- Чаго стаў? Лезь! Няма там нікога, - ўпэўнены голас старэйшага падштурхнуў Саўку.
Ён падскочыў і ўчапіўся рукамі за колкі край дашчанага паркана. Паспрабаваў закінуць нагу, але не здолеў і павіс на руках. Здзеклівы смех Суцкага ўдарыў па худых Кнышавых плячах, і той праз хвілю конна сядзеў на паркане. Пляц быў пусты і ціхі. Хлопец саскочыў на запыленую траву і ўгнуўшыся, крадком пайшоў да састаўленых у сцяну скрынь. Раптам недзе за цагляным корпусам джыгануў ланцугом па дроце і забрахаў вялікі сабака. Хлопец падбег да скрынь, прысеў, стаіўся і стаў прыслухоўвацца. Сабака сціх; толькі пазвоньваў, відаць, задоўгі ланцуг. Пад густым пацямнелым небам манатонна гудзеў горад. З роўнага гуду набліжаліся і аддаляліся галасы тралейбусных і машынных рухавікоў. Хлопец счакаў, потым нячутна і акуратна, быццам яны шкляныя, ўзяў дзве пустыя скрыні і рушыў да паркана, за якім віўся ўгору светла-сівы дымок. Скрыні адна за адной узляцелі і пападалі на зямлю. Праз імгненне каля іх ужо стаяў задаволены Саўка Кныш.
- А ты баяўся, - лежачы ля вогнішча сказаў Міцька Суцкі.
За чырвоным корпусам зайшоўся густым брэхам устрывожаны сабака.
Хлопцы хутка паразломлівалі скрыні і пакідалі дошкі ў вогнішча. Полымя прагна з’ядала сухое дзерава.
- Клёва, - сказаў адзін з хлопцаў.
- Нішцяк, - сказаў другі.
Неба пацяжэла. Паярчэлі буйныя зоркі. Белым нежывым святлом засвяціўся над заводскім пляцам пражэктар, замацаваны на чорным слупе. У жылых карпусах пацяплелі жоўтыя вокны з цукровымі драбочкамі лямпаў. Спушчаны на ноч сабака падбег да паркана і два разы нямоцна гаўкнуў на хлопцаў, на вогнішча, на горад, а потым, не атрымаўшы адказу, вярнуўся да сваёй, пакрытай руберойдам будкі.
Сцямнела.
- Будзем закідаць? – спытаўся малодшы.
- Давай, працуй, - дазволіў старэйшы.
Саўка адсунуў дошкаю вогнішча, пакідаў шурпатыя бульбіны ў гарачы сыпучы прысак і загарнуў іх вуглямі. Полымя ачахла, толькі зрэдку дрыжалі на чорным дзераве блакітныя вострыя язычкі.
- Та-а-ак, крадзеныя скрыні палім! – на гаражы, на фоне чарнільнага неба стаяў у зыркім пражэктарным святле трынаццацігадовы Ванька Тамілін.
- Бульбу пячом, - паправіў Кныш.
Суцкі ударыў яго кулаком у бок.
- Што? Што я такога сказаў? – ускінуўся той і адбегся да паркана.
- Та-а-ак, - Тамілін злез з гаража і падышоў да ачахлага вогнішча, - хацеў бульбы мне не даць?
Міцька маўчаў і глядзеў на крывяныя вуглі.
- Так? Я ў цябе пытаю, герой, - Ванька па-сяброўску паклаў руку на Міцькава плячо.
- Малы, хадзі сюды, не бойся.
Кныш падышоў да хлопцаў.
- Сажы, ён цябе біў? Не бойся, гавары.
Суцкі скінуў чужую руку са свайго пляча і ўстаў.
- Біў! – злосна і ўпэўнена вымавіў самы меншы.
Тамілін спрытна схапіў Міцькава запясце і вывернуў яму руку. Той застагнаў, але не вымавіў ні слова.
- Трэба цябе, гад, пакараць, каб ведаў, як малых біць, а старэйшым бульбы не даваць. Малы, падыдзі і дай гэтаму гаду па галаве, - загадаў самы старэйшы.
- Толькі паспрабуй, шчанюк, - варожа прашаптаў Суцкі.
- На! – Саўка падскочыў і з усяе моцы ўдарыў кулаком у скронь. – Можа, яшчэ даць?
Міцька паспрабаваў вырвацца, але Тамілін прыціснуў заламаную руку да лапаткі.
- Пусці-і-і…
- Ну што, будзеш біць малых? – мядовым голасам праспяваў Ванька.
- Будзеш біць малых? – праскавытаў Кныш і высалапіў язык.
- Не буду! Пусці! Баліць!
Тамілін крыху паслабіў заламаную руку, Суцкі вырваўся і пабег у цемру.
- У-гу-гу-гу-гу-у-у, - услед уцекачу пусціў самы старэйшы.
- Ага-га-га-га-га-а-а, - дадаў самы малы.
На заводзе азваўся вартавы сабака.
Рэха пакацілася па мікрараёне, па пустых, засаджаных тонкімі дрэўцамі, дварах, паміж дзевяціпавярховікаў, над пляскатымі дахамі гаражоў і кіёскаў…
Ванька ўзяў з зямлі трэску, выкаціў з вуглёў на пясок чорную бульбіну, пакідаў яе з далоні на далонь, пахукаў, разламаў і пакаштаваў.
- Сырая, гадаўка, - кінуў ён у бок Саўкі. – Не дапяклася. Давядзецца па дровы ісці.
- Сабака там ненавязаны. Мне дадому трэба, - пачаў прасіцца Кныш.
- А хто цябе на завод гоніць? Ідзі да гастранома і там у двары пашукай.
- Далёка.
- А ты бягом, будзе бліжэй, - ухмыльнуўся Тамілін.
Саўка пабег паўз асветленыя заднія сцены прыватных гаражоў, на якіх агрэсіўнымі зігзагамі былі панапісваны назвы рок-гуртоў – “Магістрат”, “Бонда”, “Мроя”, “7 герц”… Футбольная каманда “Дынама” Мінск таксама карысталася вялікім поспехам у аматараў сценапісу, якія не шкадавалі нітрафарбы з аэразольных балонаў, каб упрыгожыць іржавыя сцены.
Читать дальше