Я i сам ведаю, што лепей было пайсцi ў дом-музей найвялiкшага з галандскiх жывапiсцаў, чым да Цюсо. Але дом Рэмбранта, як высветлiлася, адчыняюць толькi ў нядзелю. Пацалуй прабой i кiруй дамоў. Але ты далёка ад Мiнска, ты ў Амстэрдаме, iдзеш на пляц Дам, i цябе ветлiва запрашаюць у музей бабулi Цюсо. Ідзеш.
"Русiш?" I атрымлiваеш паперку з тэкстам, якую чытаеш у хуткасным лiфце, якi iмчыць на самы верх вялiзнага будынка. З лiфта накiроўваешся ў цёмны, кепска асветлены пакой. І тут успыхваюць пражэктары, у конусах промняў на цябе насоўваецца са столi вялiкая чатырохметровая фiгура Клааса Янсзоона, якi нагадвае Якуба Коласа з аднайменнага мiнскага пляца, пераапранутага ў строй залатога для Галандыi семнаццатага стагоддзя. Амстэрдамскi калос пачынае расказваць пра васьмiдзесяцiгадовую вайну за незалежнасць. Леваруч ад яго высвецiцца дыярама бiтвы. Сапраўдная гармата стрэлiць сапраўдным колцам дыму, якое паляцiць над табою, нiбыта ядро. А ты ўспомнiш бронзавага партызана Дзеда Талаша з унукам, якi цягне скрыню з патронамi. Раней у праекце недалёка ад скрынi з патронамi каля коласаўскага чаравiка ляжаў вялiзны капялюш, але бронза — рэч каштоўная, вырашылi эканомiць i не адлiваць капялюш. Народны пясняр цяпер сядзiць на пляцы без галаўнога ўбору. А ягоны стрыечны брат Клаас хоць i ў памяшканнi, але пры капелюшы. Вядома, Клаас у Амстэрдаме, а Колас у Мiнску, i хай яны абодва калосы, але Бог не роўна дзелiць.
Кожная няроўнасць вельмi добра вымалёўваецца на геаграфiчных мапах. Вось у музеi Цюсо ёсць мапа Нiдэрландаў, падзеленая на правiнцыi: Гелдэрланд, Утрэхт, Паўночная Галандыя, Галандыя, Паўднёвая Галандыя, Зеландыя... І правiльна, дарэчы, зрабiла, што падзялiлася, што не iснуе адзiнага i непадзельнага саюзу, няма адзiнай партыi, якая са зброяю ў руках будзе змагацца за нейкае ўяўнае адзiнства. Саюзу няма, а Нiдэрланды ёсць, як i краiны БеНiЛюкс ёсць, як ёсць i добраахвотна аб'яднаная Еўропа.
I хай праклянуць мяне дробныя беларускiя нацыяналiсты, але не бачу нiчога кепскага ў палескiм культурным сепаратызме. Хай акрэслiваюцца, хай вылучаюцца, хай Пiнскi раён стане Палескiм раёнам. Хай змяняюцца межы абласцей Рэспублiкi Беларусь. Хай усё дзелiцца i множыцца, асабiста я за жывы i мiрны працэс змены межаў, бо нiколi не ўцiскаў геапалiтычнае паняцце сваёй Беларусi i Радзiмы ў рамкi, акрэсленыя Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкай цi Рэспублiкай Беларусь. Мяжа — умоўнасць, а з яе зрабiлi паласу смерцi. Дык хай паадсыхаюць тыя рукi, што на геаграфiчнай мапе малююць палiтычныя межы. Вось так, я не толькi касмапалiт, а яшчэ i iнтэрнацыяналiст, праўда, апрануты ў нацыянальны мундзiр.
Аднойчы мая жанчына Тамара сказала: "Глобус, ты заўсёды зашпiлены на ўсе гузiкi". Вельмi эратычнае назiранне, праўда? Згадалася цалкам iдыёцкая Тамарына манера падыходзiць i падкрадацца ззаду. Яна любiла падысцi крадком на дыбачках i напалохаць: крыкнуць што-небудзь гучнае ў самае вуха, цi пляснуць чым-небудзь, цi яшчэ горш — ударыць. Аднаго разу на маю галаву абрынулася паўлiтровая бутэлька. Тамара ўдарыла мяне бутэлькай па цемi. Зразумела, я пакрыўдзiў яе, усе людзi сварацца. Бывае. І мы пасварылiся з-за нейкай там фiгнi, з-за цюбiка з фарбаю. Рыштаваннi былi вузкiя. Тома расклала фарбы на дошках, а я iшоў i наступiў, i з цюбiка выскачыла ўся сiняя сiнеча i паляцела з рыштаванняў на падлогу. Тамара засталася без нябеснае фарбы i сказала, што я няўклюдны, i яшчэ нагаварыла рознага бруднага. Мне давялося ўзяць яе за ногi i саштурхнуць з рыштаванняў. Яна вiсела ўнiз галавою на вышынi трэцяга паверха. Унiзе была каменная падлога. Твар Тамары зрабiўся бурачковы, але яна не збiралася прасiць прабачэння. І я зразумеў, што можна Тамару забiць, але прабачэння я ўжо не атрымаю нiколi. Я ўсцягнуў яе на рыштаваннi i пакiнуў. Хай сабе робiць копiю. Тамара капiравала фрэску "Сустрэча Марыi i Лiзаветы". Вельмi кранальны сюжэт. Выгляд цяжарных жанчын зачароўвае. На жываце ў цяжарнай Марыi было маленечкае сонца са знакам Госпада Ісуса Хрыста. На фрэсцы, дарэчы, амаль не было нябеснага колеру. Я сеў у кутку касцёла, на хорах, i думаў пра цяжарную Марыю, пра яе велiчны жэст. Рука Марыi была ўзнятая, яна вiтала Лiзавету. А тым часам узняла сваю мужную руку Тамара. Яна шарахнула бутэлькай мне па галаве i ўцякла. Я не стаў яе даганяць. Падумалася, калi iнтымныя ўзаемаадносiны будуць разгортвацца ў ваенным накiрунку, адзiн з нас загiне. І не было нiякiх перавагаў на маю карысць. Наадварот, свядомасць замуцiлася, i мяне званiтавала. Страсенне мазгоў я атрымаў. Страсцi напалялiся, але рэшткi рацыянальнага не далi загiнуць нi мне, нi Тамары. Мы памiрылiся ў той жа вечар. І расшпiлiлi ўсе нашы гузiкi. Нам было добра. Павер мне.
Читать дальше