўкай у сваіх баразёнках, сабрала няпоўны кошык, як пачула чыйсь недалёкі голас. Голас быў ціхі, мужчынскі і чуўся, мабыць, на падворку, і яна адразу нагадала тых Піліпёнкаў. Але то былі не Піліпёнкі, — Серафімка адразу зразумела, што памылілася, як убачыла ў прыцемках чалавека, які ціха чакаў яе. Яна нясьмела падышла з кошыкам і рыдлёўкай у руках, і чалавек стрымана павітаўся.
— Што, Серафімка, жывая?
— Жывая, — адказала яна, марудна, нібы навобмацак, пазнаючы чалавека. Здаецца, усё ж гэта быў колішні местачковы настаўнік Дземідовіч. Але як ён апынуўся тут, за дваццаць кіламетраў ад мястэчка?
– І хата, гляджу, уцалела?
— Дзе там уцалела! — ціха паскардзілася Серафімка. — Толькі што сьцены. А так ні страхі, ні вокнаў. І печ патрэскалася, во комін…
— У другіх і таго не асталася.
— Не асталася, ага. Усе Любашы спалілі.
— І Любашы, і Жаўрыды, і Вострава.
— Страх адзін!
— Ну дык мо зойдзем у хату?
— Ну што ж… Вы ж тут былі неяк… Яшчэ з Мікалаем.
— Дзесяць гадоў таму, — пацьвердзіў Дземідовіч.
Яна адчыніла дзьверы ў сенцы, прайшла адтуль у цёмную хату. Тут, як і на вуліцы, было выстуджана, холадна; з пазатыканых падушкамі і рызьзём вокнаў ціха дзьмуў вецер.
— Цёмна, пасьвяціць няма чым, — сказала яна. — Во тут на ўслон сядайце.
— А сьвяціць і ня трэба, ня той час, — пагадзіўся госьць. — Я тут во сяду.
— Ага, во тут.
Дземідовіч цяжка з уздыхам апусьціўся на ўслон перад печчу і змоўк. Серафімка таксама маўчала, чакаючы пачуць ад госьця пра яго патрэбу. Але той усё пытаўся ў яе:
— Хто-небудзь яшчэ ўцалеў у дзярэўні?
— Усё папалена. З гэтага канца дык адна хата і асталася.
— Значыць, пашэньціла табе.
— Пашэньціла.
— Зноў памаўчалі, і яна пачала трохі непакоіцца, бо мела шмат справы, трэба было неяк зварыць бобу ці таўчы крупы, а гэты чалавек займаў час, ня кажучы, што яму трэба. І тады яна пачула, што дыхае ён з натугай, неяк часта і дробненька, як дыхаюць дужа прастуджаныя людзі.
— Серафіма, мне… Пераначаваць трэба.
— Во як! — амаль шчыра зьдзівілася яна.
— І гэта, прастыў я.
— Ай-яй, — паспачувала яна. — А дома…
— У тым-та і справа, што дамоў нельга мне. Цяпер як парцейнаму… Сусед жа ў мяне прыйшоў, Асоўскі. Той, рэпрэсіраваны…
— Ай-яй! — зусім ужо зьдзівілася Серафімка ад парогу. Рэпрэсіраванага чатыры гады таму Асоўскага яна з большага ведала, бачыла на вуліцы, як жыла ў брата ў мястэчку. Ён заўжды задуменна хадзіў з партфелем, такі немалады ўжо мужчына ў акулярах бяз дужак, з тонкай сіваватай бародкай, і ніколі ні з кім не вітаўся, бы не заўважаў нікога. Казалі тады, гэты Дземідовіч недзе выступаў супраць Асоўскага, і калі той цяпер вярнуўся, дык сапраўды…
Читать дальше