Яшчэ да ананімак за яго камандзіроўку паступіла ажно ў абком ананімнае пісьмо за самачынную арганізацыю суботніка па навядзенні парадку, без аплаты гэтага паўдня вясёлай працы, калі сам дырэктар сцягваў цяжкі металалом, які зарос пад плотам травою. Яго радавала, як людзі рабілі. І раптам — абухом. Праўда, міма. Ён таксама не прастачок — дамогся сумеснага рашэння парткома і заўкома, згоды выбраных органаў не на словах, а на паперы.
Справаздачу па камандзіроўцы правяралі тры камісіі. Жах. І смех. Выедзенага яйка не варта. Прычапіцца не было за што. Але прычапіліся. Ашаламіла, што сур'ёзныя рэвізоры з сур'ёзнай фінансавай установы могуць сур'ёзна падазраваць у махінацыях з камандзіроўкай дырэктара завода. Што робіцца!
Меў ён глупства паставіць на камандзіровачным пасведчанні пячатку паштовай скрынкі, а білетаў туды не было: ляталі на ваенным самалёце.
Распаўнелая ад сядзячай працы жанчына ўчыніла допыт:
«Што гэта такое — ПЯ нумар...»
Нельга было тлумачыць чалавеку, далёкаму ад спецыфікі завода, што гэта такое, і Ліхач паспрабаваў жартаваць:
«Скрыначка. Вось такенькая. Але жалезная».
«Дзе яна?»
«Вісіць на дубе ля сіняга мора».
Жарт быццам падхапіла, але па-свойму:
«І вы ездзілі туды?»
«Лятаў».
«За чый кошт?»
«За свой».
«Па якой патрэбе?»
«Салаўя паслухаць».
Дурная баба так і запісала ў акт рэвізіі, з чаго пасмяяўся не толькі ён сам, але і бухгалтары завода.
Другая камісія прычапілася да квітанцый аплаты за маскоўскую гасцініцу: дарагі нумар.
«Але ж я атрымаў не больш таго, што належыць».
Усумніўся на гэты раз рэвізор-мужчына, даволі інтэлігентны з выгляду:
«А тры чвэрці плацілі са сваёй кішэні?»
Гэта абурыла.
З трэцяй камісіяй Ліхач адмовіўся размаўляць. Узлавана пазваніў Наліцкай. Ала Уладзіславаўна таксама абурылася. Ён паабяцаў не жартам:
«Пішы мне загадзя суровую вымову. Калі хто-небудзь яшчэ з'явіцца з такой праверкай, нават з міністэрства майго, узвалю на аўтакар і вывезу ў той роў, куды мы высыпаем смецце».
«Не блазнуй, Васіль».
«Ты мяне дрэнна ведаеш».
«Я цябе вельмі добра ведаю».
Так, яна яго ведала, бо думала пра яго і ўдзень і ўначы. Ён жа ўспамінаў яе толькі на рабоце, калі трэба была дапамога гаркома.
Званок дырэктара завода навёў першага сакратара на думку: прыняць пастанову, якая забараняла б камісіям любых інстанцый рабіць праверкі заводаў, устаноў без згоды гаркома.
У даверлівай размове з галоўным інжынерам Ліхач паскардзіўся на дзіўную атмасферу, якой ніколі не адчуваў на тым заводзе, што праз вуліцу.
Галубятнік не здзівіўся, яго ніколі нішто не здзіўляла.
«А ты думаў — ён пакіне цябе ў спакоі?»
«Хто?»
«Каго не выбралі».
«Цябе не выбралі, Міхаіл Юзафавіч».
«Я запасным іграком ішоў — для дэмакратыі».
«Шатохін?!»
«У яго на заводзе поўна сваякоў. Ён жа некалі рабіў тут галоўным энергетыкам. А чаму, думаеш, ірваўся сюды? Свае людзі вакол».
Вунь як! Вось табе і далікатны Мікалай Свірыдавіч! А ён, Ліхач, выходзіць, наіўны ідэаліст. Цікава, хто ж яны, сваякі цяперашняга намесніка старшыні гарвыканкома? Распытваць у Галубятніка палічыў няёмкім; увогуле адносіны яго да галоўнага інжынера — як у сына да бацькі: сын можа перарасці па адукацыі, па пасадзе, але бацька застаецца бацькам.
На падазронасць Ліхач ніколі не хварэў, і ценю яе не было, верыў людзям. Гэта нярэдка падводзіла. Падвяло і тут. Размову аб сваяках Шатохіна пачаў са сваёй сакратаркай, Рэгінай Адамаўнай. Жанчына падабалася яму акуратнасцю, камунікабельнасцю і дасведчанасцю ў заводскіх справах: у першыя тыдні яго работы яна амаль гэтак жа «адукоўвала» яго, як Галубятнік. І ён даверыўся ёй. Расказваў усё, нават тое, чаго, магчыма, і не варта было ёй ведаць. Расказваў пра свае сямейныя справы, больш пра дзяцей — Машу і Сашу. І не падумаў, што яна таксама сваячка Шатохіна, няхай і далёкая,— сястра яго свацці. Проста да слоў Галубятніка ён не думаў пра Шатохіна.
Балаціраваўся чалавек — не прайшоў. То і што? Застаўся на сваёй, не ніжэйшай, чым дырэктар, пасадзе. Прыдзірак якіх-небудзь з яго боку не было. Ды і за што? За ваду? За каналізацыю? Дык у гэтым плане ў завода больш прэтэнзій да гарадскога Савета. Праўда, ачыстныя збудаванні дапатопныя, але на заводзе ўсё дапатопнае. Ды і не зліваюць яны адпрацаванае масла ў раку — няма яе. А хіміі тут — толькі цэх афарбоўкі ды лабараторыя.
Дзіўна, чаму Галубятнік не папярэдзіў наконт Рэгіны? Няўжо і сам не знаў? Але пра гэта Ліхач не паспеў даведацца.
Читать дальше