Раней на розныя камунiстычныя святы на аскетычных фасадах урадавых пабудоў, акрамя чырвона-белых лозунгаў i сцягоў, вывешвалiся манументальныя палотны з тварамi Энгельса, Ленiна, Маркса i ўсiх жывых членаў i кандыдатаў у члены Палiтбюро ЦК КПСС. Жывыя (усе, як адзiн) былi намаляваныя ў цёмных пiнжаках, белых кашулях i пад гальштукам.
Сярод вохрыстых фатаграфiчна-дакументальных твараў я заўсёды адшукваў койданаўскага земляроба i з гонарам адзначаў сваю далучанасць да вельмi вялiкай справы.
Сваяцтва Вiнака Шавуры не магло не абрасцi ў мястэчку рознымi байкамi i казкамi, як у гародзе — колькi нi палiце, нi касiце, а крапiва куток свой знойдзе. I чаго толькi не плялi доўгiя языкi!
Гандлярка Стэфа з крамы "Садавiна i гароднiна" казала, што яе муж Волесь на ўласныя вочы бачыў, як Вiнак закопваў на сваiх градах бляшанкi з золатам, якiя яму на "чайцы" прывозiў маскоўскi брат.
— Ён таму i не ходзiць нiкуды са свайго двара ды поркаецца дзень i ноч на гародзе, — нашэптвала Стэфа даверлiвым старым цёткам — Юзэфе з Канстанцыяй. — I памiдоры садзiць, каб замаскiравацца. А сам крамлёўскае золата пiльнуе.
Стэфу ўсе разумелi, бо Вiнак адных памiдораў прадаваў больш, чым яна ўсёй сваёй дзяржаўнай садавiны разам з гароднiнай. План у Стэфчынай краме трымаўся толькi на тым, што напрыканцы месяца ёй прывозiлi дзесятак скрынак з "Вермутам" па сто дваццаць дзве капейкi за рыльца. А якiя ў краме памiдоры, усе i так ведаюць. А вось калi цётка Пэля параўнала свае памiдоры з Вiнакавымi, дык у яе нарадзiлася думка, што Вiнакаў брат прысылае ў Койданава амерыканскае насенне, бо толькi з амерыканскiх зярнятак могуць вырастаць такiя смачныя памiдоры. Пэля пераканала сябе i спрабавала запэўнiць iншых, што Шавура ўсiм прадае адно насенне, а сам садзiць другое.
Да таго дайшло, што Казiкаву Валю паслалi на пошту даведацца, цi не атрымлiвае часам Вiнак пакункаў з Амерыкi. Валя праз былую аднакласнiцу даведалася, што нiякiх пасылак з ЗША i Канады ў Койданава за апошнi год не прыходзiла, а Вiнак атрымлiвае толькi часопiсы па садаводству i маскоўскую газету "Правда".
Цётку Пэлю такiя звесткi не пераканалi:
— Ну i што? Калi не па пошце прыслаў, значыць, на машыне прывёз!
Пярэчыць было бессэнсоўна.
Доўгая чорна-блiскавiчная машына разы два на год спынялася каля нефарбаванай Вiнакавай брамы. З яе выскокваў, як чорцiк з табакеркi, увiшны шафёр з тонкiмi кагэбiсцкiмi вусiкамi. Адчынялiся другiя дзверцы, i на койданаўскую запыленую прыдарожную траву ступаў цьмяна-блiскучы вузкi чаравiк Шавуры-малодшага.
Кандыдат у члены Палiтбюро ЦК iшоў, высока ўзняўшы паголенае падбароддзе, у братаву хату, а за iм, угiнаючыся, бег, як ненавязаны цюцiк, адданы шафёр.
Пра што гаварылi браты Шавуры? Цi бралi яны чарку? Цi даваў малодшы старэйшаму грошы? Койданава не ведала.
Услужлiвы шафёр пакаваў у багажнiк дзяржаўнай машыны скрынкi з памiдорамi. Светлыя, з абгабляваных дошчачак, зграбныя, невысокiя скрынi Шавура-партыец прывозiў з сабою. Койданаўцы казалi, што ён возiць памiдоры ў маскоўскi Крэмль, каб частаваць Хрушчова, Брэжнева i ўсiх астатнiх членаў Палiтбюро ЦК КПСС. Сам ён столькi з'есцi не мог, а вазiць памiдоры на "чайцы", каб згнаiць i выкiнуць — глупства. Так што Шавура-цэкоўскi ўсё ж некага частаваў.
Пры ўсiм сваiм скептычным стаўленнi да ўрада, койданаўцы паважалi Шавуру-малодшага, бо разумелi — не было б яго, i не было б памiдораў ад Шавуры-старэйшага. Бо хто б тады дазволiў Вiнаку прадаваць свае таматы налева i направа?
Хто гэта ў канцы 60-х мог дараваць беларусу заняткi адасобленай уласнiцкай эканамiчнай палiтыкай? Хто б дазволiў яму садзiць памiдоры i толькi памiдоры, калi ўсе астатнiя садзяць бульбу, рэпу, капусту, моркву, буракi, агуркi i боб з гарохам? Нiхто!
А так вось былi ў Койданаве лепшыя ў Беларусi памiдоры. Я, ва ўсялякiм разе, смачнейшых не каштаваў.
Баба Ядзя давала мне папяровы рубель, манетку ў дваццаць капеек i чысты, не з-пад бульбы, кошык.
— Папросiш Вiнака, каб ён сам табе навыбiраў, — казала яна. — Ён прапануе выбiраць, а ты скажаш, лепей вы самi навыбiрайце.
У Вiнакавай светлай хаце панаваў кiславата-салодкi востры памiдорны водар. На вокны не вешалiся фiранкi, i сонца вялiкiмi ромбамi ляжала на падлозе. У Вiнака амаль не было мэблi, так, самае неабходнае — ложак, стол, крэслы. I паўсюль на разасланых газетах у ромбах густога святла i ў празрыстых блакiтных ценях ляжалi, свяцiлiся сакаўной мякаццю праз тонкую глянцавую скурку, чырванелi наспелымi бакамi, зелянелi вострымi пупавiнамi пладаножак, патыхалi летнiм цяплом Шавуравы памiдоры.
Читать дальше