Ад талага снегу і дажджоў распухлі раўчукі, па-вясноваму разлілася рэчка. Туды ехалі — праехалі па грэблі, па мосце. Нікога не сустрэлі, ва ўсялякім разе ён, Золатаў, нікога не ўбачыў, калі не лічыць адзінокай постаці, жаночай, на краі далёкай, за добрую вярсту, вёскі. Але Ман сказаў тады:
— Назад гэтай дарогай не паедзем. Але дзе пераправіцца?
Доўга шукалі яе, пераправу. Ехалі ўздоўж рэчкі. Тут берагі яе былі крутыя, і вада не выйшла з іх. На полі коні грузлі па калені і знясілелі: дваццаць вёрст туды, палавіну дарогі назад.
Перапраўляцца пачалі там, дзе ад рэчкі падыходзіла палявая дарога, на тым баку яна вяла ў лес. Рэчка ў гэтым месцы разлілася і ўстрашала шырынёй. Але Ман ведаў, што там, дзе брод,— мелка і дно цвёрдае. Аднак мелка не было, коні адчувалі глыбіню і баяліся, прыйшлося гучна нокаць. Хлопцы ўзнялі ногі на холы коней, Золатаў чарпнуў халявамі ваду. Конь збочыў з дарогі, як знесла яго вадой, і ён з натугай выбіраўся на абрыў. І тут свіснула куля. Адна. Другая. Конь заржаў, споўз у раку. Золатаў вырваў ногі са страмёнаў і вываліўся ў рэчку. Хуткая плынь панесла яго грувасткае цела. Але, магчыма, гэта ратавала яго, бо зноў прагучалі недалёкія стрэлы, і рака праглынула забітага каня.
Плаваў Золатаў нядрэнна, ныраючы, праплыў паўсотню крокаў, схапіўся за паваленую альху, па ёй выбраўся на абрыў, прапоўз колькі крокаў, нюхаючы зямлю,— галаву ўзняць баяўся; куляючыся, скаціўся ў лагчыну, дзе таксама стаяла вада. Але ўгледзеў, што ад куль закрыўся. Абмацаў сябе. Фуражку знесла. Добра, што пісталет ацалеў, хоць кабура была расшпілена. Дзе ж яго баявыя таварышы? Пакінулі аднаго? Пакінулі, сволачы! Хто стане падстаўляць сябе пад кулі? Узаемавыручка ў баі — прыгожыя словы. Ніхто нікога не выручае, кожны думае пра сваю шкуру. Кроў ударыла ў галаву, сэрца распухла да таго, што, здавалася, разарве грудную клетку. Пацямнела ў вачах. Свінцова-шэрае асенняе неба стала жоўтым.
Дзе яны, ворагі? На тым ці на гэтым беразе? Колькі іх? Калі ўгледзелі яго, адным пісталетам не адбіцца. Што ж застаецца? Пусціць кулю сабе ў скроню? Ці ў сэрца? Дзе менш баліць? Ад якой раны хутчэй наступіць смерць? Заскуголіў ад страху, роспачы, безвыходнасці. Так недарэчна скончыць сваё жыццё! Якую радыёграму дасць у Цэнтр Ман? Падлюга Ман! Здраднік! Фашыст! Недарэмна ўзяў сабе нямецкае прозвішча. Безумоўна, пастараецца ачарніць яго, мёртвага. Як? Як прадставіць яго смерць? Ці стане хоць сумлення перадаць, што загінуў выпадкова — напароўся на засаду?
І раптам збоку фыркнуў конь. Золатаў ажно ўскрыкнуў ад нечаканасці і прыставіў пісталет да грудзей, загадаўшы сабе: «Жывым не здавацца!» Але — о, цуд! — да яго ехалі па лагчыне Ман і баец, адзін.
— Вось ён! — радасна ўсклікнуў хлопец.
Ман саскочыў з сядла.
— Сербануў вады? Ажно пасінеў, нябога. Ехаць можаш? Сядай на майго каня. Скачы па лагчыне. На ўзлессі пад дубамі цябе будзе чакаць Андрэй. А мы з Іванам затрымаем іх. Яны пакуль што на тым баку. На конях. Але па ўсім відаць, намераны перапраўляцца. Вынюхваюць, ці няма атрада ў засадзе, ці не былі мы прыманкай. Няхай кінуцца ў пагоню.
Ман памог Золатаву ўзлезці ў сядло. І тады ён сапраўды зноў адчуў сябе на кані. Страсянуў страх, набыў моц. Прыгнуўся да грывы, дзіка гікнуў каню ў вуха, ударыў абцасамі ў бакі і прымусіў яго з ходу памчаць ускач.
Праз хвіліну ззаду затрашчалі аўтаматы. Аўтаматамі ўзброены Ман і баец Іван Хіла, па іх стралялі з вінтовак. Калі выскачыў з лагчыны на ўзгорак, над галавой неяк аслабела дзынкнула куля. Але і яна спалохала. Якія там дубы? Дзе той Андрэй?
Конь вынес яго да арэшніку, за ім — асіннік, а далей — ельнік. Толькі там, каля ельніку, спешыўся, бо на кані праз гусцеж не прабрацца — выкалеш вочы. Але, ведучы каня ў повадзе, ён усё далей і далей углыбляўся ў лес. Страляніна на лузе сціхла. Але над галавой стракаталі сарокі і таксама палохалі: чаму так трывожна? І чаму ляцяць не ўперад, а назад? Ці не ідуць паліцэйскія па яго слядах?
Баяўся нават разуцца, каб выліць ваду з ботаў.
Лес за дзесятак кіламетраў ад лагера Золатаў не знаў, ды ў такую пагоду, без сонца, і мясцовы чалавек можа пайсці ў лесе не ў той бок. І ён доўга блукаў, выбіраўся на ўзлесак і, як толькі адкрывалася поле ды яшчэ з недалёкімі хатамі вёскі, тут жа спяшаўся ўглыбіцца назад у пушчу, хоць, разумеў, што і там можна наскочыць на ворагаў. Вунь як яно бывае: ехалі спакойна ў далечыні ад вёскі і — на табе. Адкуль чорт прынёс іх, паліцаяў? Падпільнаваць не маглі — назад ехалі зусім па іншай дарозе. Ман умее прадбачыць, але тут і ён спатыкнуўся. Чым там кончылася ў яго? Двое на добры дзесятак. Навошта трэба было ўлазіць у такі бой? Захацеў паказаць свой гераізм?
Читать дальше