Абпякла думка: калі гэты дахадзяга, з якім ён, здавалася, меў поўнае паразуменне, патрабуе суда, то Ман, які баіцца яго і ненавідзіць,— абавязкова ўчыніць такі суд. Ды і праведнік камісар будзе за суд. А чым можа кончыцца такі суд — ілюзіі не было, ведаў ён суды, нізкія і высокія, і там не вельмі ўнікалі ў сутнасць, а тут, на вайне, пры партызанскай стыхіі, анархіі...
Уявіў, як паставяць перад строем. І ніхто цябе не ўратуе. Ні Іваноў, ні рацыя, ні радыст, ні Цанава, ні сам Берыя. І не пакараюць пасля нікога. Хто стане разбірацца! Вайна. Ды і што яму з таго пакарання? У храбрага маёра памлелі ногі.
— Навум...— паклікаў і не пачуў уласны голас.
А Брагінскі закрыў твар рукамі і... плакаў. Кашляў і плакаў.
Кроў на яго пальцах выклікала ў Золатава агіду, брыдкасць і разам з тым пачуццё сваёй выключнасці — што ён умее зрабіць і робіць тое, чаго не ўмеюць усе смяротныя, што поўзаюць па зямлі, чапляюцца за жыццё. І яшчэ адно пачуццё з'явілася — неабходнасць выканаць свой абавязак, частку яго ён ужо выканаў сёння. Не дзеля ўласнага выратавання. Для перамогі. Такое ён адчуваў на Магілёўскай шашы, дзе на цэлы ўзвод здраднікаў стала менш, і два дні назад, калі з радасцю расстраляў паліцэйскага. Хіба гэта не заслуга? Толькі такія, як ён, могуць ратаваць дзяржаву ад ворагаў. І ад маладушных... ад такіх вось... што разлагаюцца зажыва і атручваюць атмасферу.
Увагу Золатава прыцягнула кабура на сцяне. Яго, Брагінскага, пісталет. У нагах вісіць. Ва ўсіх іх так вісяць пісталеты. Падхопішся па трывозе — зброя перад вачамі, пад рукой.
На насочках ступіў у той бок, нячутна выцягнуў пісталет з кабуры. Брагінскі, пэўна, пачуў шчаўчок узвода і адняў рукі ад твару. Убачыў нацэленае на яго дула пісталета. Вочы яго напоўніліся жахам. Але крыкнуць ён не паспеў.
Залатаў пастаяў над ім у бяздумнай прастрацыі, бадай, спалоханы, што ў шчыліне на гімнасцёрцы, якую зрабіла куля, не з'яўляецца кроў. Але цела ўміг выцягнулася і апруцянела. Бяскроўны, ці што?
Спалохана азірнуўся на дзверы, паклаў пісталет на падлогу, туды ж скінуў яшчэ гарачую руку капітана.
Выскачыў з зямлянкі, закрычаў асіплым ад перажывання голасам:
— Таварышы, браткі! Брагінскі застрэліўся! Навум застрэліўся!
Першая прыбегла Матрона. Ускочыла ў зямлянку і тут жа падалася назад, перахрысцілася.
— Адмучыўся, нябога.
Падыходзілі партызаны гаспадарчага ўзвода, дзяды, якія бачылі нямала смерцяў. Матрона падышла да мёртвага, загаласіла, быццам асмялела пры сваіх.
— А вочкі мае ненаглядныя! Якія ж яны прыгожыя ў цябе былі! Што сліўкі ў ранішняй расе,— націснула пальцамі на павекі, каб закрыць вочы.— Мужчыны, пятачкоў ні ў кога няма?
— На, патроны палажы.
— Патроны — грэх.
Скрыжавала рукі нябожчыку на грудзях яго. А пісталет апасліва і агідліва засунула нагой пад тапчан.
Золатаў плакаў. Наўзрыд. Шчыра плакаў. Толькі ў пачатку сваёй работы ў органах ён перажываў вось гэтак, калі ўчыніў несправядлівасць — прысудзіў да смерці невіноўнага, раскайваўся і плакаў над падзеннем сваім. Пасля, акрамя страху і лёгкіх пакут сумлення, такія стрэсавыя эмоцыі не ўзнікалі. Душа яго зачарсцвела.
Партызаны спачувалі Золатаву: як любіў маёр раненага хворага капітана, які, нягледзячы на стан здароўя, да драбніц планаваў і распісваў нямала нечаканых адмысловых аперацый. Ман і партызаны бераглі яго светлую галаву і самога начальніка штаба на спланаваныя ім аперацыі не бралі, хіба перад нападзеннем на гарнізоны выязджаў ён на разведку і рэкагнасцыроўку. Ігар нярэдка выказваў захапленне сур'ёзным жартам:
«Будзеш ты, Навум, генералам».
Золатаў успамінаў гэта і многае іншае і... плакаў.
Ман і Ігар з конным узводам вярнуліся позна ўвечары. Дзядзюля пацвердзіў. Аксана казала пра мужа свайго Станіслава Шабовіча і папярэджвала, што ў выпадку правалу яе ў горад можа прыйсці або ён, Стась, або камандзір групы Піліп Станулін, толькі ім яна расказала дарогу.
Устрывожыўся Цімох Пятровіч, што сувязная яго раненая і ляжыць непадалёк у Задвор'і. Тут жа накіраваў у вёску разведчыкаў. Таму і затрымаліся, што чакалі іх звароту. Аксану не знайшлі.
— Трохі бянтэжыць прозвішча гаспадыні, якое назваў ваш госць. Не задворскае. Але калі яна тут, паўраёна перавярну, а Аксану знайду. На Дзядзюлю можна спадзявацца, не падвядзе; каго любіць — жыцця за таго не пашкадуе, а сувязную сваю, па ўсхваляванасці яго відаць, любіць, як дачку.
Шабовіч нешта цямніць. Трэба не спадзявацца на Золатава, пагаварыць самім, у душу яго заглянуць. Якія прыёмы ў асабіста — ён, Ман, ведае, на ўласнай скуры выпрабаваў.
Читать дальше