Я стаяў каля настаўніцкага стала пад час пятнаццаціхвіліннага перапынку. Большасць аднакласнікаў яшчэ не вярнулася з буфета і сталовай. А хто папалуднаваў, сядзелі, уурыўшыся над падручнікамі, і паўтаралі зададзены верш. Указка ляжала на стале. Мая любімая, навошчаная, вострая ўказка прашаптала ціха, настойліва, загадна: “Вазмі мяне і пераламі напалам. Ты маеш поўнае права знішчыць мяне”. Але я баяўся нават дакрануцца да светлага прутка. Нехта абавязкова ўбачыць, як ламлю ўказку, пачуе трэск дрэва, раскажа настаўніцы, тая напіша заўвагу ў дзённік, мама пачне сварыцца… Больш за ўсё не хацелася, каб сварылася маці. Толькі мама не папракала, бо не даведалася, што я ўтварыў на вялікім перапынку, калі пабіліся мае аднакласнікі — Эдзік Эпштэйн і Кастусь Копцеў.
Копцеў — высокі, даўгарукі троечнік з важкімі кулакамі і перапэцканымі ў чрніла пальцамі. У той дзень Кастусь з’явіўся ў новенькіх акулярах. Яны не давалі Копцеву спакою Ён увесь час ці то здымаў іх, ці то праціраў хусцінкаю і зноў прыладжваў на пачырванелае пераноссе.
Эпштэйн — дробны яўрэй, з непаслухмянымі кудзерамі і бурштынавым рабаціннем на бяскроўным твары. Ён быў хранічным выдатнікам і лічыў, што мае права паўдзельнічаць у самых інтымных справах сваіх аднакласнікаў.
Эпштэйн падышоў да Копцева, які пагладжваў пластмасавую аправу і ўглядаўся ў падручнік праз круглыя шкельцы. “Дай глянуць”, — абчыпаная рабаціннем рука пацягнулася да акуляраў. “Адвалі, жыд!” — выбухнула ў паўпустым класе. Доўгі твар Эпшсэйна пачырванеў так, што зніклі рабацінкі. Эдзік абрынуў кулак на скронь крыўдзіцеля. Удар атрымаўся нямоцны, але трапны — новыя акуляры бразнуліся паміх партаў на падлогу.
Я не бачыў, як Эпштэйн растаптаў акуляры Копцева, бо займаўся іншым злом. Схапіў указку і ўсунуў у шчыліну паміж кантам настаўніцкага стала і вечкам парты. Тонкі дубчык я ўставіў да паловы і пераламаў, пакрыўджанае дзерава ашчэрылася стрэмкамі.
Бойка паміж Эпштэйнам і Копцевым набліжалася да завяршэння, Кастусь сядзеў на Эдзіку конна, абедзвюма рукамі сціскаў галаву і крычаў: “Здаешся?! Здаешся?!” Астатнія аднакласнікі паўзлазілі на парты і моўчкі чакалі канца бойкі. У маўклівым чаканні была старажытнарымская ўрачыстасць і жорсткасць. Ніхто не ўбачыў, калі пасярод класа ўзнікла Ганна Іванаўна, усе зрэагавалі толькі на словы “брыдка”, “недапушчальна” і “абуральна”. Настаўніца прымусіла Эпштэйна з Копцевым падняцца з падлогі, стаць каля дошкі і прасіць прабачэння. Копцеў з Эпштэйнам выбачаліся не олькі за растаптаныя акуляры, парваныя кашулі, падраны падручнік, але і за пераламаную ўказку.
Судзіць сябе не правамерна. Хопіць і таго, што сказаў — займаўся злом. Застаецца адно дадаць… Дзюбку зламанай указкі я забраў сабе. Пацямнелы пруток ігрушавай галіны дагэтульзахоўваецца ў маім стале разам з кавалачкам кары ад алатанавага дрэва, які прывёз вандроўны мастак з Італіі.
26.03.1993