Я ж не магу без хвалявання думаць пра тое, што i я быў нарэшце ў цудоўнай падземнай казцы беларускай рэчаіснасці — хадзіў па бясконцых i зіхатліва прыгожых тунелях, сам перад сабой, як блазен, фанабэрыўся курткай, каскай i ліхтаром шахцёра, неяк вельмі ж свабодна i молада, па-марскому, з соллю на вуснах, дыхаў паветрам Салігорска.
1963
Ціхая рэчка ў спякотнай данской станіцы.
Садзіцца сонца — недзе за высачэзным трысцём.
Лазім з волакам па прахалоднай, мутнай вадзе, ранячы ногі на патайных "чарапашках" i старчаках.
Рыбацкія "прыстані", сцежкі-праёмы ў трысці, дзе на дасвецці, падаслаўшыся ахапкам сена або старою курткай, сядзяць над паплаўкамі мясцовыя аматары ціхага i цярплівага хвалявання. На дзень праёмы пазакладаны калючым цёрнавым голлем. Доступ у гароды закрыты; ryci i качкі гамоняць на вадзе, не вельмі баючыся нас.
Мы прыпыніліся каля трысця — перадыхнуць перад новым, можа, Бог дасць, шчадрэйшым заходам.
І вось на "прыстані", на супрацьлеглым, светлым беразе выйшла з вёдрамі маладая казачка.
Ёй гэта — проста работа: яна, высока падаткнуўшыся, палівае капусту.
А нам — як падарунак нейкі або цуд — засвяціла проці захаду раскошна сонечнымі, стройнымі нагамі.
1963
Міхайлаўскае я наведаў пазалетась, у канцы жніўня мокрым i яшчэ бязлюдным раннем.
Лена перачырыкваліся вераб'і. Голле яблыняў, каб не безліч падпорак, так i палегла б на траву. Пах флоксаў, якіх на сядзібе, абапал дарожак, было ненатуральна шмат, упіраўся ў пахмурнае неба. Густы, прытарны, нават нейкі нахабны...
Гэты бязлітасна шчодры, не вельмі прадуманы флёксавы пах успомніўся мне ў Пяцігорску, сёлета вясной, каля дома, у якім прайшлі апошнія дні нашай другой любві, другога друга, мудрага i сардэчнага.
Чаму ж успомніўся?
Бо там, каля белага нізкага доміка, у сонцы поўдня цвіла чарэшня.
Сціпла i вельмі патрэбна.
Шчасліва, ненаіўна верыцца, што яна — тая самая, адна з тых самых, пра якія калісьці тут, у гэтым доміку, было напісана:
"Галіны кветнеючых чарэшань глядзяць мне ў вокны, i вецер засыпае часамі мой пісьмовы стол ix белымі пялёсткамі".
Зноў дакранаешся душой да тых пачуццяў, якія ўздымалі i ачышчалі яе ў родным доме Тал стога, каля хаты, у якой нарадзіўся Купала, на тары, дзе магіла Шаўчэнкі, у лесе, нячутна напоўненым песняй Міцкевіча...
Пісьмовы стол, на зялёным сукне якога, як на траве, адпачывалі быстрыя i нястомныя рукі, што тут вось, пры дапамозе гусінага пяра, увекавечылі на паперы "Тамань" i "Выхожу один я на дорогу...".
Тут, каля гэтага стала, я задрыжаў душой, жыва, да слёз адчувальна ўспомніў аслонены мокрымі дрэвамі шэры домік Радзівонаўны i словы — золатам на мармуры:
Подруга дней моих суровых,
Голубка дряхлая моя!..
Словы — поўныя той высокай пяшчотнасці, на якую здольныя толькі сапраўдная сіла i мужнасць. Тая сіла i мужнасць, тая радасць жыцця i змагання за Чалавека, тая крыніца несмяротнасці, з якое непераможна струменіць i разліваецца морам сапраўды руская, сапраўды народная i сапраўды агульналюдская паэзія двух геніяў.
Пушкін i Лермантаў. Лермантаў i Пушкін. Толькі падумаеш пра аднаго — у памяці ўстае другі... Так яно i ідзе, бясконца паўтараецца з тых дзён, калі ты ўпершыню зазірнуў у казачна-дзівоснае царства ix слова.
Асабліва моцна i непаўторна адчуваецца гэта — i я нарэшце ведаю — на Каўказе. На тым Каўказе, што быў ix карай, ix натхненнем, што стаў для аднаго з ix магілай.
З вяршыні Машука, куды нас з сябрам узвіў на "Волзе" вясёлы таксіст,— проста арліны агляд. На маляўнічы Пяцігорск, што сотнямі белых дамоў i садзікаў разбегся па нізіне. На паасобныя горы — Змейку, Вярблюд, пяцігаловы Бештаў, Кінжал i іншыя,— што акружаюць горад зялёнымі пірамідамі. На горны хрыбет, што снежна бялее на прываблівым, радасным даляглядзе. Відаць i месца пад гарой, дзе варожая куля так дзіка, недаравальна абарвала жыццё таго мілага крываногага Мішанькі, што са слязьмі на вачах, з нажом у дзіцячай руцэ кідаўся абараняць дваровага мужыка, якога білі па гаспадарскаму загаду любай бабулі-прыгонніцы. Таго бясконца абаяльнага Міхаіла Юр'евіча, якому было дваццаць шэсць, калі i на ягоныя вусны лягла халодная пячаць.
Часта гаворыцца, што справу, пачатую Пушкіным, прадоўжыў Лермантаў. Адзін пісаў, што страту Лермантава лёс кампенсіраваў Расіі Львом Талстым, маладосць якога i пачатак творчага шляху таксама звязаны з Каўказам.
Гэта — перш за ўсё — слова пра несмяротнасць паэзіі, пра веліч народа, што нараджае паэтаў, пра хараство зямлі, што ix натхняе.
Читать дальше