— Маўчы! Гэта не чалавек! Гэта не чалавек! Ён забіў твайго Стася.
Аксана на міг змоўкла, потым закрычала:
— Стася няма? — асэнсаваўшы самае страшнае для яе паведамленне, сама сабе ціха адказала: — Стася няма. Стасічак, родненькі... Я адчувала... я адчувала... пазаўчора. Я задрамала, і мне ўдарыла ў сэрца. Як балела маё сэрца! — яна роспачліва заплакала.
— Паплач, дачка, паплач.
Аляксей Іванавіч падняўся на калені, лёгка тузануў лейцы, не сцёбнуў больш коней. Сказаў ім ласкава, як дзецям:
— Но, родненькія, но! Вось так, Золатаў, вось так. А як ты хацеў? Усіх караць?
Услухаўся ў вячэрнюю цішыню. Аўтаматныя стрэлы не прагучалі. Значыцца, задняя фурманка ў сяло не ўехала: разлікі яго апраўдаліся.
— Паплач, Аксанка, паплач. Я свае слёзы выплакаў. Но, родненькія, но. Не падвядзіце!
На аўтобуснай станцыі раённага цэнтра было бязлюдна — паўза паміж прыбыццём і адыходам сталічных аўтобусаў. Нават касірша пакінула душнае памяшканне і ў скверыку вязала кофтачку. Там жа на лаўцы спаў пасажыр, што забыўся, у які бок яму ехаць. І там жа, у скверы і на плошчы каля станцыі, хадзіла пажылая жанчына, гады яе выдавалі сівыя валасы, а постаць стройная, абцягнутая элегантнай сукенкай, цяжкаватай, не па пагодзе. Стаяў май, у скверыку расцвіла чаромха, але дзень быў па-летняму спякотны, хоць сонца ўжо і схілілася на вечар, вісела над затуманенымі дымкай квецені садамі.
Па вуліцы паўз сквер зрэдку праходзілі грузавікі, узнімалі пыл. Касірша сказала жанчыне:
— Ідзіце дадому, Аксана Паўлаўна. Што вам пыл каўтаць? У мяне — служба. Да наступнага рэйса — без малога гадзіна. Прыедзе ваш Ігар Арцёмавіч.
— Прыедзе, канешне. Але я пачакаю. Так мне спакайней. І я люблю глядзець, як людзі прыязджаюць. У Мінску, калі вучылася, я часта хадзіла на вакзал. Інстытут побач. Сяброўкі смяяліся: каго ты чакаеш? Нікога я не чакала. Ігар тут працаваў. Божа! Як даўно гэта было!
Прайшлі дзве маладзіцы. Ветліва павіталіся:
— Дзень добры, Аксана Паўлаўна.
— Добры дзень.
Адышоўшы, жанчыны гаварылі паміж сабой.
— Доктарка мужа сустракае. Кожны раз — як з далёкай паездкі. А ён — яе. Як маладажоны.
— Але, старамодная пара. У наш час такія рэдкасць. Вунь мой, зараза, сустрэне хіба? Чакай — пасівееш. Вочы чарнілам залье — роднай жонкі не бачыць.
— Распусціліся мужыкі. Ды і бабы не лепшыя. Калі памруць такія, як наш дырэктар, хто дзяцей дабру-розуму навучыць?
Аксана Паўлаўна, праводзячы жанчын позіркам і адчуваючы, што яны гавораць пра яе, стоена ўздыхнула, сказала касіршы:
— Расце наш горад. Я многіх ужо не ведаю. У твар ведаю, а — хто гэта, дзе працуе...
— Дзіва што! Дванаццаць тысяч народу!
Доктар пасміхнулася. Маладая жанчына сказала пра дванаццаць тысяч так, як быццам гэта была бог знае якая лічба — мільён. А яна ледзьве не асуджала сябе. Пражыла тут трыццаць пяць гадоў, калі пачала працаваць урачом пасля інстытута, праз год-два ведала ўсіх, старых і малых, як у роднай вёсцы. Цяпер жа з многімі страчаецца як з незнаёмымі.
— Ды вы прысядзьце хоць. У бальніцы ж таксама на нагах.
— На нагах. Але там я не стамляюся. Я дома стамляюся.
— З унучкай?
— З унучкай? Не, Клава. Быць з унучкай радасць.
— Радасць-то радасць, але некаторыя вас асуджаюць: што вы малых ад бацькоў забіраеце, спачатку сынавых дваіх вырасцілі, цяпер даччына...
— Разумею, што гэта нядобра. Але жыць без Стаські не магу. Халодным потам абліваюся, калі падумаю, што ўвосень яе забяруць, у школу яна будзе хадзіць там, у ваенным гарадку, у бацькоў.
— Хто ваш зяць? Лётчык?
— Лётчык.
— На звышгукавым?
— Іншых цяпер няма.
— Нізавошта не пайшла б замуж за лётчыка. Калаціся перад кожным палётам.
— Да ўсяго, Клавачка, прывыкае чалавек.
— А вось жа вы... чаму вы так перажываеце? Хіба першы раз ваш Ігар Арцёмавіч едзе ў Мінск, калі загадчыкам райана быў, то штодня, можа, ездзіў.
— Цяпер ён хворы чалавек. У яго быў інфаркт.
— А вы не пускайце яго.
— Пра што ты кажаш, Клава! Не пусціць яго нельга. Для такіх людзей, як мой Ігар, бяздзейнасць — самае стрэсавае становішча.
Аксана Паўлаўна радавалася, што дзяўчына, якой пры яе камплекцыі варта было б не сядзець з вязаннем, а бегаць, памагае скараціць ёй час. Няпраўда, што яна любіць станцыі, вакзалы. Можа, некалі і любіла, калі самую цягнула кудысь паехаць — пабачыць свет. А цяпер нікуды ёй не хочацца. А чаканне блізкіх ператвараецца ў пакуты. Толькі цяпер яна зразумела жанчын, маці, якія пасля вайны выходзілі за сёлы свае і гадзінамі стаялі на дарогах, чакалі мужоў, сыноў.
Читать дальше