Са спазненнем увайшоў учарашні госць — камісар пралетарскага палка новай арміі, латыш. Багуновіч не мог успомніць яго прозвішча, але з'яўленню яго ўзрадаваўся, хоць і здзівіўся. Якім чынам Сцяпанаў так хутка перадаў аб падзеі суседзям? І каго ён збірае? Суддзяў? Адвакатаў? Дзе ты, адвакат Валянцін Вікенцьевіч Багуновіч? Што б ты сказаў? Не было ў тваёй практыцы такога прэцэдэнта, не магло быць. Вайна і рэвалюцыя перакрэслілі ўсе нормы і законы, паляцелі да д'ябла і рымскае кананічнае права, і ўсе зводы законаў, усё, што напісана ў дзесятках тамоў, якія ззялі залатымі карашкамі на паліцах бацькавай бібліятэкі. Па якім жа праве, па якіх законах будуць судзіць яго? Трыбуналы распушчаны. Смяротная кара адменена. Што ж чакае яго?
Сцяпанаў натужліва кашляў, харкаў у брудную хусціну і не першы раз папрасіў:
— Не курыце, таварышы!
Ды просьбы яго мелі кароткае дзеянне: на колькі хвілін цыгаркі хавалі ў рукавы шынялёў ці кажухоў і курылі, як школьнікі старэйшых класаў, што яшчэ трохі тояцца ад настаўніка, але ўжо не баяцца яго. А Багуновіч і гэтага не рабіў, ён скручваў цыгарку за цыгаркай і курыў па-салдацку — цягнуў да таго часу, пакуль «бычок» не падсмальваў вусы, не абпякаў вусны і пальцы.
Адкрыўшы пасяджэнне, каротка паведаміўшы, з якой прычыны так паспешліва скліканы камітэт, Сцяпанаў, чалавек немнагаслоўны, гэтак жа каротка выказаў свае адносіны да таго, што здарылася:
— Рэвалюцыя нікому не дала права тварыць самасуд.
Потым гаварыў Пастушэнка, доўга і вельмі ўсхвалявана. Аб становішчы ў палку. Аб клопатах маладога камандзіра ўмацаваць баяздольнасць. Аб хітрасці і каварстве ворага — якраз пра тое, пра што часта думаў Багуновіч. Слухаючы начальніка штаба, ён на нейкі момант забыўся, што судзяць яго, што Пастушэнка выступае адвакатам, як бацька, і турбаваўся за адно — за хворае сэрца палкоўніка: не трэба старому так хвалявацца.
Але той пачаў гаварыць пра Межаня, пра аблічча чалавека, які мог пайсці на такое — прадаць гарматы немцам, і голас яго загучаў гнеўна:
— Як назваць такога чалавека? Як? Тарас Бульба застрэліў за такое роднага сына.
Багуновіч успомніў Назара Бульбу, той таксама даганяў роту, што знялася з пазіцый, але не стрэліў, стрэлілі ў яго, прабілі папаху — і зноў варухнуўся страх, словы Сцяпанава «рэвалюцыя нікому не дала права тварыць самасуд» здаліся прысудам. Няхай прысуд. Няхай хоць расстрэл. Шкада толькі... маці і Міры.
Пастушэнка дагаварыўся да прыступу грудной жабы. Яму зрабілася блага. Яго вывелі падыхаць чыстым паветрам.
На маладых салдат, што не ведалі, як баліць сэрца, такое перажыванне адзінага сведкі зрабіла больш моцнае ўражанне, чым яго словы. Сцяпанаў сярдзіта кінуў папрок камітэтчыкам:
— Дакурыліся, такую вашу!..
Толькі пасля гэтага патушылі цыгаркі.
— Ваша слова, Багуновіч.
Ён падняўся па-вайсковаму. Выразна бачыў вочы кожнага. Добрыя ў латыша. Чамусьці спалоханыя ў камандзіра трэцяга батальёна Берасценя. Бліскуча-выразныя, што яўна выражалі падтрымку,— у Рудкоўскага. Па-ранейшаму спадылба, быццам бы хаваючы свае вочы, глядзеў адзін Шатрун. Ад гэтага яго позірку зноў захаладала ўсяродку.
— Я лічу, што выканаў свой абавязак...— яму хацелася сказаць «перад народам», «перад рэвалюцыяй», але ў апошні міг ён спалохаўся гэтых гучных слоў і, памаўчаўшы, дадаў: — Камандзіра.
— Дрэнна ты засвоіў абавязак рэвалюцыйнага камандзіра,— буркнуў Сцяпанаў, але ўжо без злосці.— Больш вам няма чаго сказаць?
— Калі яшчэ хто прадасць зброю немцам...
Сцяпанаў перапыніў яго:
— Ладна. Сядайце. Ваша слова, таварышы.
Усталявалася цішыня, здаецца, людзі нават перасталі дыхаць.
Багуновіч пачуў удары ўласнага сэрца і спалохаўся, каб іх не пачулі іншыя: вельмі ж гулкімі яны былі, як удары молата, ажно зазвінела ў вушах, закалола ў скроні.
Першым азваўся Рудкоўскі:
— Любы з нас застрэліў бы такога сукінага сына.
— Ты за сябе гавары! — чамусьці зноў узлаваўся Сцяпанаў і закашляўся.
— Я за сябе і кажу.
— Анархісты,— папракнуў Сцяпанаў і лагодна звярнуўся да камандзіра трэцяга батальёна:— Тваё слова, Берасцень...
Берасцень, заўсёды павольны, не адразу падняўся. Можа, таму, што ў гэты міг вярнуўся Пастушэнка, стаў у адчыненых дзвярах, адтуль пацягнула холадам, і ўсе прагна ўдыхалі свежае паветра.
Берасцень шкроб патыліцу і разважаў:
— Канешне, на самасуд права няма... Але як бы зрабіў я? Каб з майго батальёна... Не знаю. Тут яшчэ ўзрост трэба ўлічыць... Мне сорак... у мяне дзеці...
Читать дальше