Кальварыйскi Ератнiк меў выгляд высокага сутулаватага хлопца, вiсланосага, з акулярамi "ровар" на падслепаватых вачах, з доўгiмi, ажно па лапаткi, роўнымi валасамi, вялiкiмi далонямi i ступакамi не меншымi за 44-ты памер. Некалi раней такiмi ўяўлялiся заходнееўрапейскiя хiпi, беспрытульныя шукальнiкi iсцiны ў таемных краiнах Усходу.
Як i ў найсапраўднейшага хiпi, у Кальварыйскага Ератнiка на шыi вiсеў скураны капшук з цыгарэтамi. Праз кожныя дзве-тры хвiлiны Ератнiк пакерхваў у кулак, i, па ўсiм было вiдаць, яму страшэнна карцела запалiць, але здароўе не дазваляла. Прыкладна раз на тры гадзiны ён усё ж даставаў з нагруднага капшука просценькую цыгарку без фiльтра i дрыготкай рукою ўкладаў яе ў асмяглыя вусны. З таго ж запаветнага капшука бралiся i запалкi. Агеньчык падносiўся да цыгарэты i ўсмоктваўся ў яе. З першым глытком дыму на Ератнiка нападаў жахлiвы прыступ кашлю. Даводзiлася класцiся на бок, скурчвацца i абедзвюма рукамi чапляцца за нешта нерухомае. Звычайна Ератнiк чапляўся за ножку старой скураной канапы, якую мiкрараённыя падшыванцы прыцягнулi са сметнiка ў каплiцу, з вядома якiмi намерамi, каб вадзiць на яе распусных дзявуль, але тыя, хоць i лядачыя бессаромнiцы, а на могiлках кахацца адмаўлялiся. Падшыванцы пра канапу забылiся, а вось Ератнiку, што завiс памiж зямлёю i небам, яна вельмi дапамагала, асаблiва падчас прыступаў. Ён ашчарэплiваў ножку i скурчваўся, тады выбухi лёгкiх не былi такiя балючыя i не рвалi на кавалкi нутро. Пасля кожнага прыпадку Ератнiк кляўся i бажыўся, што болей нiколi ў жыццi не зацягнецца тытунёвым дымам. Ягонага слова i абяцанняў, дадзеных Богу, хапала на гадзiны дзве-тры, i карцiна з курчамi паўтаралася. Толькi з надыходам цемры кашаль адпускаў Ератнiка, i той уволю курыў адну цыгарэту за адной. Сiнi дым слаўся над капцамi i вiўся мiж срэбных крыжоў. Накурыўшыся да шчымлiвай слодычы, Ератнiк хадзiў на паляванне.
Звычайна ён не iшоў далёка, а зладзейнiчаў непадалёку могiлак. Праўда, пасля кожнага зладзейства ўпаляваць ахвяру было ўсё цяжэй. Дзяцей бацькi не выпускалi, жанчын сустракалi сваякi, дзяўчат хлопцы праводзiлi да самых дзвярэй i самi як хутчэй вярталiся дамоў i зачынялiся на ўсе засаўкi. Па радыё i тэлевiзii перадавалiся папярэджаннi, а ў газетах Ератнiка чамусьцi апiсвалi як нейкага там маньяка з вельмi моцнымi псiхiчнымi адхiленнямi.
Колькi разоў мiлiцыянты разам з аддзелам па барацьбе з тэрарызмам Камiтэта Дзяржаўнай Бяспекi ладзiлi аблавы на Кальварыйскiх могiлках, толькi схарон не знайшлi. Праўда, Ератнiк малiў Бога, каб i надалей аператыўнiкi шукалi яго ўночы, калi няма кашлю, бо загiнуць ад рукi чалавека ў пагонах Ератнiку, як i кожнаму сапраўднаму пацыфiсту, вельмi не хацелася. Тым больш, Ератнiк добра ведаў: цела ягонае пасля самагубства зрабiлася б вельмi плюгкiм ды ненадзейным, i ўсялякi, нават найдрабнейшы парэз цi парыў могуць прывесцi да поўнага распаўзання i рассыпання. I пры ўсiм гэтым у целе, у костках, у цяглiцах было дастаткова дужасцi, каб наляцець на ахвяру, ашчаперыць ёй горла i задавiць. Пагатоў палова людзей памiрала не ад удушша, а ад пераляку.
На эфект нечаканасцi Ератнiк разлiчваў i той раз, калi, схаваўшыся ў цёмную шчылiну памiж газетным кiёскам i тэлефонным аўтаматам, назiраў за тралейбусным прыпынкам. З усiх пасажыраў, а iх Ератнiк пераглядзеў у познi халодны вечар шмат, на здзек была абраная маладзенькая студэнтка унiверсiтэта, якая бестурботна вярталася з лекцый. Ератнiк прайшоў за ёй метраў трыста ад прыпынку i на цёмнай пустцы за крамаю "Лакi i фарбы" наляцеў, не раўнуючы, як той драпежны каршун на цнатлiвую галубку. Ератнiк схапiў яе за горла, так што нi ўдыхнуць нi выдыхнуць. Дзяўчына пачала кiдацца, курчыцца, выломлiвацца... Маладое цела змагалася за жыццё, як магло, як умела. Але сiлы былi няроўныя. Вочы ў пакутнiцы вырачылiся. Язык выпаў з разяўленага рота, рукi абвiслi вяроўкамi. Каленi сагнулiся. Цела пасунулася да зямлi. Узрадаваны даволi лёгкай перамогаю, Ератнiк прысеў на яшчэ цёплае дзявочае цела, каб i самому крышку перавесцi дух. Адпачыўшы, ён, як заўзяты майстра ў катаваннях, павыварочваў дзявочыя суглобы ў локцях i каленях. Пальцы рук ён патрушчыў абцасамi, а твар разбiў каменем на крывавую кашу. Напрацаваўшыся, Ератнiк лёг побач з пакалечаным целам i, зрабiўшы сцiзорыкам невялiкую дзiрку ў артэрыi на шыi, уставiў туды кактэйлевую саломiну i пачаў ссаць густую цёплую кроў.
Вось за гэтым амаральным заняткам яго i заспеў iншы Ератнiк, жыхар закiнутага вiнзавода. Ён цiшком падпоўз да кальварыйскага Ератнiка i ўдарыў таго каменем па галаве. Ён гахнуў тым самым каменем, пад якiм прыгожы дзявочы твар ператварыўся ў жудасны вiнегрэт.
Читать дальше