— Дагаварыцеся самі. Я вам не нянька.
— Ды не ўмею я дагаворвацца з бабамі.
— Раней ты добра ўмеў.
Васіль прыняў яе словы як жарт і характэрна, знаёма са студэнцтва, каротка рагатнуў.
— Раней умеў. Цяпер развучыўся. Даша развучыла.
«Гэта праўда — развучыла»,— падумала Ала Уладзіславаўна, і ўпершыню яе кальнула пачуццё, якога яна яшчэ не ведала,— рэўнасць да яго жонкі, якую іранічна называла «міласэрнай сястрой» і «прэснай пампушкай».
Сход ён склікаў. Праўда, не агульназаводскі мітынг, як пагражаў, а сход прадстаўнікоў прафсаюзных груп. Сход праходзіў цяжка. Але ўвогуле яго парадавала актыўнасць людзей — не маўчалі і не баяліся сказаць шчыра. Асабліва парадавала, што за адмену адпачынкаў дзеля хуткай устаноўкі лініі выступілі рабочыя асноўных цэхаў. Глуха маўчалі — ні вашым ні нашым — інжынерныя службы, людзі з заводаўпраўлення. Горача выступалі за рашэнне свайго заўкома — Зоіна рашэнне — усе падсобкі. Сапраўднай прычыны не называлі, і ён, дырэктар, не раскрываў яе, хоць добра ведаў: лабаранты, кладаўшчыкі, кантралёры, вахцёры баяліся, што прыйдзецца ім «адпачываць» у падшэфных калгасах, а іх два.
Давялося пайсці на кампраміс: адпачынкі перанесці толькі тым, хто непасрэдна заняты на дэмантажы старых станкоў і ўстаноўцы новай лініі. І, аднак, усё роўна з'явілася камісія рэспубліканскага прафсаюзнага камітэта. Прыйшлося апраўдвацца, а гэта прыніжала — не для сваёй жа выгады зрабіў. Злаваў на Зою. Магла б хоць папярэдзіць.
Спрабаваў дамовіцца з Баброўкам, які «вёў» сяло, каб менш пасылаць людзей у калгасы. Куды там! Цяжкае жніво — ішлі дажджы, палажылі багаты ўраджай.
Ліхач гэта разумеў, але выйсця не было: вырашыў, што за ўборку ў калгасах удараць мякчэй, чым за катастрафічны зрыў заводскага плана. Але, як толькі абмежаваў колькасць людзей, пасланых у калгасы,— тут жа выклікалі на бюро. Здзівіўся ўзлаванасці, з якой выступаў добры і, здавалася, разумны Піліп Баброўка і Антон Сіротка, старшыня райвыканкома, які ўсяго паўгода займаў гэтую пасаду, вырас з агранома саўгаса. Ды і галоўны ідэолаг «раздзімала мяхі» кавальскія, паддавала жару, як толькі вуголле астывала. Праўда, спачатку агонь скіравалі на сакратара парткома завода Паўла Шур'яка. А той не вельмі ўмеў адбівацца — пацеў і вінавата ўздыхаў. Тады Ліхач кінуўся абараняць яго.
— Таварышы члены бюро! І гэта вы называеце самастойнасцю, пра якую столькі шумім?
— Пра чыю вы самастойнасць?
— Пра нашу. Завода. Саўгаса, якім нядаўна кіраваў Сіротка. Хутка ты перабудаваўся, Антон.
— Эх, як узвіліся! — Чамусьці асабліва абуралася Марыля Тапыга.
— Не, вы чулі? Чулі? Ён зараз пачне чытаць палітграмату! Хлеб яму не трэба! Мяса не трэба! Няхай іншыя дбаюць.
— Па-мойму, курс партыі на тое, каб кожны адказваў за свой участак. Ды ўся логіка гаспадарання...
— Ну, вось, не казала я вам! Давайце прачытайце лекцыю нам, мы не ведаем курса гісторыі партыі.
— Мне трэба прычэпы. Заўтра вы паставіце мяне на гэты дыванчык за план завода.
— І паставім!
— Цяпер зразумела, хто разводзіць анархію. Не Шур'як, а Ліхач.
— На тое ён і Ліхач.
— Думаю, што вымова астудзіць яго, як добры душ.
— І спусціць на зямлю. Узнёсся чалавек. Да нябёсаў...
Тут не да жартаў.
А Наліцкая маўчала. Дзіўна маўчала. Зусім не ўласціва ёй такое маўчанне ў час вядзення пасяджэння; звычайна яна перапыняла прамоўцаў рэплікамі, пытаннямі, падштурхоўвала на большую рашучасць ці спыняла таго, хто перабіраў меру.
«Шкадуе мяне»,— падумаў Ліхач. Але нічыё шкадаванне яму непатрэбна! Яно абразіла б. Тым больш яе — ведаюць жа, што яны аднакурснікі.
Аднак трэба абараняцца. А то сапраўды запішуць. А чыстае месца ва ўліковай картцы трэба берагчы — вельмі непажадана, каб па ёй шкрабала пяро інструктара з-за калгаса, наперадзе — справы больш сур'ёзныя.
— Таварышы дарагія! Ды хто-небудзь з вас быў на заводзе? Бачыў, якую мадэрнізацыю мы там разгарнулі? Зробім — дэлегацыі будзеце вадзіць. Во дзе перабудова не на словах — на справе.
Прыціхлі. Утаймаваліся. Гатовы былі, бадай, закругляцца. Але Ліхач дапусціў тактычную памылку. Даўно вядома: не лезь у чужую парафію. А ён палез.
— Скажу пра калгасы. Не пра ўсе. Пра «нашы». Вывучаў я там становішча. І скажу з усёй адказнасцю... Хапае там людзей, гэта не Віцебшчына. Гаспадароў там не хапае... Асабліва ў «Прамені». Слабы прамень... Не свеціць... Не грэе.
Выклікаў агонь на сябе.
— Вы чулі? Ён і там усё вывучыў. Ён адзін ведае становішча лепш за гарком, за райвыканком... І прамень у яго не свеціць. І ніхто яго не грэе.
Читать дальше