Шабовіч сачыў за Аксанай. Яна не ўпала, яна бегла. Схавалася ў елках. Тады ён пераключыў увагу на таго, хто страляў. Паліцэйскі! У знаёмым чорным шынялі, у фуражцы. Ідзе хутка, упэўнена. Кляцнуў затворам — даслаў новы патрон.
«Смелы, падлюга».
Шабовіч узяў яго на мушку. Але пісталет не вінтоўка, для пэўнасці трэба падпусціць бліжэй. Ды паліцай збочыў і прайшоў міма, уся ўвага яго была скіравана ў ельнік, на Аксану.
— Стой!
Паліцай ад нечаканасці ажно спатыкнуўся, але тут жа падхапіўся, крутнуў убок, яўна шукаючы таўсцейшае дрэва. Ды блізка такога дрэва не было. І ён, уціснуўшы галаву ў плечы, застыў на месцы. У яго яўна не хапала вопыту для абароны, ён прывык страляць у няўзброеных, таму так смела праследаваў тых, хто, палічыў, уцякае ад яго.
— Ты ў каго страляеш, падлюга! У жанчыну! Вінтоўку на зямлю! Рукі ўгору!
Паліцай рэзка павярнуўся на голас і, не ўбачыўшы ворага свайго, стрэліў наўгад. Магчыма, сцяміўшы, што такую смелую каманду мог даць толькі ўзброены чалавек і што часу перазарадзіць вінтоўку ў яго няма, ён, што заяц, скочыў убок, прыгнуўся і пабег.
Куля, відаць, пацэліла яму ў паясніцу, бо ён неяк дзіўна асеў назад і, ураніўшы вінтоўку, задрапаў зямлю рукамі, хацеў паўзці і не мог.
Распытаць у яго, раненага, дзе яны знаходзяцца. Калі на знаёмым Аксаніным маршруце, то прасцей будзе ісці. Але стала нядобра ад думкі, што, пагаварыўшы, паглядзеўшы раненаму ў твар, прыйдзецца расстрэльваць яго ва ўпор — іншага выйсця няма. Падняўшыся і трохі наблізіўшыся, Шабовіч стрэліў яму ў спіну. Паліцай сціх.
Хацеў паглядзець яго дакументы: можа, там сказана, з якой ён вёскі, з якой управы. Але ўбачыў Аксану. Яна ішла з ельніку, ішла неяк дзіўна — няўпэўнена, і твар яе быў бледны.
Кінуўся да яе.
— Што з табой?
— Ён раніў мяне.
— Аксана!
Сарваў з яе плячэй мяшок і ўбачыў, куды ранена: левае плячо светлага плашча заліта крывёю. Лёгка падняў яе і апусціўся з ёй на зямлю, паклаў ніцма на мох. Тады толькі ўспомніў, што ў яго няма нават нажа, каб разрэзаць адзенне. Плашча не разадраць, прыйшлося здымаць. А шарсцяны джэмпер і кофтачку разадраў. Рана — у плячо, яшчэ б на два-тры сантыметры вышэй і куля пайшла б у мякаць шыі, магла б прабіць артэрыю.
— Пінцэт брала?
— Не.
— Скальпель?
— Не. Толькі ёд, бінты і таблеткі. Хірургічнага — нічога. Не адгаварыцеся б хворай цёткай і выменьваннем. Хто выменьвае скальпель?
— Чорт! Як я, дурань, нажа не захапіў ад Чурсіка. Дзе ёд?
— У мяшку.
Падсунуў да сябе мяшок і ўбачыў, што ўратавала яго жонку: куля прайшла праз мяшок, праз напакаваныя рэчы і бінты, таму аслабла яе сіла.
— Глядзі, Аксана! Цябе ратаваў мяшок.
— Хто ён?
— Паліцай.
— Ты — насмерць яго?
— Не знаю. Смерць не канстатаваў.
— Навошта яму было страляць? Палічыў нас за партызан?
— У партызан адзін пабаяўся б страляць. Прывык, сволач, страляць па кожным, хто яму не падабаецца, каго можна адаслаць на той свет беспакарана. Гэтыя людзі страцілі чалавечы воблік. Не думай пра яго.
Стась прамыў рану ёдам. Пачуў пад пальцамі кулю — сядзела ў мышцы.
— Каб было чым, я дастаў бы яе.
— Шпілька... мая шпілька для валасоў.
Працёршы шпільку ёдам, пачаў аперацыю.
У Аксаны з вачэй сыпаліся слёзы, але кароткі стогн вырваўся толькі аднойчы. Яна, хірургічная сястра, давала яму, фельчару-тэрапеўту, парады. І ён выкалупнуў вострую кулю. Але, можа, не трэба было, бо пачалося моцнае кровацячэнне.
Аксана бадзёрылася, спрабавала нават жартаваць: чаму ў яго няўпэўненыя рукі? А яны сапраўды сталі як драўляныя і дрыжэлі. Доўга павазіўся, каб накласці тугую павязку, расходаваў многа дарагіх бінтоў, якія, разумеў, цяпер асабліва трэба эканоміць. Але як не хвалявацца, калі бачыў, што дарагі чалавек траціць сілы: зусім спалатнеў твар, пасінелі вусны, праваліліся ў небяспечную глыбіню яе вочы, яе любыя вочы, у якіх незвычайна адбіваўся ўвесь свет, усе пачуцці яе. Але ўпершыню ўбачыў у іх страх, і гэта спалохала больш, чым сама рана.
— Не кідай мяне, Стасік.
— Што ты, Аксана! Зараз пайду, знайду яго каня...
— Ты не зразумеў... я на той выпадак, калі... ім не кідай жывую. Але сам з-за мяне не памірай. Не памірай! Жыві! Табе трэба жыць!
Каня ён не знайшоў, на дарозе яго не было. Пэўна, паліцай ехаў дадому, і конь спакойна пабрыў па знаёмай дарозе, коні, як і людзі, спяшаюцца ў родную стайню. Ці спалохаўся стрэлаў, калі не прывучаны, і павалок воз у невядомы бок, можа, зачапіўся дзе ў лесе і стаіць ці вырваўся з аглобляў. Але шукаць часу няма. Трэба адыходзіць. Калі конь прывалачэцца дадому без гаспадара, яго тут жа кінуцца шукаць. І калі ў сяле гарнізон ці хаця б пост паліцэйскі...
Читать дальше